У Мінску абмяркуюць праблемы літаратурнага перакладу на беларускую мову
19 траўня ў Эвент-прасторы «210 метраў» адбудзецца Форум перакладчыкаў Беларусі, які аб'яднае спецыялістаў галіны, зацікаўленых у прафесіяналізацыі перакладчыцкай працы.
«Перакладчыкам Беларусі сёння патрэбныя пляцоўкі і мерапрыемствы, якія дазваляюць абменьвацца ведамі і вопытам, удасканальваць прафесійныя ўменні, выпрацоўваць агульныя стратэгіі вырашэння праблемных сітуацый. Наспела неабходнасць аб'яднаць перакладчыцкую супольнасць для распрацоўкі нацыянальных стандартаў прафесіі, якія забяспечаць належны ўзровень перакладчыцкіх паслуг», — пераканана арганізатарка форуму Юлія Цімашэнка.
Паводле ацэнак аргкамітэта, сустрэча збярэ 150 удзельнікаў. Гэта штатныя і пазаштатныя перакладчыкі, рэдактары, карэктары, гіды і выкладчыкі перакладчыцкіх дысцыплін у ВНУ. Мерапрыемства пройдзе ў форме выступленняў практыкуючых перакладчыкаў з наступнай дыскусіяй. Сярод заяўленых тэмаў — праблемы літаратурнага перакладу на беларускую мову, імідж прафесіі і прафесійная сітуацыя ў Беларусі, праца бюро перакладаў у Беларусі, асаблівасці спецыялізаванага медыцынскага і машыннага перакладу, пераклады на беларускую мову як адмысловы краінавы прадукт і складанасці сінхроннага перакладу.
«Асаблівасць гэтага мерапрыемства ў тым, што гэта, так бы мовіць, ініцыятыва выключна ад наша прафесійнай супольнасці. Мы арганізаваліся без усялякіх прафсаюзаў, арганізацый і разнарадак. За апошні час гэта трэцяе буйное мерапрыемства такога кшталту. Пачыналася ўсё на энтузіязме аднаго чалавека, фрылансера Юліі Цімашэнкі, а цяпер на форуме праз тыдзень мы маем спонсара (вытворцу перакладчыцкага «софта») і міні-кірмаш выдавецтва «Галіяфы». Карацей, яшчэ адна гісторыя, як магчыма мяняць нашае існаваньне да лепшага, калі не баяцца, а рабіць», — адзначае ўдзельніца форума, перакладчыца Іаанна Владыка.
У Першым Форуме перакладчыкаў Беларусі, які прайшоў у верасні 2017 года, прынялі ўдзел 90 спецыялістаў перакладчыцкай галіны. Сустрэча паклала пачатак серыі тэматычных мерапрыемстваў па розных напрамках перакладчыцкай дзейнасці і вывучэння моўнага пасярэдніцтва, з матэрыяламі якіх можна азнаёміцца ў групе на Facebook і на канале YouTube Translators & Interpreters of Belarus.
Нагадаем, ААН у 2017 годзе па ініцыятыве Рэспублікі Беларусь абвясціла 30 верасня Міжнародным днём перакладу. Менавіта ў гэты дзень перакладчыкі традыцыйна адзначаюць сваё прафесійнае свята. Гэтая ініцыятыва не выпадковая: Беларусь пазіцыянуе сябе як пляцоўка для міжнародных сустрэч і перамоваў і як адкрытая эканоміка, беларусы актыўна ідуць сусветным тэндэнцыям у палітычнай, культурнай і эканамічнай сферах. Таму шматлікіх беларускіх спецыялістаў галіны моўнага і міжкультурнага пасярэдніцтва пастаянна займаюць пытанні павышэння якасці перакладчыцкіх паслуг.