Венецыя. Чаўны і людзі

З Падуі да Венецыі цягнік ідзе хвілін дваццаць пяць. Цікава, мабыць, жыць і ведаць, што ад пярліны сусветнай архітэктуры цябе аддзяляе 25 хвілінаў. Сеў ды паехаў. Так мы і зрабілі з самай раніцы.



Цалкам выпадкова трапіла, што прыехалі мы ў дзень св. Марка — патрона Венецыі. Але зранку ўсё яшчэ ціха — горад прачынаецца ад сну. Птушкі ў гэтым сэнсе больш растаропныя за людзей: агромністыя габіяны, большыя за чаек, расцярушваюць пакеты са смеццем на вузенькіх вулачках ды ганяюць галубоў.

У горадзе, збудаваным на палях, няма не толькі машын, але і расліннасці. Пра гэта неяк не задумваешся, пакуль не трапіш. Сапраўды, а дзе ж тут чаму расці? Куды ездзіць?.. Увесь рух — толькі па вадзе альбо на сваіх дваіх: праз безліч мастоў ды вулачак.

Разрэкламаваныя чорныя з пазалотай гандолы зараз — транспарт для турыстаў. Звычайныя жыхары горада карыстаюцца воднымі трамвайчыкамі альбо асабістымі чаўнамі. Чаўны тут развозяць тавар па крамах, чаўны вывозяць смецце, усё на вадзе ды праз ваду. Таму і пах ад каналаў часам цалкам адпаведны — жывы.

dsc_0209_logo.jpg

«Вы из России?» — пытаецца на вуліцы жанчына. Украінка. Тут іх шмат. Праца за мяжой часта разбурае сем’і альбо вядзе да «люстэркавага жыцця». Дзве сям’і, дзве рэальнасці, грошы праз «вэстэрн юніян»… Размаўляем пра вайну, пра заробкі, тутэйшыя рэаліі. У яе і ў нас — розная Венецыя. Для нас — казка, акварэльны жывапіс, для яе — праца, хлеб штодзённы…

Цікава, што Венецыя не стварае ўражанне горада-музея альбо галівудскага павільёна. Жыццё не спынілася ў часе, калі Венецыя была эканамічнай імперыяй, уладальніцай мораў, апошняй надзеяй Усходняй Рымскай Імперыі. За раманскімі парталамі вокнаў сярэднявечных камяніцаў людзі сушаць бялізну, выстаўляюць вазоны з кветкамі, вешаюць сцягі горада ці ЗША — каму як падабаецца.

dsc_0244_logo.jpg

А гандолы — гэта для турыстаў. Хочаш пакатацца? Калі ласка, 80 еўра. За 5 цябе наўпрост перавязуць на іншы бок канала — можа сэлфі паспееш зра­біць. Прафесія гандальера тут, зразумела, элітная. Усе вакансіі даўно размеркаваныя. Цікава назіраць з мосту, як у якім-небудзь вузкім месцы ледзьве раз’язджаюцца некалькі чаўноў, поўныя турыстаў, а з аднаго гандальер яшчэ абавязкова зацягне арыю — на радасць японскім парачкам. Поўны сэрвіс, нічога не скажаш.

dsc_0334_logo.jpg

Па асноўных артэрыях горада абедам сапраўды цяжка прайсці — жывое мора турыстаў. Аднак варта на першым жа павароце збочыць — і ты апынешся сам на сам з сярэднявечнай казкай. Згубіцца ў Венецыі вельмі проста, і нават неабходна, каб адчуць горад: убачыць самотную дзяўчыну на беразе канала альбо зайсці на кніжны развал з сумуючым прадаўцом, дзе ніхто табе не будзе нічога навязваць.

Сапраўдная праблема, як апынулася, прыдбаць у Венецыі хоць нешта італьянскае. Ад рознакаляровых кітайскіх магнітаў, талерак і маек хутка пачынае мільгацець у вачах. Прадаюць іх, прычым, пакістанцы альбо філіпінцы. Такое ўражанне, што ўвесь працэс працы з турыстамі можа адбывацца без удзелу італьянцаў. Вось горад, вось сувеніры, вось прадаўцы, а вось — турысты. Навошта італьянцы?

dsc_0255_logo.jpg

Можа некалі так і будзе, але лепш ужо хай горад пойдзе пад ваду, чым захлынецца ў мультыкультуралізме. Тых жа самых з выгляду прадаўцоў з тым жа самым таварам у хуткім часе давядзецца ўбачыць у Рыме…

І ўсё ж такі Венецыя не Дыснэйлэнд і не здымачная пляцоўка для кліпаў. Горад жыве з турыстаў, але не памрэ без іх. Бо захаваў свой твар і самапавагу. Самазахаваўся. А калі б тысячы латкоў з кітайскімі сувенірамі ды натоўпы японскіх турыстаў у адзін дзень зніклі нейкім цудам, венецыянцы, як і сотні год таму, пайшлі б ла­віць рыбу, гандляваць соллю ды рыхтавацца да якога-небудзь крыжовага паходу.

Фота аўтара