У Мінску адзначылі 115-годдзе Яна Скрыгана (фота)

У суботу, 28 лістапада, мінская бібліятэка імя Маякоўскага прымала гасцей, якія сабраліся на вечар, прысвечаны 115-годдзю з дня нараджэння пісьменніка Яна Скрыгана.

jan_skryhan_dzmitryj_dzmitryeu__34__logo.jpg

Вядомы беларускі пісьменнік, паэт, навеліст, нарысіст, публіцыст і крытык нарадзіўся 16 лістапада 1905 года на Капыльшчыне. Быў двойчы рэпрэсаваны, высланы ў Сібір.


Пасля рэабілітацыі ў 1954 годзе Ян Скрыган працаваў рэдактарам у Дзяржвыдавецтве БССР, літкансультантам Саюза пісьменнікаў, рэдактарам і намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя». Як добры знаўца мовы быў запрошаны галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя» Петрусём Броўкам на пасаду загадчыка літаратурна-кантрольнай рэдакцыі.
Вечарыну пачаў лідар гурта «Vuraj» Сяржук Доўгушаў, выканаўшы некалькі музычных замалёвак.

jan_skryhan_dzmitryj_dzmitryeu__31__logo.jpg


Вядучы імпрэзы, вядомы акцёр і рэжысёр Алег Вінярскі, першае слова аддаў дачцэ пісьменніка Галіне Іванаўне Скрыган. Яна прыгадвала жыццё падчас ссылак бацькі ва Узбекістане і Эстоніі, дэманстравала кніжкі, зробленыя асабіста бацькам (яна зусім нядаўна іх знайшла). Таксама Галіна Іванаўна прэзентавала кнігу фоталетапісу з хатняга архіва пісьменніка, якая выйшла сёлета ў выдавецтве «Кнігабор». У дыхтоўнае выданне ўвайшлі некалькі соцень фатаграфій з архіва Яна Скрыгана, а таксама пазнейшыя яго сямейныя фотаздымкі, многія з іх ніколі раней не публікаваліся.


Пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік падзяліўся сваімі ўражаннямі ад твораў Скрыгана. Ён распавёў пра сваё сяброўства з пісьменнікам і падарыў Галіне Скрыган сваю новую кнігу «Вочы зямлі», якая вышла з друку літаральна днямі.


Супрацоўніца Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Вольга Гулева распавяла пра экспазіцыю, прысвечаную Яну Скрыгану і яго сучаснікам, а таксама прачытала вытрымкі з розных яго твораў.

Вольга Гулева

Вольга Гулева

Вядучы Алег Вінярскі паміж выступамі таксама чытаў творы пісьменніка. Сярод іншага ён прачытаў урыўкі з яго дзённіка, прысвечаныя вядомым асобам, з якімі сустракаўся і працаваў Ян Скрыган.

Алег Вінярскі

Алег Вінярскі

Таццяна Лаўрык, якая працуе у Нацыянальный бібліятэцы, выказала словы вялікай падзякі Галіне Іванаўне за захаванне асабыстых рэчаў пісьменніка. Яна паказала віртуальную экспазіцыю, якая прысвечана Скрыгану і яго сучаснікам, і падарыла свежы нумар часопіса «Маладосць» з артыкулам аб 115-годдзі паэта.

Таццяна Лаўрык

Таццяна Лаўрык

Сябра сям'і Скрыгана Алеся Манько ўспамінала аб той ролі, якую адыграў пісьменнік у яе стаўленні як беларускі і як чалавека ўвогуле.

Алеся Манько

Алеся Манько

Таксама на вечарыне выступіла і дырэктар школы з аграгарадка Камень Галіна Васілевіч, якая распавяла пра школьны музей вядомага суайчынніка, прыгадала, як збіралася экспазіцыя, як настаўнікі разам з вучнямі сваімі рукамі рабілі макет хаты пісьменніка. Таксама яна выказала шчырыя словы падзякі дачцэ паэта за вельмі значны ўнесак у музей і паказала, як ён цяпер выглядае.

Галіна Васілевіч

Вечар, напоўнены настроем, які стварыў Сяржук Доўгушаў сваім фальклорным міні-канцэртам, прайшоў вельмі па-хатняму, утульна і шчыра.