Уладзіслаў Дрэма. Беларускі след літоўскага мастака
З пашанай і нават пяшчотай паказваў мне напрыканцы 1992 года стары беларускі віленчук, знаўца камянёў і вулак «горада-казкі», кнігу Уладзіслава Дрэмы «Зніклая Вільня», якая адразу ж стала выдавецкім рарытэтам. Унікальны фаліянт, энцыклапедычны даведнік, альбом і канцэптуальна-мастацкае даследаванне адначасова. (У. Дрэма. Аўтапартрэт. 1928 г.)
У. Дрэма. Аўтапартрэт. 1928 г.
З пашанай і нават пяшчотай паказваў мне напрыканцы 1992 года стары беларускі віленчук, знаўца камянёў і вулак «горада-казкі», кнігу Уладзіслава Дрэмы «Зніклая Вільня», якая адразу ж стала выдавецкім рарытэтам. Унікальны фаліянт, энцыклапедычны даведнік, альбом і канцэптуальна-мастацкае даследаванне адначасова.
(У. Дрэма. Аўтапартрэт. 1928 г.)
Уладзіслаў Дрэма (1910–1995) вядомы не толькі ў мастацка-інтэлектуальных колах Літвы і Беларусі. Ён выдатны творца і гісторык мастацтва, аўтар сотняў артыкулаў, дзесятка фундаментальных
манаграфіяў. Нарадзіўся ў Рызе, дзе здабывалі хлеб бацькі — беззямельныя сяляне.
Прагу да малявання адчуў яшчэ ў падвіленскай вёсачцы, куды ў 1914 годзе перабралася сям’я. У 1928 годзе Уладзіслаў закончыў у адзіную ў горадзе літоўскую гімназію, а ў 1931 годзе паступіў на
мастацкі факультэт Віленскага універсітэта, дзе быў ледзь не адзіным летувісам. Прыйшоў туды «не хлопчыкам», а нацыянальна спелай асобай, няблага прафесійна падрыхтаванай, чаму
паспрыяла навучэнне ў школе Кайрукшціса.
Малады Дрэма — мастак-эксперыментатар (шукаў сябе нават у кубізме), тонкі назіральнік і псіхолаг, меў сваю тэму. Тэму жыцця горада — Вільні, з якой быў паяднаны ад 1921 года. Тэму,
якая сталася для яго кропкай адліку і крытэрам мастацкіх вымярэнняў, маральных і грамадскіх дачыненняў. Сталася ўсім. У адрозненні ад сваіх беларускіх сяброў-мастакоў, якія ў адносна сталым узросце
«ўкараняліся» ў жыццё буйнога поліса, ён з маленства належаў гораду.
Дух горада
Вільня не абмяжоўвалася бернардынскімі мурамі, дзе месціўся факультэт, помнікамі культавай архітэктуры ўсіх канфесій і стыляў, цьмянымі, небрукаванымі вулкамі і пахілымі дамкамі на Папоўскай і Снегу,
дзе любілі здымаць жытло студэнты. У Вільні быў шыкоўны «Ерык» (былы Георгіеўскі, у гады маладосці Дрэмы — праспект Міцкевіча, пазней
Пілсудскага-Сталіна-Гітлера-Сталіна-Леніна, цяпер Гедыміна). Заліты золатам ліхтароў, падсвечаны гіпнатычным святлом кавярняў і рэстарацый, вітрынамі разнастайных крамаў і крамак, праспект Міцкевіча
быў улюблёным месцам шпацыру студэнтаў, афіцэраў, дам, кавалераў і гарластых гандляроў газетамі. Пачынаўся ён ад пляца з катэдрай, густоўна ілюмінаванай «мастацкім дыктатарам»
Вільні — Рушчыцам. На правы бок ад яе — адроджаны універсітэт. Прэзентабельны прафесарскі корпус, бібліятэка, з-пад столі якой за зменай пакаленняў назіраюць філосафы розных часоў і
народаў. Узлёт званіцы касцёла Св. Яна.
У. Дрэма. Старая. 1932 г.
Леваруч ад катэдры, на рагу праспекта, кавярня Рудніцкіх, месца сустрэч віленскіх інтэлектуалаў. У сярэдзіне 1930-х, на тым жа баку, бліжэй да рэчкі, месцілася ўнікальная для тагачаснай Польшчы
ўстанова — Інстытут доследаў Усходняй Еўропы.
