Выйсце з аўтарытарнага карнавалу
Што не так у Беларусі? Кажуць пра падмарожаную палітыку і пра эканоміку, ад якой месцічаў трасе, як у ліхаманцы. Гавораць пра разгубленую культуру і мыслярства, што заблукала. Нехта ўзгадае надвор’е. Я скажу, што ў Беларусі нешта не так з карнавалам.
Мы прызвычаіліся бачыць карнавал на вуліцах Рыа-дэ-Жанейра — і на плошчах еўрапейскіх гарадоў. Перад Вялікім Постам людзі — на апошняе — аб’ядаліся і абпіваліся. Ва ўсходняй традыцыі адпаведны карнавал — Масленіца — суправаджаўся блінамі.
Але карнавал — з’ява значна шырэйшая. Міхаіл Бахцін — філосаф, які некаторы час жыў у Віцебску, лічыў карнавал увасабленнем народнай смехавой культуры. На карнавале смяецца ўвесь свет, смяецца з усяго, і людзі смяюцца з саміх сябе. Карнавал — гэта гратэск, фамільярнасць і парушэнне межаў: цела ходзіць колам, галава замест заду, а зад — замест галавы. Рот разяўлены, нос тырчыць, цыцкі па тры пуды, шэсце масак. Карнавал — гэта ўрачыста-пацешнае свята дурняў, перакульванне дагары нагамі ўладнай іерархіі, калектыўная тэрапія народа смехам.
Здаецца, у Беларусі такі карнавал маецца. Грубыя анекдоты і жарты пра ўладатрымальнікаў квітнелі ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Паэт Славамір Адамовіч склаў гратэскны здзеклівы верш, а мастак Алесь Пушкін вывозіў да Адміністрацыі прэзідэнта вазок з гноем — нізкая субстанцыя ў перфомансе для вярхоў.
У 2001 годзе па Мінску бегаў небарака ў масцы лыжніка — з лыжамі па асфальце, за ім ганяліся апранутыя медсястрычкамі маладзіцы, а за «доктаркамі» — міліцыя (уніформа — свая). Анархісцкая група «Навінкі» палохала людзей у пінжаках аднайменнай непрычасанай газетай, дзе на арэхі даставалася ўсім — і выпусціла калажна-хуліганскія фільмы «Случай з пацаном» і «Гуд бай, Бацька!» (Праект «Толькі мёртвыя нічога не баяцца» застаўся ў чарнавіках, але ў гэтай зомбі-карціне паважаныя людзі — філосаф Валянцін Акудовіч і мастак Адам Глобус — сышлі з п’едэсталу, каб сыграць санітараў трупярні).
Але неўзабаве жарты сцішыліся, анекдоты пазнікалі. І справа не толькі ў тым, што за жарты цяпер пагражаюць турэмныя тэрміны; некаторыя з абсмяяльнікаў выраслі, а некаторыя — уцяклі. Карнавал, што смяецца з улады, спрацаваў у каляровых рэвалюцыях і чамусьці не спрацаваў у Беларусі з іншай важкай прычыны.
Смехавы супраціў сутыкнуўся з другім карнавалам — аўтарытарным. Бахцін лічыў, што смех і аўтарытарызм ёсць рэчы несумяшчальныя. Але, як удакладніў Сяргей Аверынцаў, аўтарытарны смех рагоча з ахвяраў; непрыстойна кпіць з тых, каго валіць і б’е.
Падчас Французскае рэвалюцыі санкюлоты агалялі манахіняў і лупцавалі іх; падобнае рабілі рэспубліканцы ў Іспаніі. Пасля Кастрычніцкага перавароту камсамольцы гадзілі ў храмах, а італьянскія фашысты «прачышчалі мазгі» дысідэнтаў, прымушаючы злоўленых піць рыцыну.
Рэжым у Беларусі — гэта суцэльны аўтарытарны карнавал. Калі на «Славянскім базары» трансвестытка Верка Сярдзючка скача разам з уладнай вертыкаллю — гэта карнавал. На Дажынках сэксапільны трактар заляцаецца да БРСМаўкі — і гэта значна болей, чым проста гратэск (трэшавыя фатаграфіі распаўсюджваюцца). Акадэмік Рубінаў выдае дзікія вершы пра «туалецішча», а старшыня Рэспубліканскага савета па маралі славіцца кнігай пра сэксуальныя тайны.
Аўтарытарны карнавал парушае і касуе нормы ды правілы. Ён фамільярны і лезе ва ўсё. Як маскоўскі тыран — у рэдкай, абвостранай стадыі Івана Жахлівага, — ён усталёўвае абсалютную ўладу, не абмежаваную і блазнамі. Цар мусіць быць усім — нават клоунам.
Межы знішчаюцца. Пасля кожнай высокай прэс-канферэнцыі вольныя каментатары з радасцю і добраахвотна распаўсюджваюць усялякія ляпы, што чулі, перажоўваюць і цытуюць іх. Ёсцека і рух адваротны.
У 2010 годзе іранічная алка-бугі прыпеўка групы «Рокер-Джокер» атрымала высокую трыбуну. Песня «Саня застанецца з намі» гучала з усіх тэлевізараў — і была выкананая (гламурнейшымі акцёрамі) на ўрачыстым канцэрце. Праз пару месяцаў, калі надыходзіў эканамічны калапс, «Рокер-Джокер» выпусціў песеньку на той жа навязлівы музычны матыў, але з удакладненымі словамі: «Опа-опа, нам всем приснится жопа!» Адпаведная частка цела зрабіла карнавальны кульбіт, на вяршыні сваёй кар’еры праспяваўшы гімн прэзідэнцкай кампаніі.
Няможна перамагчы аўтарытарны карнавал карнавальнымі жартамі. Дык няхай мёртвы карнавал корпаецца ў паджыўленай імперскай спарахнеласці ды віскліва крычыць, што жывыя сканалі. Пакінем яго сам-насам.
У карнавальных скачках і мітрэнгах мы закруцілі галаву; зусім забыліся пра святло, што падае зверху.
Падымем вочы да неба — і пойдзем далей.