У 1979 годзе «Pink Floyd» выпусьцілі антытаталітарны альбом «The Wall». Сёньня іхны лідэр – пуцініст і антысэміт
Роджэр Уотэрз прайшоў дзіўны шлях ад адной з самых яскравых зорак сусьветнай музыкі да чалавека, якому прылятае з усіх частак сьвету праз яго прапуцінскія і поўныя нянавісьці да габрэяў заявы. Як легенда «Pink Floyd» да гэтага дакаціўся?
Сьцяна
23 лістапада выйшаў сінгл, а 30 лістапада 1979 году пабачыў сьвет альбом «The Wall». Гэта быў адзінаццаты студыйны альбом гурта і кульмінацыя расчараваньня Роджэра Уотэрза ў рок-індустрыі. Цэнтральнае мейсца ў «The Wall» займаў басіст і аўтар тэкстаў Роджэр Уотэрз, творчае бачаньне якога і сфармавала альбом. Адначасова кружэлка стала адказам на сацыяльна-палітычныя ўзрушэньні таго часу. «Сьцяна» была задуманая ў эпоху, калі зьнікаў ідэалізм 1960-х гадоў. Зьяўлялася змрочная рэальнасьць сьвету, падзеленага халоднай вайной. Асабістае стала палітычным для Ўотэрза, які змагаўся з уласнымі дэманамі.
Бацька Ўотэрза быў забіты падчас Другой сусьветнай вайны. Гэтая асабістая трагедыя, якая глыбока паўплывала на ягоны сьветапогляд і мастацкае бачаньне, безумоўна, прайшла праз усе этапы жыцьця музыкі.
На ўдзельнікаў гурта, асабліва на Ўотэрза, таксама паўплываў іх асабісты досьвед у музычнай індустрыі. Велізарная слава і ізаляцыя, якую яны адчулі падчас сваіх гастроляў, не маглі не пакінуць значнага адбітку на псыхіцы.
Сумна вядомы інцыдэнт з пляўкамі на канцэрце падчас тура «In the Flesh» у 1977 годзе стаў пераломным момантам, які прымусіў Уотэрза стварыць рэч, што адлюстроўвала ягонае пачуцьцё самоты. Сьцяна ў альбоме набывае некалькі сымбалічных сэнсаў. Яна паказвае эмацыйныя барыкады, якія людзі будуюць вакол сябе, спаўзаньне грамадзтва да таталітарызму і бар'еры, што ўводзяцца рэжымамі для падзелу і кантролю.
Лірыка Уотэрза была наўпроставай канфрантацыяй з гэтымі формамі ўлады, ён вельмі яскрава насыціў песьні палітычнымі каментарамі. У альбоме ідзе паглыбленьне ў псыхіку галоўнага лірычнага героя Пінк. Музыкам цікавыя тэмы псыхічных захворваньняў, ізаляцыі і страты індывідуальнасьці. Сьцяна адлюстроўвае наступствы вайны, разбурэньне адносінаў і ашаламляльны цяжар славы і чаканьняў.
Такія песьні, як «Another Brick in the Wall, Part 2» сталі гімнам для тых, хто паўстаў супраць рэпрэсіўнай адукацыйнай сістэмы, у той час як «Comfortably Numb» зьяўляецца змрочнай развагай аб адарванасьці і страце сябе.
Альбом «The Wall» уразіў сусьветную аўдыторыю і стаў адным з самых прадаваных альбомаў усіх часоў. Ягоны ўплыў не абмяжоўваўся камэрцыйным посьпехам. Музыка натхніла цэлае пакаленьне ставіць пад сумнеў палітычныя структуры. Наступны тур быў ашаламляльна пасьпяховым, а экранізацыя 1982 году паказала «Сьцяну» больш шырокай аўдыторыі і яшчэ больш узмацніла яе антыаўтарытарнае пасланьне.
Роджэр Уотэрз кінуў «Pink Floyd» у 1985 годзе, і ў наступным ягоныя адносіны зь іншымі ўдзельнікамі гурта былі вельмі скандальнымі. Варта ўзгадаць бясконцае змаганьне за аўтарскія правы выдадзеных гуртом песьняў, а таксама ігнараваньне Ўотэрзам і астатнімі ўдзельнікамі адно аднаго ў публічных згадках на афіцыйных сайтах. Некалькі разоў удзельнікі былі на адной сцэне і пасьля 1985 году, але ад музычных справаў пяройдзем да грамадзка-палітычных.
Уотэрз і габрэі
У 2006 годзе рок-музыка назваў «апартэідам» палітыку Ізраілю ў адносінах да палестынскіх арабаў. У 2013 годзе рабін Абрагам Купер абвінаваціў Уотэрза ў антысэмітызме за тое, што ён уключыў у свае канцэрты гіганцкі паветраны шар-сьвіньню з зоркай Давіда. Уотэрз адказаў на гэта, што зорка — адзін з некалькіх рэлігійных і палітычных сымбаляў у шоу, а ня спроба вылучыць юдаізм як злую сілу.