У Інстытуце доследаў Усходняй Еўропы «выкладалі тое, што зараз называюць саветалогіяй, вывучалі праблемы савецкага рэжыму, а таксама гісторыю і мовы: літоўскую, латышскую, эстонскую,
беларускую», як сведчыў інтэлектуал-віленчук, паэт і філосаф, нобілетант Чэслаў Мілаш. «Знешнімі формамі — у выглядзе палітычных партый, студэнцкіх карпарацыяў,
нацыянальных саюзаў, акцыяў пратэсту і неадэкватнымі рэакцыямі ўладаў — жыццё не заканчвалася. Прагу духоўнага быцця, апрача традыцыйна-звыклых і рэлігійных формаў, імкнуліся наталіць
«закрытыя», альбо таемныя ўтварэнні («Акадэмічны клуб валацугаў», «Валацугаў-Старэйшын», «Дбайны Ліцвін» і інш.).
Гуманістычна-асветніцкія традыцыі міцкевічавай Вільні не знікалі», — адзначае Мілаш.
Гараджанін
Малады мастак ад студэнцкіх часоў жыў паўнавартасным жыццём гараджаніна. Паказваў свае творы не толькі на выставах факультэта, але і шырэй. У прыватнасці, на выставах твораў В. Кайрукшціса і яго
вучняў (Коўна, 1931 і 1938 год), «Восеньскіх салонах», «Групы Віленскай» у 1937, 1939 гадах, адным з заснавальнікаў якой ён быў.
Маючы ад прыроды характар няўрымсліва-жартаўлівы, не быў ён абдзелены і грамадзянскімі пачуццямі. Прыхільны да левых ідэяў, быў сябрам Звязку незалежнай моладзі сацыялістычнай. Рабіў карыкатуры на
палітычных апанентаў, што выклікала дадатковую сімпатыю ў рэвалюцыянера і паэта Максіма Танка, які быў у прыяцельскіх стасунках з мастаком. «23.01.1938 г. …збіраюся наведаць Ул.
Дрэму, паглядзець яго новыя гравюры, пранізаныя глыбокай любоўю да людзей працы, да сваёй зямлі (яны — С. Г.) выдзяляюцца з усяго таго, што мне даводзілася бачыць на розных выстаўках не
толькі ў Вільні... Сам ён з’яўляецца жывым звяном нашай дружбы», — зазначаў Танк.
Але не палітычная дзейнасць была дамінуючай у пошуках мастака. Фарбы і кветкі роднага краю, песні ды паданні «літоўска-беларускага памежжа» паранілі сэрца прагай творчасці яшчэ ў
дзяцінстве. Шчырае імкненне ўсвядоміць месца чалавека ў сусвеце, асэнсаваць радавод свайго народа, убачыць будучыню праз культуру прыводзяць яго на пасяджэнні ў Вежу Конрада, дзе ён знаёміцца з
Мілашам, супрацоўнічае з шэрагам літоўскіх і польскіх літаратурна-культурніцкіх часопісаў.
Літоўска-беларускі арнамент
Даследчык Ян Катлоўскі ў каталозе да выставы мастака, якую ён зладзіў у Торуні ў 1999 годзе, прыводзіць досыць поўную (але не вычарпальную) бібліяграфію навуковых і папулярных работ Дрэмы. Яна
ўражвае. І аб’ёмам і дыяпазонам. Ад першабытнага мастацтва (гісторыя і тэорыя) да крытычных артыкулаў і мастацтвазнаўчых партрэтаў сучаснікаў.
Але найбольш Дрэму цікавілі праблемы тэорыі мастацтва, яго вытокаў. Адна з першых яго прац, надрукаваная ў часопісе «Жагары» за 1935 год, была прысвечана літоўскаму мастацтву. Ужо ў
1938 годзе ў эксклюзіўным беларускім нумары часопіса «Пювіс» ён публікуе артыкул, прысвечаны беларускаму мастацтву. Следам за ім, у 1939 годзе, у львоўскіх
«Сігналах» — артыкул «Беларускае народнае мастацтва». Гэтыя ды іншыя матэрыялы далі падставы Танку сцвярджаць, што Уладзіслаў Дрэма «не толькі
лепшы знаўца літоўскага народнага мастацтва, але — і нашага, беларускага». Найбольшы ж розгалас мела публікацыя Дрэмы ў 1939 годзе ў папулярным заходнебеларускім штоквартальніку
«Калоссе», які рэдагаваў Я. Шутовіч.
Зыходным пунктам разваг у гэтым артыкуле была ідэя, што «беларускае народнае мастацтва ёсць дзіўна блізкім не да народнага мастацтва суседніх славянскіх народаў, але да народнага мастацтва
літоўскага народа. Народнае мастацтва беларусаў і літоўцаў вырасла на адной аснове мастацтва перыяду неаліту і затрымала характар дэкарацыйны». Даследчык спыняецца на старасвецкай аздобе
матэрыялаў, «першародных» для беларусаў — кераміцы, тканіне, вырабах з дрэва.
