«Пасля конкурсу пра мяне забыліся». Як склаўся лёс прадстаўнікоў Беларусі на дзіцячым «Еўрабачанні»

Сёння Францыя прымае дзіцячае «Еўрабачанне 2023». У гэты ж дзень, толькі ў 2005 годзе, «о-а-о» беларускі Ксеніі Сітнік падхапіў увесь свет. Паглядзелі, як склалася жыццё маленькіх анёлаў, што прадстаўлялі нашую краіну на прэстыжным конкурсе, які цяпер для беларусаў закрыты. 

img_4107_1_logo.jpg

Нягледзячы на сціплыя вынікі беларусаў у дарослым конкурсе песні «Еўрабачанне», у дзіцячым сегменце нашая краіна заўжды выглядала выдатна. Гэты факт, і асабліва перамога Ксеніі Сітнік у 2005-м, прымусіў сотні, а можа і тысячы бацькоў з усёй Беларусі марыць, каб іх крывіначка, што мае хоць бы нейкія музычныя здольнасці, гэтак жа ззяла на ўсіх еўрапейскіх тэлеэкранах. На жаль, факт удзелу і нават перамогі ў конкурсе зусім не забяспечвае квіток у шчаслівую і бесклапотную будучыню.

Вольга Сацюк. «У дзяцінстве я пражыла такое жыццё, пра якое мару зараз»

Вольга Сацюк. Фота: асабістая старонка ў Інстаграм

Вольга Сацюк. Фота: асабістая старонка ў Інстаграм

У 2003 годзе Воля, якой тады было 9, стала першай прадстаўніцай Беларусі на Junior Eurovision Song Contest у Капенгагене. З яскравай беларускамоўнай песняй «Танцуй» дзяўчынка заняла пачэснае 4-е месца.

Крыніца: allkleuren [ youtube ]

Пасля ўдалага выступу Вольга Сацюк стала вядучай дзяцячых тэлепраграм «Сузор'е надзеяў» і «Вас выклікае Спартландзія».

«Вялікая сцэна, прамыя эфіры, праца з выбітнымі людзьмі, цудоўнае тэлевізійнае жыццё, якое як свята, што заўжды з табой, яшчэ і ў святле сафітаў. Сучаснай мовай – сарвала куш у мільён падпісчыкаў», — так узгадвае сваё дзяцінства ўжо дарослая Вольга ў адным з допісаў у Інстаграме.

У 2016 годзе Вольга скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «эстрадны вакал». Працавала вядучай «Нацыянальнага хіт-парада» на тэлеканале «Беларусь-3».

Вольга Сацюк выпусціла некалькі сінглаў у стылі «поп». Яркім эпізодам яе творчасці стала супраца з артыстам Дзмітрыем Нікановічам, з якім Вольга запісала беларускамоўны кавер на песню Эраса Рамазоцці «Pi Che Puoi» (пераклад Мікіты Найдзёнава). 

Крыніца: KP.BY [ youtube ]

У 2021 годзе Вольга стала вядучай трэцяга сезона трэвэл-шоу «Селаполетела». Гэты сезон паказвалі ў трох краінах: Беларусь, Казахстан, Кыргызстан. У рамках праекта Вольга наведала Украіну (да пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання, вядома), Іарданію, Кыргызстан, Кіпр, Турцыю, Сербію. Цікава, што апошні пост на афіцыйнай старонцы праекта «Селаполетела» ў Інстаграме прысвечаны падтрымцы Украіны ў змаганні з Расіяй.

Да 2022 года Вольга працавала спявачкай у сталічных барах і рэстарацыях. Чым сёння займаецца беларуская дзіва, дакладна невядома. У апошнія месяцы вольга публікуе прывабныя фотаздымкі з Францыі.

«У дзяцінстве я пражыла такое жыццё, пра якое мару зараз…», — прызнавалася Вольга Сацюк у сваіх сацсетках.

Ягор Ваўчок. «У нас занадта сур'ёзна ставяцца да дзіцячага «Еўрабачання»

Ягор Ваўчок. Фота: асабістая старонка ў Інстаграм 

Ягор Ваўчок. Фота: асабістая старонка ў Інстаграм 

У 2004 годзе на дзіцячым «Еўрабачанні» Беларусь таксама гучала па-беларуску – голасам 14-гадовага Ягора. Даволі эксперыментальная кампазіцыя «Спявайце са мною» з падтанцоўкай у стылі кабарэ прынесла нашай краіне толькі 14-е месца.