Але ў тым жа 2013 годзе Роджэр Уотэрз не стрымаўся зноў і параўнаў абыходжаньне Ізраілю з палестынцамі з нацысцкай Нямеччынай. Музыка сказаў: «Паралелі з тым, што адбывалася ў 1930-х гадох у Нямеччыне, вельмі відавочныя. Злучаныя Штаты падтрымліваюць Ізраіль, таму што габрэйскае лобі надзвычай моцнае тут і асабліва ў індустрыі, у якой я працую, у музычнай індустрыі».
У інтэрвію ў 2017 годзе Уотэрз зноў параўнаў публічную дыпляматыю Ізраілю з нацысцкай: «Справа ў прапагандзе — зноў жа, няцяжка вярнуцца да Гебельса ці 1930-х гадоў. Вы разумееце, што тактыка заключаецца ў тым, каб як мага часьцей казаць вялікую хлусьню, як мага часьцей зноў, і зноў, і зноў, і зноў. І людзі ў гэта вераць».
У 2015 годзе Уотэрз апублікаваў адкрыты ліст з крытыкай рок-гурта «Bon Jovi» за выступ у Тэль-Авіве. У 2017 годзе ён заклікаў «Radiohead» адмяніць канцэрт там жа і быў адным з падпісантаў адкрытага ліста з просьбай да Ніка Кейва адмяніць свой канцэрт у Ізраілі. Ні «Radiohead», ні Нік Кейв не адмянялі свае выступы.
Пазьней у тым жа годзе Уотэрз заявіў, што амэрыканскі габрэйскі бізнэсовец і донар Рэспубліканскай партыі Шэлдан Адэльсан быў «лялькаводам», які кантралюе амэрыканскую палітыку. Уотэрз сказаў, што Адэльсан лічыць, што «толькі габрэі цалкам зьяўляюцца людзьмі. Я не кажу, што габрэйскі народ у гэта верыць. Я кажу, што ён верыць і цягне за нітачкі».
Далей Уотэрз пайшоў у разнос і заявіў, што забойства чарнаскурага Джорджа Флойда паліцэйскім было зьдзейсьнена з дапамогай тэхнікі, распрацаванай Арміяй абароны Ізраілю. Уотэрз сказаў, што амэрыканцы вывучалі гэтую тэхніку, каб навучыцца, «як забіваць чарнаскурых, таму што яны ўбачылі, наколькі эфектыўна ізраільцяне забіваюць палестынцаў на акупаваных тэрыторыях з дапамогай гэтых метадаў. Ізраільцяне ганарацца гэтым».
У 2023 годзе канцэрты Ўотэрза ў нямецкім Франкфурце былі адмененыя ў сувязі з жудаснымі антысэміцкімі выказваньнямі некалі легенды рок-музыкі.
У лістападзе 2023 года Ўотэрз падзяліўся сваім бачаньнем пра ХАМАС і Ізраіль. Ён заявіў, што напад ХАМАС на Ізраіль у 2023 годзе мог быць аперацыяй пад ілжывым сьцягам і што дзеяньні ХАМАС былі апраўданыя як юрыдычна, так і маральна як супраціў ізраільскай акупацыі.
Уотэрз і Пуцін
За тыдзень да нападу Расеі на Ўкраіну Ўотэрз у інтэрвію расейскаму прапагандысцкаму каналу RT адхіліў ідэю расейскага ўварваньня як «глупства» і антырасейскую рыторыку. А ўжо пасьля ўварваньня ён раскрытыкаваў прэзідэнта ЗША Джо Байдэна за «распальваньне агню ва Ўкраіне» і назваў гэта сур'ёзным злачынствам.
Уотэрз адзначыў, што дзеяньні НАТА правакуюць Расею і Пуціна.
5 верасьня 2022 году пасьля выступу Алены Зяленскай, жонкі Ўладзімера Зяленскага, на BBC Уотэрз напісаў ёй адкрыты ліст. Ён абвінаваціў украінскіх «крайніх нацыяналістаў» у ініцыяваньні канфлікту і не згадаў пра ролю Расеі ва ўварваньні. Ён выступіў супраць паставак Захадам зброі ва Ўкраіну. Некалі рок-зорка папрасіў мужа Зяленскай дамагчыся спыненьня вайны пасля Менскіх пагадненьняў. Гэтыя камэнтары прывялі да адмены ягоных канцэртаў у Польшчы.
«Магчыма, ён вядзе сваю краіну на карысьць усяго народа Расеі», — сказаў нядаўна Ўотэрз пра Пуціна.
Зараз, верагодна, ягоных канцэртаў чакаюць толькі ў Цюмені, Тэгеране і Кабуле.