Лукашэнкаўская Беларусь абрала новую «Міс». Якая будучыня чакае Элеанору Качалоўскую?
Сёння ў свеце адзначаюць міжнародны дзень прыгажосці. А ўчора ў Мінску маладыя прыгажуні змагаліся за ўвагу кіраўнікоў і службоўцаў рэжыму – відовішча, традыцыйна вартае жалю. Паглядзелі, як складваецца жыццё пераможцаў «Міс Беларусь», каб даведацца, ці яно таго вартае.

Элеанора Качалоўская
2023. Элеанора Качалоўская

У 23-гадовай Элеаноры Качалоўскай, якая толькі ўчора перамагла на нацыянальным конкурсе прыгажосці, усё яшчэ наперадзе.
Сваім тытулам яна абавязаная аўтарытэтнай кампаніі суддзяў – сакратару БРСМ Аляксандру Лук’янаву, аўтагоншчыку Сяргею Вязовічу, сумнавядомаму Дзмітрыю Баскаву, расійскаму спеваку Дзянісу Кляверу і іншым.
Глядзіце таксама

Паглядзець на новых кандыдатак у дэпутаткі прыехаў і Лукашэнка. Таксама на варце ідэалагічна правільнай прыгажосці ў залі Палаца спорту сядзелі Азаронак, Гайдукевіч, Качанава.
Новая «Міс Беларусь» не здолела адказаць на пытанне ў «інтэлектуальнай» частцы конкурсу. Чырвоны дыплом сталічнага ўніверсітэта культуры і праслуханы курс «тэатральнае мастацтва» не дапамаглі дзяўчыне ўспомніць імя Янкі Купалы – аўтара п’есы «Паўлінка». Але калі гэта было праблемай?
Да таго ж, іншым удзельніцам змагання дасталіся больш складаныя пытанні – напрыклад, кіраўніца прарэжымнага інфармагенцтва «БелТА» запыталася ў адной з дзяўчат, які салат гатаваў Лукашэнка падчас сустрэчы з Пятром Клімуком. Удзельніца не разгубілася.
Атрымаўшы карону, новая «Міс Беларусь» скрушна выбачалася перад гледачамі за адсутнасць адказу і паабяцала палепшыць свае веды ў галіне культуры. Вядома, спадарыня Качалоўская не забылася падзякаваць Лукашэнку за тое, што ён, як выказалася Элеанора, дае магчымасць простым дзяўчынкам патрапіць у казку.
Аднак да «прастаты» бэграўнду пераможцы таксама ўзнікаюць некаторыя пытанні. Качалоўская працуе менеджарам у «Нацыянальнай школе прыгажосці». Гэтая ўстанова прымае непасрэдны ўдзел у арганізацыі конкурсу. А дырэктарка «школы» Бажэна Ярэміч (начальніца Элеаноры) таксама ўвайшла ў склад суддзяў.
Так ці інакш, наперадзе ў беларускай прыгажуні шмат выпрабаванняў. Зычым ёй кіравацца правілам «беражы гонар і сумленне з маладосці» і нагадваем, што шлях для адступлення заўжды адкрыты.
2021. Дар’я Ганчарэвіч

Дар'я Ганчарэвіч
Паміж палітычнымі рэпрэсіямі, збіццём палітзняволеных і працы на дабрабыт мясцовай прапаганды ў 2021 годзе рэжым усё ж выкраіў рэсурсы, каб паглядзець на «маладую кроў».
Тытул атрымала тады 18-гадовая мінчанка Дар’я Ганчарэвіч.
Па нейкім «дзіўным» супадзенні Дар’я таксама мела пасаду ў «Нацыянальнай школе прыгажосці» — выкладала там дэфіле.
Дзяўчына не здолела прадставіць краіну на конкурсе «Міс Сусвет», які меў адбыцца ў Пуэрта-Рыка – на жаль, Дар’я тады захварэла на каронавірус.
Тады Ганчарэвіч пайшла супраць лініі партыі і заклікала сваіх падпісантаў у інстаграм «насіць маскі, па магчымасці выконваць сацыяльную дыстанцыю і вакцынавацца».
У жніўні 2023 тады яшчэ дзейная «Міс Беларусь» не пасаромелася зняцца ў кліпе праўладнага спевака Руслана Аляхно, які падтрымлівае ўварванне Расіі ва Украіну.
У якасці месца для адпачынку з каханым Дар’я абірае расійскі Санкт-Пецярбург. Улюбёнае свята дзяўчыны, мяркуючы па публікацыях у інстаграм – Дзень Перамогі.

