Вечарына да 80-годдзя з дня народзінаў Івана Чыгрынава адбылася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы

17 снежня ў Мінску ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася вечарына «Іван Чыгрынаў. «Адтуль, з бацькоўскага парога…», прысвечаная 80-годдзю з дня народзінаў народнага пісьменніка Беларусі.



cyhrynau_1_logo.jpg

Творчасць лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Івана Чыгрынава (21.12.1934, вёска Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці — 05.01.1996) — яркая старонка ў беларускай прозе. Лепшыя апавяданні і раманы пісьменніка вылучаюцца глыбокім аналізам унутранага свету чалавека, паэтычнасцю, пранікнёнасцю, значнасцю пастаўленых праблем, высокай культурай слова. Гэты далікатны, чулы, поўны дабрыні, лагоды і гумару літаратар называў сябе чалавекам, які быў не на вайне, а ў вайне, бо жахі яе зведаў хлопчыкам...

Як адзначыў зямляк народнага пісьменніка, доктар філалагічных навук Іван Саверчанка, Івана Чыгрынава вельмі не хапае Беларусі, бо гэты творца клапаціўся пра лёс беларускай мовы і літаратуры, нацыі і дзяржавы, стан духоўнасці і нацыянальнай спадчыны. Паводле словаў навукоўцы, уражвае надзённасць разважанняў пісьменніка пра неабходнасць новай канцэпцыі нацыянальнай культуры, якая павінна грунтавацца на народных традыцыях, пра развіццё літаратурнай мовы.

Іван Саверчанка назваў «унікальнымі» гістарычныя п’есы Івана Чыгрынава, прысвечаныя князёўне полацкай, дачцэ полацкага князя Рагвалода Рагнедзе і кіраўніку антыфеадальнага паўстання сялянКрычаўскага староства ў 1743–1744 гадах, войту вёскі Селішча Васілю Вашчылу, а таксама адносінам паміж Масквой і Берлінам напрыканцы 1930-х гадоў.

Навукоўца лічыць неабходным выданне поўнага збору твораў Івана Чыгрынава і ўзвядзення яму помніка на радзіме — у Касцюковічах.

Паводле слоў выбітнага беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Анатоля Вярцінскага, у яго біяграфіі Іван Чыгрынаў заняў асобнае месца. «Падчас вучобы ў Белдзяржуніверсітэце мы жылі ў суседніх пакоях студэнцкага інтэрната, калі пачалі працаваць (я ў «ЛіМе», ён у «Полымі»), таксама былі суседзямі па кабінетах, гэтае суседства працягнулася і падчас працы ў нашым творчым саюзе і нават на Лысай Гары, дзе знаходзяцца нашыя лецішчы», — сказаў Анатоль Вярцінскі.

У якасці прыкладу жартаўлівасці свайго сябры Анатоль Вярцінскі прывёў адказ Івана Чыгрынава на яго ж пытанне пра самае галоўнае для пісьменніка: «Гэта — жонка, раніцай — кабінет, а вечарам — буфет».   

chigrina_2_logo.jpg

Падчас вечарыны дэманстравалася выстава, арганізаваная бібліятэкай сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры. У экспазіцыі — матэрыялы з фондаў музея (унікальныя фотаздымкі, рукапісы, кнігі з цікавымі аўтографамі, асабістыя рэчы — ручка, кішэнны гадзіннік, барсетка, акуляры Івана Чыгрынава — усяго каля 200 экспанатаў з 600 перададзеных у музей жонкай народнага пісьменніка), а таксама з калекцыі ЦНБ імя Я. Коласа.                                                                                                                                                 

У вечарыне прынялі ўдзел літаратуразнаўцы,сябры і сваякі Івана Чыгрынава, а таксама вучні сталічных школ.