Сваяцтва «беларускага і літоўскага народнага мастацтва тлумачыцца хіба супольнай праз даўжэйшы час дзяржаўнасцю, стратай беларускім і літоўскім народамі ўласнай шляхты, а таксама супольным
гістарычным лёсам гэтых народаў як сялянскіх». Агульным, лічыць ён, з’яўляецца і непарыўнасць народнага мастацтва абодвух этнасаў з навакольнай прыродай, з
«зямлёй-карміцелькай», з сялянскім космасам, увасабленнем, «працягам і дапаўненнем прыроды» якога ёсць творчасць.
Заўважаючы этнічную розніцу ў мысленні, адчуваннях і тэмпераменце народаў, Дрэма акцэнтуе ўвагу чытача на агульным, першароднымі элеменце, якім з’яўляецца тып арнаменту ў мастацтве літоўцаў
і беларусаў. Арнаменту «чыста тэхнічнага, г. зн. абумоўленага своеасаблівасцямі матэрыялу і прыладдзя да абраблення. Яго арнаментыка з лінейнымі і геаметрычнымі матывамі выражае непасрэдныя
і рэчавыя адносіны да матэрыялу, тэхнікі і мастацтва. Мастацтва гэтых народаў ухіляецца ад лішняе пустое гутаркі, літаратурнасці і ўсякіх выдуманых прадметных ілюзіяў і прыродна-раслінных матываў.
Фантазія гэтых народаў ёсць такая багатая, што патрабуе, не стараючыся зусім пазычыць у прыродзе, знайсці незлічоную колькасць матываў і камбінацыяў».
Ілюстрацыі да паэмы “Рагнеда
У 1928 годзе ў Мінску Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт) выдаў том «Нарысаў з гісторыі беларускага мастацтва», створаны заснавальнікам беларускай мастацтвазнаўчай навукі
дацэнтам БДУ Мікалаем Шчакаціхіным. Навуковец робіць назіранні і высновы, сугучныя тым, да якіх пазней прыйшоў Дрэма.
Дрэма мог ведаць працу Шчакаціхіна. Аднак дакладна вядома таксама і тое, што мастацтвазнаўца быў знаёмы з работамі нямецкіх даследчыкаў — П. Вебера (аўтара манаграфіі
«Вільня») і А. Іппеля. Доктара Альберта Іппеля, афіцэра штаба 10-й Арміі (пры якім Ф. Рушчыц выдаў у 1916 годзе некалькі нумароў газеты), што ўвёў ва ўжытак паняцце
«беларуская мастацкая школа». Доказна-факталагічную базу даследчыка Дрэма выкарыстоўваў дзеля засведчання ў беларускім народным мастацтве антычных (грэцкіх) формаў і матываў.
Высновы калі і не сведчаць пра поўную канцэптуальную завершанасць і бясспрэчнасць меркаванняў аўтара, то ясна вызначаюць кірунак яго думкі.
Гэтыя думкі і меркаванні былі сугучныя настроям і зразумелыя пэўнаму колу віленскіх інтэлектуальных элітаў таго часу. Артыкул, надрукаваны ў «Калоссях», варты не толькі пільнай
увагі гісторыкаў мастацтва, але і ўвядзення яго ў больш шырокі грамадскі ўжытак.
Яго «Рагнеда»
Ад верасня 1939 года цікаўнасць Дрэмы да Беларусі хаваецца ў ценю значных падзей у Еўропе, калейдаскапічна-драматычнай змены ўладаў у Вільні. З захопам саветамі Літвы, Беларускі музей стаў
падпарадкоўвацца Інстытуту Летуаністыкі, а дырэктарам яго прызначаецца былы супрацоўнік Інстытута доследаў Усходняй Еўропы Мар’ян Пецюкевіч. Неўзабаве на працу туды прыходзяць даўнія
прыяцелі і калегі — П. Сергіевіч і У. Дрэма.
Гэтая старонка жыцця і дзейнасці мастака, спадзяемся, будзе напісана, бо нават шаноўны паэт Т. Венцлаў у кнізе «Імёны Вільні», у біяграме, прысвечанай Дрэму, упусціў факт яго працы
ў беларускім музеі.
