Ушанавалі памяць Міхала Валовіча

Штогод летам слонімцы ўшаноўваюць памяць аднаго з кіраўнікоў паўстання 1930–1831 гадоў супраць Расійскай імперыі Міхала Валовіча і яго паплечнікаў.



dc9fa5f217a1e57b8a6adeb065560b38.JPG

Штогод летам слонімцы ўшаноўваюць памяць аднаго з кіраўнікоў паўстання 1930–1831 гадоў супраць Расійскай імперыі Міхала Валовіча і яго паплечнікаў.
Справа ў тым, што пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Беларусь была цалкам акупавана расійскімі войскамі. На працягу няпоўных ста гадоў беларусы тройчы ўздымалі меч барацьбы супраць нацыянальнага ворага — Масквы. Адным з самых магутных было паўстанне 1830–1831 гадоў. Чынным яго ўдзельнікам быў мой зямляк са Слонімшчыны Міхал Валовіч.
Ён нарадзіўся 18 чэрвеня 1806 года ў маёнтку Парэчча Слонімскага павета. Лістападаўскае паўстанне 1830 года застала Міхала ў бацькоўскім доме. У той час, калі расійскія войскі былі выгнаны з Польшчы, выступленне паўстанцаў у Беларусі ўжо распачыналася. Тут існаваў Цэнтральны камітэт па кіраўніцтву паўстаннем на Беларусі ў тагачаснай сталіцы — Вільні. Камітэт меў сувязь з варшаўскімі паўстанцамі і з кожным паветам.
Паўстанцкі камітэт Слонімскага павета вылучыў сваім прадстаўніком Міхала Валовіча і накіраваў яго за дырэктывамі ў Вільню. У хуткім часе Валовіч удзельнічае ў Грахоўскай бітве, за што атрымлівае сваю першую вайсковую ўзнагароду. Новы Народны ўрад Польшчы вырашае дапамагчы паўстаўшай Беларусі. Валовіч і Пржцлаўскі павінны былі сустрэць груз са зброяй у Паланзе.
Пакуль яны дабраліся да Палангі, порт ужо быў захоплены рускімі. Палангу было вырашана ўзяць штурмам, сумесна з партызанскім атрадам Яцэвіча. Штурм пачаўся 13 мая 1831 года. Спачатку поспех быў на баку паўстанцаў, аднак да рускага гарнізону неўзабаве падаспела дапамога.
Потым быў штурм Вільні, аднак авалодаць горадам не ўдалося. Валовіч у гэты час прымаў удзел у баях пад Шаўлямі, Душвентамі, Повендэнямі і Новым Местам. За заслугі ў справе паўстання Валовіч і Пржцлаўскі былі ўзнагароджаны Цэнтральным урадам Польшчы залатымі кавалерскімі крыжамі. А на Бацькаўшчыне, у адпаведнасці з загадам расійскага цара, іх чакаў расстрэл.
Некаторы час Валовіч вымушаны быў знаходзіцца на чужыне. У Парыжы ён з паплечнікамі рыхтаваўся да новага паўстання. У пачатку сакавіка 1833 года група патрыётаў рушыла на Бацькаўшчыну. Дабраліся не ўсе. Але найбольш здатныя перайшлі мяжу і прыступілі да падрыхтоўкі паўстання. Валовіч хутка сфармаваў партызанскі атрад. З мэтай здабыцця сродкаў на закупку зброі паўстанцы здзейснілі няўдалы напад на паштовую карэту з казённымі грашыма.
Тым часам у Валовіча з’явілася магчымасць павялічыць свой атрад, бо 10 мая ў лес уцяклі 28 палонных паўстанцаў, якія раззброілі свой канвой. Каб не дапусціць аб’яднання паўстанцаў, на іх пошукі было кінута звыш 10 тысяч салдат, паліцыянтаў і прыгонных сялян. Міхал Валовіч быў схоплены. На допытах трымаўся годна, праявіў выключную мужнасць, нічога не расказаў катам пра паўстанцкую арганізацыю.
21 ліпеня (2 жніўня па новаму стылю) Міхал Валовіч быў павешаны ў Гродне. Пазней яго маці выкупіла мёртвае цела сына і прывезла ў Парэчча. Міхала Валовіча пахавалі на мясцовых могілках каля ўніяцкай царквы. Яму паставілі помнік, які стаяў да таго часу, пакуль на Слонімшчыну не прыйшлі бальшавікі, якія ўсё знішчылі.
Вось і сёлета 1 ліпеня ў вёсцы Парэчча, дзе нарадзіўся Міхал Валовіч і дзе ўстаноўлены мемарыяльны знак паўстанцам, сабралася каля 50 чалавек са Слонімшчыны і Дзятлаўшчыны.
Мерапрыемства адкрыў кіраўнік слонімскай суполкі БХД Іван Бедка. Пасля выступалі іншыя сябры іншых палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў Іван Шэга, Барыс Кучынскі, Мікалай Ракевіч, Мікалай Барысік. У сваіх прамовах выступоўцы прыгадвалі паўстанцаў 1830–1831 гадоў, казалі пра сённяшнюю палітычную сітуацыю ў краіне, асабліва хвалявала выступоўцаў мэтанакіраванае знішчэнне беларускасці, роднай мовы, палітычныя арышты, а таксама слонімцы казалі і пра парламенцкія выбары, якія заклікалі ігнараваць і байкатаваць.
12 гадоў таму слонімскія грамадскія актывісты ўстанавілі на могілках у Парэччы мемарыяльны знак у гонар Міхала Валовіча і яго паплечнікаў, дзе штогод і адбываецца ўшанаванне герояў.
Пасля ўрачыстай часткі ўшанавання Міхала Валовіча і паўстанцаў 1830–1831 гадоў пачаўся шахматны турнір, які правёў майстар спорту па шахматах Уладзімір Ліцьвін. Дарэчы, усе ўдзельнікі турніру былі апранутыя ў майкі беларускага Радыё «Рацыя».
Увесь час за ўдзельнікамі мерапрыемства сачыў белы «жыгулёнак» з нумарамі 5536 ІА-4. З яго людзі ў штацкім здымалі на камеру ўсё мерапрыемства і яго ўдзельнікаў. Людзі не выходзілі з машыны, але адсочвалі ўсіх ад пачатку да канца. Тым не менш, мерапрыемства адбылося і ніхто не быў арыштаваны.