Крыніца: Junior Eurovision Song Contest [ youtube ]

«Пасля конкурсу абарваліся ўсе сувязі, пра мяне забыліся, перасталі клікаць нават на мерапрыемствы ў родным Мазыры», — прызнаваўся Ягор Ваўчок у інтэрв’ю праз 10 гадоў пасля свайго Еўрабачання.«Гэта было вельмі цяжка. Я ж з самага дзяцінства ў музыцы і хацеў працягваць. Перажываў, але маці скіравала маю энергію ў вучобу, я паступіў у БДУ. І калі сканчваў універсітэт (я  дыпламаваны менеджэр), зразумеў, што мяне па-ранейшаму цягне на сцэну».

У той жа размове Ягор казаў, што і сам удзел у конкурсе быў для яго драматычным.

«Проста ў нас занадта сур'ёзна ставяцца да дзіцячага «Еўрабачання». Калі мяне, хлапчука з Мазыра, адабралі для конкурсу, я быў на дзясятым небе ад шчасця. Але па прыездзе ў Нарвегію спалохаўся. Памятаю, на першай вечарыне кожны ўдзельнік павінен быў праспяваць кавалачак сваёй песні, я ад страху збег у прыбіральню і сядзеў там паўгадзіны, каб наогул не спяваць. Быў вельмі сарамлівым хлопчыкам. Больш ніякіх вечарын не наведваў. У Нарвегіі бачыў толькі нумар гатэля і залу, у якой выступаў».

Пазней дарослы Ягор усё ж працягнуў музычную кар’еру. Удзельнічаў у конкурсах «Академия талантов» і «Хочу к Меладзе».

У 2022 годзе Ягор Ваўчок ажаніўся. Фота з каханай ён суправадзіў словамі: «Спадзяюся, вар’яцтва гэтага свету будзе знішчана праз каханне».

Глядзіце таксама

Ксенія Сітнік. «Збіваць нявінных, зневажаць бяззбройных — хіба гэта любоў да радзімы і людзей?»

Ксенія Сітнік. Фота з асабістай старонкі ў Інстаграм 

Ксенія Сітнік. Фота з асабістай старонкі ў Інстаграм 

Трыумфальны выступ Ксеніі Сітнік у 2005-м на доўгія 10 гадоў закрыў дарогу беларускамоўным песням на дзіцячае «Еўрабачанне». А самой дзяўчынцы падараваў феерычную папулярнасць.

Крыніца: Национальный центр муз.искусства им. В.Мулявина [ youtube ]

У 2017 годзе Ксенія скончыла Англа-амерыканскі ўніверсітэт у Празе па спецыяльнасці «журналіст». На сваёй старонцы ў Інстаграм маладая жанчына публікуе надзвычай прывабныя фотаздымкі і разважлівыя, філасофскія тэксты.

У 2020 годзе Ксенія Сітнік рэзка і адназначна адрэагавала на гвалт сілавікоў пасля выбараў: 

«Тое, што адбываецца з намі, абсалютна немагчыма ўявіць нават у самым жахлівым і жудасным кашмары. Збіваць нявінных, зневажаць бяззбройных, здзекавацца з жанчын і рызыкаваць бяспекай дзяцей — хіба гэта любоў да радзімы і людзей? А як вам спіцца начамі? Ці чуеце сваё сапраўднае сумленне? Калі гэтая крывавая жорсткасць не спыніцца, мы назаўжды страцім сябе і адно аднаго.

І тут няма месца нейтральнасці і абыякавасці, бо як напісана ў прадмове легендарнай кнігі Хэмінгуэя: «Смерць кожнага чалавека прымяншае і мяне, бо я адзіны з усім чалавецтвам, а таму не пытайся ніколі, па кім звоніць звон: ён звоніць па табе».

Беларускія ўлады адказалі ўключэннем Ксеніі Сітнік у спіс забароненых артыстаў.

Улетку 2022 года Ксенія заспявала па-ўкраінску песню «Бумбокс» «Happy End».

«Міру, міру, міру ўсім нам!» — напісала Ксенія ў свой 27-мы дзень нараджэння.

Аляксей Жыгалковіч. «Я проста спяваў тое, што давалі»

Аляксей Жыгалковіч

Аляксей Жыгалковіч

У 2007-м Беларусь ізноў узяла першае месца на самым прыстыжным дзіцячым конкурсе Еўропы. Песню «С друзьями» заспяваў 13-гадовы хлопчык Аляксей Жыгалковіч.

