Выдавец Андрэй Янушкевіч аднавіў сваю працу ў Варшаве і ўжо рыхтуе шэраг новых кніг

«Нізкі паклон усім, з кім давялося працаваць па выдавецкіх праектах, чые тэксты чыталіся з захапленнем, і з кім яшчэ не працавалася, але я спадзяюся, давядзецца супрацоўнічаць. Вы робіце сапраўды важную працу, шчырая і шырокая ўдзячнасць чытачоў — найлепшы сведка ў гэтым» — піша выдавец.

januszkevicz.jpg


«У цяперашні момант вядзецца руплівая праца па выданні наступных перакладных кніг:
Дж. К. Роўлінг "Гары Потэр і Келіх агню" (перакладчыца Алена Пятровіч), пераклад на фінальнай стадыі.
Дж. Р. Р. Толкін "Валадар Пярсцёнкаў. Брацтва Пярсцёнка" (перакладчык Ігар Кулікоў), у карэктуры.
Кормак Макарці "Дарога" (перакладчык Серж Мядзведзеў), у запуску ў друк, чакаем узгаднення вокладкі.
Шчэпан Твардах "Кароль" (перакладчык Мікола Раманоўскі), заканчваецца рэдактура.
Салі Руні "Размовы з сябрамі" (перакладчыца Ірына Грэбень), у рэдактуры.
Фрэнсіс Скот Фіцджэральд "Вялікі Гэтсбі" (перакладчык Сяргей Матырка), у рэдактуры.
Эрнэст Хэмінгуэй "І ўзыходзіць сонца" (перакладчык Юрка Гаўрук), у рэдактуры.
Эрых Марыя Рэмарк "Чорны абеліск" (перакладчыца Іна Хоміч), у рэдактуры.


Цяжка сказаць, калі кнігі выйдуць. Знаходзячыся ў Варшаве, сутыкаешся з новымі рэаліямі і трапляеш у "рэсурсную пятлю". Пакуль праца вядзецца за кампутарам, можна абысціся мінімальным наборам сродкаў. Аднак пасля друку ўсё мяняецца. Дзе захоўваць экзэмпляры, як развозіць і пакаваць іх для рассылкі, тая ж прамоцыя - праблемы зусім іншага кшталту. І тут упіраешся ў матэрыяльныя немагчымасці.
Такія вось несвяточныя роздумы.
Калі ў каго ёсць якія ідэі і рашэнні, дзяліцеся, калі ласка. Вельмі хочацца, каб кнігі з'явіліся на свет як мага хутчэй. Часу ў нас няшмат» — піша выдавец.