Дар'я Ганчарэвіч з маладым чалавекам. Фота Instagram
«Чалавек павінен пры любых абставінах, у любым стане быць чалавекам! Для мяне гэта галоўнае правіла жыцця!» — піша Дар’я ў сацсетках. Годнае правіла, зычым яго прытрымлівацца.
2018. Марыя Васілевіч

Марыя Васілевіч. Фота Reuters
У 2018-м карону атрымала 20-гадовая студэнтка эканамічнага ўніверсітэта Марыя Васілевіч. І хаця звычайна імя пераможцы конкурса грамадскасць забывае максімум праз тыдзень, Васілевіч усе запомнілі надоўга.
Лукашэнка часта з’яўляўся ў яе кампаніі на публіцы. Напрыклад, прыгажуня суправаджала яго на Чэмпіянаце свету па футболе, які праходзіў у Расіі.
Ужо праз год пасля перамогі 21-гадовая Марыя стала дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, што падвысіла палітычную актыўнасць многіх беларусаў, якія ўспрынялі гэта як абразу. Нават вядомая фальсіфікатарка Ярмошына тады была супраць палітычнай кар’еры Васілевіч – казала, што такой маладой дзяўчыне «няма з чым ісці да народа».
Брытанскае выданне The Times пісала пра рамантычныя сувязі Васілевіч з Лукашэнкам. Дзяўчына ўсё адмаўляла.

Лукашэнка і Васілевіч
У 2020 годзе, калі ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту збівалі наўпрост на вуліцах, Васілевіч напісала ў сваіх сацсетках: «Тыя, хто праяўляе жорсткасць і гвалт да безабаронных, і тыя, хто правакуе беспарадкі. Спыніце агрэсію! Паглядзіце адно аднаму ў вочы!»
Аднак, мяркуючы па ўсім, адказныя асобы нагадалі Марыі правілы гульні – і ўжо ў лістападзе 2020 яна з гонарам распавядала праўладным выданням пра законапраект, які дазволіць пазбаўляць беларусаў грамадзянства за «тэрарыстычную і экстрэмісцкую дзейнасць альбо прычыненне цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі» (азначае, інтарэсам Лукашэнкі).
З апошніх навінаў пра Марыю Васілевіч вядома тое, што ў жніўні 2022 дзяўчына атрымала дыплом «Маскоўскага інстытута псіхааналізу».
2016. Паліна Барадачова (Нагачова)

Паліна Барадачова
7 гадоў таму карона «Міс Беларусь» упрыгожыла галаву 23-гадовай Паліны Барадачовай. Ужо тады яна была нявестай хакеіста «Дынама-Мінск» Яўгена Начагова, а ў 2018-м стала ягонай жонкай.
У лютым 2020 года Паліна падтрымала кранальным допісам у інстаграм пераможцу конкурса «Міс Беларусь 2008» Вольгу Хіжынкову, якую ўтрымлівалі за кратамі ў невыносных умовах па палітычных матывах.
«Не можа быць ніякага апраўдання гвалту і жорсткасці.
Людзей, падобных да Волі, я ведаю вельмі мала.
42 дні абмежавання волі далі чалавеку рэдкай прыгажосці, з вялізным сэрцам, добраму, шчыраму і сумленнаму.
Разам з ёй і сам становішся лепшым. Сябар спазнаецца ў бядзе, а сяброў у цябе вельмі шмат і ўсе мы з табой», — напісала Паліна Барадачова.
Дзве «Міс Беларусь» сустрэліся, калі Вольга вызвалілася з турмы ў Жодзіна.