Крыніца: Junior Eurovision Song Contest [ youtube ]

Цікава, што аўтарам песні-пераможцы стаў сумнавядомы Яўген Алейнік – той самы, што напісаў песню-оду Лукашэнку «Любимую не отдают» і сёння клянецца ў вернасці беларускай уладзе ўсімі дасяжнымі сродкамі.

Пасля перамогі музычная кар’ера Аляксея Жыгалковіча не склалася. Ён абраў сабе іншы занятак.

«Голас я не страціў — наадварот, пасля ўзроставай мутацыі дыяпазон пашырыўся, але гадоў у 13 - 14 захапіўся здымкамі», - распавядаў Аляксей «СБ. Беларусь сегодня». «Узяў камеру, на якую бацькі яшчэ маё дзяцінства здымалі, і зразумеў, што тут я сам сабе гаспадар, ствараю твор і цалкам нясу за яго адказнасць. Вось ён я, тут.

На сцэне — там не было мяне наогул: я проста выходзіў і спяваў тое, што давалі. Так, спяваць мне падабаецца да гэтага часу, але гэта не значыць, што мне падабаецца прафесія артыста».

Пазней Аляксей Жыгалковіч выступіў у якасці рэжысёра кліпаў Вольгі Сацюк, прадстаўніцы Беларусі на дарослым «Еўрабачанні 2019» Зіны Купрыяновіч і іншых артыстаў.

Юрый Дземідовіч. «За "Чароўнага трусіка" я ўжо сваё атрымаў»

Юрый Дземідовіч. Фота: афіцыйны сайт Марыінскага тэатру

Юрый Дземідовіч. Фота: афіцыйны сайт Марыінскага тэатру

У 2009 годзе 9-е месца на конкурсе, які прымаў Кіеў, заняў Юрый Дземідовіч з песняй «Чароўны трусік». Гэта быў самы эксцэнтрычны і харызматычны прадстаўнік нашай краіны!

Крыніца: улучшающее [ youtube ]

За лацінскія словы ў тэксе песню спрабавалі абвінаваціць у акультнасці. Беларусы прасілі Мінкульт, РПЦ і прадстаўнікоў беларускага касцёла пільна праверыць песню.

«Эціс, аціс, анімаціс — гэта проста гульня слоў, а не загавор на латыні», — тлумачыў хлопчык.

А ўжо ў 2010 годзе са сцэны Мінскага клуба «Графіці»  Юра Дземідовіч заявіў, што не будзе спяваць песню, якая зрабіла яго знакамітым. «За "Чароўнага трусіка" я ўжо сваё атрымаў», — сказаў тады хлопец.

З 2015 года Юрый вучыўся ў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Пятра Чайкоўскага.

У 2022 годзе Дземідовіч стаў уладальнікам спецыяльнага прыза Міжнароднага конкурсу піяністаў, кампазітараў і дырыжораў імя Сяргея Рахманінава. Дырыжыраваў Канцэртным сімфанічным аркестрам Маскоўскай кансерваторыі.

Лідзія Заблоцкая. З «анёлаў дабрыні» ў прапагандысты 

Лідзія Заблоцкая. Фота: «СБ Беларусь. Сегодня»

Лідзія Заблоцкая. Фота: «СБ Беларусь. Сегодня»

Як бачна, стаўшы дарослымі, прадстаўнікі нашай краіны на дзіцячым «Еўрабачанні» не надта імкнуцца запісвацца ў прыхільнікі беларускага кіраўніцтва. Чаго не скажаш пра Лідзію Заблоцкую. У 2011 годзе з песняй «Анёлы дабрыні» яна заняла высокае 3-е месца.

Крыніца: Junior Eurovision Song Contest [ youtube ]

Зараз Лідзія працуе на АТН – рупары дзяржаўнай прапаганды. У сваіх рэдкіх інтэрв’ю такім жа прапагандысцкім выданням Заблоцкая нястомна кляйміць артыстаў, якія пасля падзеяў 2020 года абралі сумленне, а не ўладу.

«У некаторых артыстах я расчараваная і нават гатовая паверыць у тое, што іх апрацавалі», — заяўляе Ліда.

