У Менску гучаў голас Курапатаў

Пакуль ёсць неабыякавыя беларусы, будзе здымацца “Я — голас Курапатаў” Заявіла вечарам 2 красавіка ў Мінску на прэм’еры першай 73-хвіліннай часткі гэтага публіцыстычнага фільму ягоны рэжысёр Вольга Мікалайчык.



kurapaty_filjm_prem_jera_2.jpg

Вольга Мікалайчык распавяла пра гісторыю стварэння стужкі:

“Вечарам 29 снежня мінулага году пад час штомесячнага ўшанавання ў Курапатах ішоў мокры снег, падмарозіла і было неўтульна, у першую чаргу, ад таго, што нас сабралася мала і гэтае месца больш нікога не чакала. І падумалася, што я асабіста магу зрабіць для Курапатаў, каб да іх падштурхнуць грамадства? Разам з  Алесем Макаевым, Ганнай Шапуцька і Юляй Сцяпанавай мы шмат разважалі пра гэта. І прышлі да высновы, што Курапаты — храм усіх канфесій, бо ў апошні момант жыцця бязвінныя ахвяры розных веравызнанняў на сваіх мовах звярталіся да адзінага Бога. І ў гэтым намоленым месцы, дзе маўчаць нашыя забітыя продкі, неабыякавыя жывыя нашчадкі могуць стаць іх крыкам — зваротам да сучаснікаў. Так з’явілася ідэя народнай стужкі “Я — голас Курапатаў”. Яна будзе працягвацца да той пары, пакуль ёсць жадаючыя стаць голасам расстраляных, парэшткі якіх спачываюць у Курапатах. Героі гэтай стужкі, знятай талакою, — беларусы, каму баляць Курапаты, хто праз Курапаты ідзе да пакаяння”.

Вольга Мікалайчык выказала шчырую падзяку ўсім героям фільму і тым, хто дапамог  ягонаму стварэнню, у першую чаргу аператару стужкі Генадзю Зайцу.   

Сярод герояў фільму — людзі розных узростаў і прафесій. Гэта былыя вязні ГУЛАГу і іхнія сваякі, грамадскія актывісты — абаронцы Курапатаў, у тым ліку ўдзельнікі валанцёрскага духоўнага чыну беларускай моладзі, што доўжыўся ва ўрочышчы з 24 верасня 2001г. па 3 чэрвеня 2002 г., пенсіянеры і прадстаўнікі беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Некаторыя прыйшлі на здымкі цэлымі сем’ямі. У  відэазваротах людзі выказалі сваё ўсведамленне Курапатаў і заклікалі беларусаў прыйсці ва ўрочышча, каб захаваць памяць пра продкаў, разам бараніць волю і незалежнасць Бацькаўшчыны.   

У планах рэжысёра-дакументаліста — здымкі новых твораў для народнага інтэрнэт-телебачання: фільму “Беларускі спрут” наконт забудовы тэрыторыі вакол нацыянальнага некропалю, а таксама вялікай публіцыстычнай стужкі, прысвечанай Курапатам.   

Каардынатар грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты” Ганна Шапуцька назвала стужку своеасаблівай акцыяй салідарнасці грамадства ў абароне Курапатаў ад  чынавенства і прадпрымальнікаў, якія плануюць забудаваць тэрыторыю вакол нацыянальнага некропалю і знішчыць ягоную ахоўную зону. Яна заклікала ўсіх жадаючых прыняць удзел у далейшых здымках стужкі і яе распаўсюдзе праз інтэрнэт, каб “Я — голас Курапатаў” дайшоў да грамадзянаў і чынавенства.      

Намеснік старшыні аргкамітэту па стварэнню руху салідарнасці “Разам” Алесь Макаў падзякаваў аўтарам стужкі і нагадаў, што Курапаты сталі сімвалам апошняга этапу нацыянальнага адраджэння, беларускай незалежнасці і няўміручасці беларусаў. Ён выказаў надзею, што неабыякавыя беларусы здолеюць абараніць свой мемарыял ад наступу бяздушных чыноўнікаў і бізнесоўцаў.

Праваслаўны святар, айцец Леанід (Акаловіч) зазначыў, што ў стужцы прагучала пакутная гісторыя беларусаў на працягу XX стагоддзя, якая зноў абуджаецца на пачатку XXI стагоддзя ў сувязі з падзеямі вакол Украіны, калі расійскі імперыялізм пагражае сваім суседзям і вядзе шырокую кампанію прапаганды дзеля апраўдання сваёй агрэсіўнай палітыкі. Святар назваў фільм “братняй споведдзю людской, з любоўю звернутай да прадстаўнікоў розных народаў, веравызнанняў і моваў”, а таксама дабраславіў усіх тых, хто спрычыніўся да стварэння стужкі.