Валанцёры ладзяць «генеральную ўборку» на Альманскіх балотах

Валанцёры грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" дапамогуць Палескаму лясгасу прыбраць за зборшчыкамі ягад на Альманскіх балотах.

unnamed__2__22.jpg


На адной з самых каштоўных з пункту гледжання экалогіі Еўропы тэрыторыі — балотах беларускага Палесся, спецыялісты "Аховы птушак Бацькаўшчыны" рэгулярна знаходзяць новыя лагеры зборшчыкаў ягад. Не стаў выключэннем і гэты год.
Падчас экспедыцый у заказнікі "Альманскія балоты" і "Стары жадэн" мінулай восенню і ў пачатку зімы спецыялісты па ахове прыроды выявілі новыя стыхійныя лагеры ягаднікаў, арганізаваныя, нягледзячы на папярэджанні і забароны. З заканчэннем ягаднага сезону лагеры нікуды не зніклі, толькі людзі сышлі. На пакінутых палянах сапраўдныя сметнікі — пластыкавыя бутэлькі і іншая ўпакоўка, змяшаная з попелам ад вогнішчаў, суседнічае з паваленымі дрэвамі (часам і незаконна спілаванымі) і палявымі ваннымі.
Што толькі не пакідаюць пасля сябе "паляўнічыя" па журавіны. У заўсёднікаў балот прыжыўся арыенцір "ля тэлевізара". Нічога больш не да месца выявіць пакуль не атрымалася, але такі шанец будзе ў валанцёраў, якія паедуць на Альманскія балоты дапамагаць мясцовым ляснікам з уборкай!
У пятніцу, 13 снежня, валанцёры рушаць з Мінска ў Тураў, каб у суботу прайсці па пакінутых незаконныхм стаянках зборшчыкаў на тэрыторыі Альманскіх балот (найбліжэйшы нас. пункт — в. Цярэблічы). Смецця шмат, яго плануюць сабраць, а пасля вывезці з тэрыторыі заказніка. Уборку праводзіць Палескі лясгас, а валанцёры змогуць дапамагчы леснікам з гэтай працай. Патрапіць у самыя нетры заказніка самастойна даволі цяжка. Звычайныя легкавыя аўтамабілі там не ў хаду, таму валанцёраў павязуць на спецтранспарце.

Чаму незаконныя стаянкі — гэта дрэнна?


Зборшчыкі ягад пасяляюцца на Альманах у вельмі адчувальны сезон (з ліпеня да першых маразоў). Многія птушкі (напрыклад, чырванакніжны знікаючы від вялікі падорлік) у гэты час яшчэ знаходзяцца на гнёздах і чалавек стварае стрэсавую сітуацыю для іх. Настолькі стрэсавую, што птушка можа кінуць гняздо. Акрамя таго, паляўнічыя за ягадамі залазяць у самыя аддаленыя куткі дзікай прыроды (стаянкі там забароненыя ў адпаведнасці з рэжымам аховы заказнікаў) і ўладкоўваюцца там надоўга, у тым ліку паляць вогнішчы, валяць лес, капаюць палявыя ванныя і пакідаюць неразлагаемае смецце.
Правілы, якія пастаянна парушаюцца на балотах:

  • Нельга ладзіць самавольныя турыстычныя стаянкі і лагеры
  • Нельга смеціць на тэрыторыі заказніка, у тым ліку закопваць і спальваць смецце
  • Нельга паркавацца ў непрызначаных для гэтага месцах
  • Нельга знішчаць расліны і секчы дрэвы
  • Нельга ладзіць вогнішчы
  • Штраф за гэтыя і іншыя шкоднасныя дзеянні складае ад 4 да 35 базавых велічынь. Але гэта мала каго спыняе, пакуль.


Валанцёры спадзяюцца, што з дапамогай грамадскасці нам удасца данесці да людзей, што ўладкоўваць незаконныя стаянкі на тэрыторыі заказніка нельга, бо гэта шкодзіць дзікай прыродзе. А калі прырода бескарысліва аддае чалавеку свой плён, атрымліваючы наўзамен горы смецця — гэта дрэнна ўдвая.
Паралельна выезду на балота Палескі лясгас сумесна з АПБ прапрацоўвае тэрыторыі, на якіх надалей зборшчыкі ягад і іншыя наведвальнікі заказніка змогуць спыняцца на законных падставах. Пры тым, што іх знаходжанне не будзе наносіць прыродзе відавочную шкоду.
Паводле прэс-службы АПБ