Вольга Хіжынкова і Паліна Барадачова каля турмы ў Жодзіне
5 лістапада 2021 года Паліна нарадзіла дачушку.

Паліна Барадачова з сям'ёй. Фота: Instagram @nogachef
«Мір. Сёння гэта адзінае жаданне», — напісала прыгажуня ў сваіх сацсетках 22 лютага 2022, за два дні на поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
Мяркуючы па адкрытых крыніцах, сям’я жыве ў Ніцы і шмат падарожнічае.
2012. Юлія Скалковіч

Юлія Скалковіч
Удзельнічаць у конкурсе 11 гадоў таму Юлію Скалковіч з аграгарадка Клейнікі, што ў Берасцейскай вобласці, натхніў яе бойфрэнд (а сёння ўжо муж) Андрэй. Вышэйшую адукацыю Юлія атрымала на будаўнічым факультэце Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта (спецыяльнасць – архітэктура). Наколькі вядома, Юлія з мужам валодаюць дызайн-студыяй.
У 2021 годзе ў пары нарадзіўся сын.
Сям’я жыве ў Брэсце. Юлія дзеліцца ў сацсетках смачнымі рэцэптамі, раней гатавала торты на замову.

Юлія Скалковіч
Падзеі ў краіне і свеце беларуская прыгажуня публічна не каментуе.
— Для мяне заслугі Юліі Скалковіч і заслугі міс Беларусь 2012 — гэта зусім розныя рэчы, — прызнавалася дзяўчына ў інтэрв’ю ўжо праз год пасля перамогі. — Мне важна, каб ува мне бачылі архітэктара, няхай пачаткоўца, але архітэктара са сваім поглядам на прафесію, з выразна сфармаваным густам. Важна, каб мною ганарыліся бацькі, кахаў малады чалавек, з якім мяне звязваюць пачуцці і агульныя інтарэсы. А «Міс Беларусь» — гэта проста эпізод. Яркі, але кароткі.
2010. Людміла Якімовіч (Бернот)

Людміла Якімовіч
Пасля перамогі ў беларускім конкурсе 23-гадовая прыгажуня ўзяла тытул 1-й віцэ-міс на конкурсе «Міс Сусвет».

Людміла Якімовіч (Бернот)
Спадарыня Людміла амаль не распавядае пра асабістае жыццё. Вядома, што яна замужам, некаторы час жыла ў Латвіі, а сёння жыве ў Нью-Ёрку, дзе робіць поспехі ў мадэльным бізнесе.
2008. Вольга Хіжынкова

Вольга Хіжынкова
«Міс Беларусь-2008» нарадзілася на Віцебшчыне. Вольга скончыла журфак БДУ. Працавала на тэлебачанні, у прэс-службе АНТ, пазней займала пасаду прэс-сакратара ФК «Дынама-Брэст».
Каля 10 гадоў Вольга была афіцыйнай прадстаўніцай брэнду Conte, яе твар стаў пазнавальным для кожнага беларуса.
У 2020 годзе спадарыня Вольга Хіжынкова далучылася да мірных акцый пратэсту супраць фальсіфікацый і гвалту, за што рэжым жорстка адпомсціў ёй. Жанчына правяла за кратамі ў агульнай складанасці 42 дні, у нечалавечых умовах.
«8 лістапада 2020 – адно з самых істотных у жыцці «да» і «пасля». Усмешка ўжо наўрад ці будзе такой бесклапотнай, цяпер яна нясе ў сабе новыя сэнсы, а многае з таго, што робіш – насуперак», — напісала Вольга пасля вызвалення.

Вольга Хіжынкова. Фота з адкрытых крыніц
Яна займаецца марафонскім бегам, шмат часу і высілкаў прысвячае абароне жывёлаў.
Зычым цудоўнай беларусцы, каб наперадзе яе чакалі толькі светлыя часы.

Вольга Хіжынкова. Фота Таццяны Купко