Векапомная слава. «Грунвальд»

3 лістапада Беларускі саюз мастакоў і галоўная мастацкая галерэя Рэспублікі Беларусь — Палац мастацтваў прэзентавалі наведвальнікам выставу «Грунвальд».



3d324c2883882b15fa8fbe8f025a3a99.jpg

3 лістапада Беларускі саюз мастакоў і галоўная мастацкая галерэя Рэспублікі Беларусь — Палац мастацтваў прэзентавалі наведвальнікам выставу «Грунвальд».
Адзначым некалькі момантаў як мастацка-культурнага, так і каляпалітычнага характару. Выставу «Грунвальд» можна было б назваць «чарговай» падзеяй у шэрагу мерапрыемстваў з нагоды святкавання выдатнага гістарычнага юбілею, калі б не было вядома, што гэта маштабная акцыя адбылася не ў рамках ажыццяўлення ідэалагічнага курсу «вярхоў». Нягледзячы на відавочны паварот апошніх да разумення каштоўнасці хоць бы «выкарыстання» здабыткаў нацыянальнай гісторыі і культуры. Прадстаўніка Мінкульта на адкрыцці так і не дачакаліся.
Тым не менш, юбілей 1410 года пераважна намаганнямі грамадскасці ўдалося настолькі эфектна і эфектыўна адзначыць шэрагам мерапрыемстваў мастацкага, літаратурнага і музычнага (прыгадаем нядаўнюю прэм’еру новай праграмы «Класік-Авангарда» Уладзіміра Байдава) характару, што склалася ўражанне цэльнай дзяржаўнай праграмы святкавання. Невыпадкова вернісаж наведалі суарганізатары выставы «Грунвальд» з Польшчы і Літвы, надаючы яму міжнародны рэзананс.

Ад юбілейных экспазіцый цяжка чакаць эксклюзіўных творчых адкрыццяў. Аднак на «Грунвальдзе» кідаюцца ў вочы бясспрэчныя знаходкі арганізатараў. Выдатна вырашана тэма «дзіцячай» творчасці — замест збору хаатычных па стылі разнастайных малюнкаў пачаткоўцаў ці чарговых, папулярных апошнім часам, гламурненькіх «плюшавых сэрцаў», далёкую залу ніжняга паверха разам з фотаздымкамі тэатралізаванага рысталішча на грунвальдскім полі летам 2010 года занялі выдатныя мадэлі-рэканструкцыі беларускіх замкаў, палацаў, цэркваў і нават старога мінскага чыгуначнага вакзалу, дбайна выкананыя вучнямі мінскай гімназіі з архітэктурным ухілам №75. Моладзь — знаёмся і вывучай сваю гісторыю ў стылі гульні-рэканструкцыі!
У зале графікі сканцэнтраваліся творы ўсіх мастакоў, якія сістэмна звяртаюцца да гістарычнай тэматыкі — ад Купавы да Татарнікава. А экспазіцыі «жывапіснай» залы горняга паверха адзначым наступны момант. У гэтак званай VIP-зоне, аднак не на самым важным месцы, знаходзяцца дзве амаль манументальныя карціны графіка і кіраўніка Беларускага саюза мастакоў Уладзіміра Савіча. Не ў парадку падхалімажу адзначым, што калі адміністратар творчай суполкі не забываецца на творчыя ж (і здаецца, удалыя) эксперыменты, гэта спрыяе здаровай атмасферы ў мастакоўскім аб’яднанні.
Зноў-такі, кіраўніцтва саюза, якое актыўна бярэ ўдзел у не зусім патранаванай афіцыйнымі ўладамі акцыі, паказвае такім чынам сваю грамадзянскую пазіцыю і жаданне станоўча ўплываць на атмасферу ў грамадстве. Пра тое гаворыць і доўгае пранікнёнае выступленне з уступным словам хутчэй афіцыйнага гісторыка, доктара гістарычных навук Юрася Бохана, у сувязях з нейкай апазіцыяй ніколі не заўважанага.


Можна нават пакінуць без рэакцыі кепікі ў інтэрнэце з рыцарскага міжбою на паркеце, які на вернісажы надышоў за дэманстрацыяй рэканструкцый гістарычных танцаў у гістарычных жа касцюмах. Урэшце, падобнай па тэматыцы падзеі адпавядае пэўная іканаграфія тэатралізаванага адкрыцця. Прынамсі, моманты «папсовасці» ёй часам не замінаюць: для таго, каб сфатаграфавацца каля вялізнага ў цэлы рост «старадаўняга» камплекту рыцарскага даспеху на ганку Палаца мастацтваў, у той вечар выстройваліся чэргі як жанчын, так і мужчын. Дарослыя людзі радаваліся, як дзеці.
Арганізатары выставы дэкларуюць, што яна «цягам двух тыдняў будзе знаёміць наведвальнікаў з унікальнымі творамі, што праз 600 гадоў пасля грандыёзнай перамогі над тэўтонцамі выяўляюць у сабе не толькі напамін пра слаўную дату, але і сведчанне годнай памяці пра адну з выдатнейшых старонак айчыннай гісторыі». Старонка ўжо годным чынам адлюстроўвалася беларускімі мастакамі і літаратарамі.
Варта прыгадаць жывапісныя работы Гаўрылы Вашчанкі «Грунвальдская бітва», Генрыха Ціхановіча «На бітву з крыжакамі» і «Вітаўт», Ігара Лыскаўца «Пасля Грунвальду» і «Вітаўт — пераможца», габелен Мікалая Коласа «Вялікі князь Вітаўт», графічныя творы Міхася Басалыгі «Грунвальдская бітва» і «Вітаўт Вялікі», твор-рэканструкцыю Віктара Сташчанюка «Крыжаносцы пад Наваградкам», кнігі Кастуся Тарасава.
Выстава працуе па 21 лістапада.