Удзельнік «Ліцвінаў» выступіць у «Жывым кутку»

22 лістапада ў Мемарыяльным музеі-майстэрні З.І. Азгура ў рамках праекта Леаніда Нарушэвіча «Жывы куток» адбудзецца канцэрт-сустрэча з вядомым беларускім музыкам-фалькларыстам Уладзімірам Бярберавым.

Уладзімір Бярбераў, фота nn.by

Уладзімір Бярбераў, фота nn.by

Традыцыйна ў беларусаў, як і ў большасці хрысціянскіх народаў, позняя восень, ад Пакрова да Шліпаўкі — пара вяселляў. На адным з вяселляў увосень 1987 года упершыню сустрэліся Наталля Матыліцкая і Уладзімір Бярбераў, які шукаў салістку для свайго музычнага праекта. Наталля Матыліцкая, родам са Случчыны, толькі пачынала спрабаваць сябе ў народных спевах, пераняўшы манеру ад вясковых бабуль і закахаўшыся ў гэтае мастацтва. Уладзімір Бярбераў тады толькі пачынаў самастойную працу па вывучэнні народных інструментаў і музычнага фальклёру, каб стварыць гурт, заснаваны на сапраўдных, музейных узорах народнага інструментарыю, адзення і выканальніцтва,«жывы працяг музею». Погляды абодвух на музычны фальклёр супалі, і праз год дуэт дэбютаваў на сцэне мінскага Дома літаратара.
У 1990 годзе да дуэта далучыліся Ксенія Дзягілева — скрыпачка з талентам да імправізацыі і Мікола Трус — тэнар, родам са Слонімшчыны. Тым жа летам гурт узяў назву «Ліцвіны» — у памяць пра «залаты век» нашай гісторыі — перыяд Вялікага Княства Літоўскага.
1991 год стаўся гістарычным для «Ліцвінаў». Напрадвесні да гурта далучыліся Алена Шэўчык (родам з-пад Лунінца) і Наталля Захаранка (родам з Васілевічаў, Гомельшчына) — спявачкі, для якіх народная песня была сваёй з дзяцінства. Увосень прыйшлі Марына Грыбок (родам з Валосаўкі, Наваградчына) і Людміла Януковіч (з Кабыльніка, недалёка ад возера Нарач). Усе, апроч Ксеніі Дзягілевай (студэнткі жывапісу) і Уладзіміра Бярберава былі студэнтамі філалагічнага факультэта БДУ. Шасцёра паходзілі з вёсак. Усе перанялі выканаўчую манеру або ад аўтэнтычных носбітаў, або атрымалі ў спадчыну ад сваіх бабуль. Кожны дадаў да ідэі гурта сваю яркую індывідуальнасць, адрозную ад астатніх, і традыцыі сваіх родных мясцін.
Першыя запісы да альбома былі зробленыя ў снежні 1991 года. Большасць матэрыялу была запісана ў сакавіку-красавіку 1992 года. У чэрвені альбом з'явіўся на аўдыёкасетах. Гэта быў першы аўдыёальбом, альтэрнатыўны «афіцыйнаму» фальклёру савецкага ўзору, «Ліцвіны» — другім беларускім гуртом такога стылю. А галоўнае — наспявалі гэта людзі, для якіх традыцыйнасць была не проста іміджам, а для каго — перакананнем, для каго — нават сутнасцю.
«Жывы куток» — цыкл канцэртаў, у якіх Леанід Нарушэвіч, патрыярх беларускай імправізацыйнай музыкі, ідэолаг і нязменны лідар гурта «Князь Мышкін» выступае ў незвычайным амплуа і жанры. Ён запрашае музыкантаў розных стыляў і напрамкаў і разам з імі разважае пра музыку і не толькі.
azgur.bу