У Гомелі прэзентавалі рэканструкцыю ламелярнага даспеха ваяра ХІІ-ХІІІ ст.
6 красавіка ў музеі гісторыі Гомеля адбылося адкрыццё выставы «Віцязь. Моцны арэшак сярэднявечча». Рэканструкцыю даспеха ўсходнеславянскага ратніка ХІІ-ХІІІ ст. здзейснілі ўдзельнікі гомельскіх рыцарскіх клубаў. Па сканчэнні дзеяння выставы даспех дапоўніць экспазіцыю музея, якая адлюстроўвае старажытную гісторыю Гомеля.
![ryzary12.jpg ryzary12.jpg](/img/v1/userfiles/images/ryzary12.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Даспех,
прадстаўлены на выставе стаў вынікам некалькіх месяцаў карпатлівай працы
аўтараў. Для іх стварэння былі выкарыстаны дадзеныя археалагічных раскопак у
Гомелі 1980-х гг. Прадстаўлены ўвазе гомельцаў ламелярны даспех складаўся з металічных пласцінаў і гэтым адрозніваўся ад заходнееўрапейскіх узораў узбраення і абароны для ваяроў.
Павел Анішчанка, рэканструктар:
— Для чалавека, які займаецца гістарычнай рэканструкцыяй гэта вельмі актуальна і вельмі значна ў плане таго, што не прымаючы ўдзелу ў саміх раскопках мы маем магчымасць аднавіць па іх знаходках нешта. Гэта важна для Гомеля, каб зразумець гісторыю тых часоў, гісторыю вырабу старога даспеха і наколькі актуальныя былі тэхналогіі вырабу, іх адрозненні ад іншых тэрыторый.
Гомель вылучаецца не толькі актыўнасцю рэканструктараў, але і наяўнасцю археалагічнага матэрыяла, што значна ўзбагаціў веды гісторыкаў аб узбраенні старажытных славян на нашых землях. У гістарычным цэнтры горада падчас раскопак 1986-87 гг., якія праводзіліся пад кіраўніцтвам А.А. Макушнікава, на тэрыторыі сярэднявечнага Гомеля была знойдзена збройная майстэрня. Адшуканыя ў ходзе навуковай працы артэфакты значна ўзбагацілі ўяўленне адмыслоўцаў аб збройнай справе ў Кіеўскай Русі.
Аляксандр Канода, навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Гомельскага палаца-паркавага ансамбля:
— Сама майстэрня дазволіла датаваць увесь археалагічны комплекс. Ён адносіцца да першай паловы XIII стагоддзя. Па летапісах Гомель быў спалены ў выніку мангола-татарскага нашэсця. І гэтыя майстэрні, як і ўвесь горад, мелі сумны лёс — яны згарэлі дашчэнту і па слоі попелу атрымалася ўсталяваць дакладны час існавання майстэрняў. У выніку вялікіх тэмператур пласціны спякліся паміж сабой і зараз прадстаўляюць сабой маналіт.
![ryzary9.jpg ryzary9.jpg](/img/v1/userfiles/images/ryzary9.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На месцы раскопак знаходзілі кальчужныя палотны ды перакрэсці мячоў. Па гэтай прычыне археолагі прыйшлі да высновы аб існаванні ў старажытным Гомелі адразу трох майстэрняў: адной па ліцці, другой па зборы даспехаў і адной чыста збройнай.
— Знаходкі археолагаў сведчаць аб тым, што Гомель у тыя часы быў досыць значным горадам і знаходзіўся на дублюючым адгалінаванні шляху з варагаў у грэкі, — адзначае Аляксандр Канода. — Тут была агромная колькасць рамёстваў, у тым ліку праца па метале і кастарэзнае майстэрства, выраб шкла. Горад развіваўся для тых часоў досыць дынамічна. Даследванні сведчаць пра тое, што ён быў буйным населеным месцам калі параўноўваць яго з еўрапейскімі гарадамі. Насельніцтва горада ў тыя часы складала недзе каля 5000 чалавек. Для тых часоў Гомель быў буйным горадам, бо самыя населеныя гарады Еўропы налічвалі каля 15 тысячаў жыхароў. Комплекс унікальны і тым, што такіх добра захаваных знаходак у археолагаў ёсць не так шмат. А падобныя выставы патрэбныя як наглядныя дапаможнікі, каб людзі маглі на свае вочы пабачыць, а калі дазволяць то і памацаць, а такім чынам ў літаральным сэнсе дакрануцца да гісторыі.
На выставе была прадстаўлена і калекцыя з 10 рыцараў-лялек, якія былі створаныя паводле збройнай моды канца XIV – пачатку XV стагоддзя. Яны “апранутыя” ў італьянскія і германскія даспехі, якія былі на той момант самымі папулярнымі сярод ваяроў.
— Ідэя ўзнікла ў нашага калегі Мікалая Разрэзава — ўладальніка гэтай выставы які сам і стварыў гэтыя фігуркі, — адзначае Павел. — У пэўны час у яго ўзнікла праблема з вырабам нейкага даспеха. У XV стагоддзі было шмат дробных нюансаў, якія мы не ведаем, бо ў нас у Беларусі мала літаратуры па еўрапейскім даспеху. Шмат кніг даводзіцца перакладаць самастойна з англійскай, нямецкай, італьянскай. І вось у Мікалая ўзнікла ідэя паспрабаваць вырабіць маленькую ляльку якога-небудзь цікавага яму даспеха і паглядзець якія праблемы будуць узнікаць. Бо на маленькую ляльку сыйдзе столькі ж матэрыялу і сілаў, але праблемы пры вырабе будуць усё тыя ж. Вось так і паўстала цэлая калекцыя.
![ryzary8.jpg ryzary8.jpg](/img/v1/userfiles/images/ryzary8.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Нягледзячы на маленькі фармат кожная фігура мае свой рэальны гістарычны прататып і з’яўляецца мастацкай інтэрпрэтацыяй старажытных даспехаў.
У планах рэканструктараў — сканчэнне даспеха славянскага ваяра, бо на дадзены момант прадстаўленыя толькі тры элементы: шлем, кальчуга і ламелярны даспех. Адмыслоўцы хочуць у бліжэйшы час дапоўніць яго гомельскімі паножамі, наручам ды перадаць музею поўны камплект узбраення.
Выстава будзе дзейнічаць у музеі гісторыі Гомеля да 30 красавіка 2016 г.