Скрутныя часіны фашыстоўскай навалы сталіся сур’ёзным выпрабаваннем братэрства і шчырасці адносінаў да беларусаў з боку літоўскай грамады. Да гонару мастака, ён не паддаўся нямецкай
прапагандзе, адпрэчыў довады нацыянал-радыкалаў, не марыў ён і пра хуткі прыход вызваліцеляў. Калі ж беларускія сябры прапанавалі яму зрабіць мастацкае аздабленне паэмы «Рагнеда»
Лявона Случаніна (Л. Шпакоўскага), Дрэма згадзіўся.
Кніжачка (11х14 см), надрукаваная ў Вільні вясной 1944 года, атрымалася годнай. Прэзентабельнасцю сваёй яна была абавязана мастаку. На вокладцы ў цэнтры кампазіцыі — постаць крывіцкай
княгіні Рагнеды з мячом і шчытом, з якога ва ўсе бакі свету праменіць Сонца. Апрача таго, яшчэ шэсць ілюстрацый у тэксце. Выкананы яны вельмі прыгожым пявуча-пластычным, лёгкім контурным малюнкам у
рэалістычна-фігуратыўнай манеры, з дакладнай мерай стылізацыі, ашчадным скарыстаннем святлаценю, з тактоўным ужываннем дэкарацыйных раслінных матываў, выяўленых сродкамі
«лінейна-рыскавымі». Уладзіслаў Дрэма спалучыў у адзінае паўночную традыцыю з паўднёва-візантыйскай.
Усе ілюстрацыі, за выключэннем першай, якая хутчэй уяўляе застаўку-пралог у форме мініяцюрнай графічнай кампазіцыі, маюць самакаштоўны характар. Літаральна адпавядаючы паэтычнаму радку, яны адначасна
па змесце сюжэта ахопліваюць поўны раздзел, а то і аб’ядноўваюць некалькіх раздзелаў запар: «Князь на белым кані, у злататканым сядле…» (раздзел 5);
«Разгаралася сонцам дзявочая кроў, калі моладзь вяла карагоды… Мітусілася вогнішча бурным агнём, асвятляючы Бога Ярылу… А дзяўчаты на рэчцы пускалі
вянкі…» (раздзелы 10, 11, 12); «Рагвалод князь ехаў разам з сынамі…» (раздзел 17); «Белай зданню стаіць… Кліча з ворагам лютым
змагацца. Падымайся, народ! Клічуць сурмы цябе, на вялікае клічуць змаганне» (раздзел 20); «Уладзімір стомлены і славай і вайной» (раздзел 34).
Цікавыя і пяшчотна выкананыя элементы архітэктурнага краявіду ў ілюстрацыях. Аўтарскія думкі падкрэсліваюцца супрацьстаўленнем чорнага і белага колераў.
Уладзіслаў Дрэма прапанаваў эстэтычнае, даступнае і разгорнутае прачытанне мастацкага твору, да якога быў падрыхтаваны сваімі папярэднімі пошукамі. Гэта быў ягоны асабісты ўнёсак у мацаванне
беларускага духу. Зрабіў ён гэты крок па-чалавечы шчыра, прыгожа і прафесійна. Паэма была адзначана рэцэнзентам Г. Альгердзічам (Александровічам) у «Беларускай Газеце» за 31 мая
1944 года не толькі за яе мастацка-паэтычную вартасць ды надзённасць, але і за каштоўнасць, эстэтычнасць самога выдання.
Музей
Увесну 1944 года, калі бомбы вызваліцеляў сыпаліся на горад, Дрэма, рызыкуючы жыццём, ратаваў калекцыю Віленскага беларускага музея. Ратаваў экспанаты і тады, калі яны месціліся ў будынку Мастацкага
інстытуту на вул. Св. Ганны, куды яны былі перамешчаны з Базыльянскіх муроў, занятых пад шпіталь, і тады, калі яны перахоўваліся ад «эвакуацыі» ў Германію ў касцёле Св. Міхаіла.
Крокам сумлення быў яго выступ у абарону цэльнасці калекцыі, калі лёс яе вырашаўся пад гнётам уладаў.
Дырэктар музея Янка Шутовіч, каб абмеркаваць пытанне пераезду музея ў Мінск, склікаў супольную нараду супрацоўнікаў і беларусаў-вiленчукоў на 21 лістапада. Але ў прызначаны дзень ва ўстанове не
з’явіўся. Нарада не адбылася. 20 лістапада Шутовіч быў арыштаваны органамі НКУС і асуджаны на 15 гадоў лагераў. Музей застаўся ў Вільні і быў расфармаваны, а непадзельная
гісторыка-культурная спадчына была раскідана паміж музеямі Літоўскай ССР і Беларускай ССР.
Так была перагорнутая гэтая беларуская старонка літоўскага мастака, галоўнага захавальніка калекцыі Беларускага музея, Уладзіслава Дрэмы.