«Кажу зараз аб NaviBand. Здавалася б, вось з'явіліся тыя людзі, якія здольныя ствараць сучасную музыку, прасоўваюць мову, я шчыра ў іх верыла, слухала, захаплялася. І раптам яны сталі спяваць «палітыку» і сёння прасоўваюць сваю творчасць  ці гэта ўжо бізнес?  тым, што размяшчаюць на сваіх польскіх афішах бел-чырвона-белы сцяг».

Магчыма, падобнымі выказваннямі Лідзіі Заблоцкай прасцей загойваць раны адсутнасці сваёй музычнай кар’еры і апраўдваць хлусню, якую ёй даводзіцца плясці ў тэлеэфіры.

Аляксандр Мінёнак. «Слава Украіне! Жыве Беларусь!»

Саша Мінёнак. Фота з асабістай старонкі ў Інстаграме

Саша Мінёнак. Фота з асабістай старонкі ў Інстаграме

У 2016 годзе Саша Мінёнак заняў 7-е месца на дзіцячым «Еўрабачанні» з песняй «Музыка моих побед».

Крыніца: Junior Eurovision Song Contest [ youtube ]

Але сапраўдную папулярнасць Аляксандру прынёс удзел ва ўкраінскім конкурсе «Голос. Діти». У суперфінале хлопец заняў 2-е месца.

«Пасля шоу з'явілася вельмі шмат прыхільнікаў. Цяпер у мяне каля 70 тыс. падпісчыкаў у Instagram, з іх 60% — украінцы, 30% — расейцы, якія даведаліся пра мяне пасля выступу на дзіцячай «Новай хвалі» і ўдзелу ў праектах Акадэміі Ігара Крутога, студэнтам якой я тады быў. І толькі 10% маіх падпісчыкаў — беларусы. У асноўным гэта тыя, хто сочыць за маёй творчасцю яшчэ з часоў «Еўрабачання», — казаў Саша ў інтэрв’ю.

Сёння Сашу Мінёнку 19 гадоў. Ён актыўна падтрымлівае Украіну ў змаганні з расійскай агрэсіяй.

«Украіна — гэта тое месца, дзе людзі паказваюць свой моцны дух, дораць свой пазітыў, дзе горы і мора. Гэта тое месца, дзе нараджаецца меладычная музыка, а разам з ёй душа, сапраўдная ўкраінская душа. Я часта задаваўся пытаннем, чаму супраць украінцаў заўсёды ішла вялікая агрэсія, з боку суседзяў. Што яны зрабілі не так? Каб заслужыць такое жудаснае стаўленне? Украінцы вельмі прыязныя і сустракаюць цеплынёй.

Украінцы, калі гавораць на сваёй роднай мове, то ня проста гавораць, вони співають солов’їно україньською мовою», — напісаў Саша ў інстаграме пасля пачатку поўнамашмабнай агрэсіі.

А яшчэ ён распавёў кароткую гісторыю сваіх адносінаў з Украінай, куды пераехаў з сям’ёй у 2017-м.

«Калі мы ехалі ва Украіну, нам распавялі такія жахі, маўляў, там нацысты, і калі ты размаўляеш на рускай, цябе заб'юць, пасадзяць і шмат што яшчэ... мы ехалі на свой страх і рызыку.

Калі мы прыехалі ў Кіеў, мы першыя гадзіны маўчалі, баяліся размаўляць. Але пазней, мы паехалі на Хрэшчацік, і бачым і чуем, як многія гавораць на рускай, усё спакойна, няма ніякіх нацыстаў. А самае цікавае, што гэта нам уціралі па тэлебачанні, на працягу доўгіх гадоў і людзі ў гэта вераць», — напісаў Саша.

«Мае сябры, знаёмыя блізкія не верылі, казалі – «мы самі сябе бамбім, нас прыйшлі ратаваць…». Многія так і не паверылі нам, і нашы зносіны спыніліся.

Мая Мама выязджала са слязамі на вачах, яна не хацела нікуды выязджаць, яна хацела застацца ў сваім любімым Кіеве.

Вельмі доўга на сувязь не выходзілі нашыя знаёмыя і сябры, цэлы месяц мы пражылі ў здагадках і надзеях. Дзякуй Богу, з імі зараз усё добра.

Тое, што зараз адбываецца ва Украіне – гэта страшна, балюча, брыдка, сапраўдны Генацыд, сапраўдная вайна! СЛАВА УКРАІНЕ! ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!», — заявіў прадстаўнік нашай краіны на дзіцячым «Еўрабачанні» ў 2016 годзе. 

Крыніца: instagram