Выйшла кніга беларускіх пісьменнікаў пра эротыку і сэкс
Аўтары запэўніваюць, што раней нічога падобнага ў беларускай літаратуры не было.
«Думаеш, беларускія пісьменнікі не займаюцца сэксам? Яшчэ як займаюцца! А некаторыя нават пішуць пра гэта апавяданні і навэлы», — нібы кідалі выклік грамадскасці ўкладальнікі зборніка «12 актаў», калі талакой збіралі грошы на выданне.
Пад вокладкай сабраныя 12 невялікіх апавяданняў. Трэба сказаць, не ўсё там так рамантычна. Некаторыя гісторыі можна было б друкаваць пад хэштэгам #янебаюсясказаць, калі ўявіць, што яны рэальныя.
Увогуле, кніга атрымалася «паласатай». Вось дарослы дзяцюк навальваецца на дзяўчынку, не ў змозе стрымаць сваіх жаданняў, а вось — мілыя рамантычныя перажыванні двух хлопчыкаў, што закахаліся ў аднакласніцу.
Вось дзяўчына дзеля вызвалення каханага аддаецца начальніку аддзела НКУС проста на кушэтцы ў яго кабінеце, а вось — журналістка вядзе начны эфір на радыё цалкам аголеная і цешыцца з уласнай гарэзлівасці. Ёсць тут і класічныя сюжэты: піянер і медсястра, выпускнік і настаўніца…
Паколькі слова «акт» мае шмат прачытанняў, то, на думку ўкладальніка зборніка Уладзіслава Ахроменкі, усе гэтыя творы маюць права змяшчацца побач — гэтакая літаратурная эклектыка.
«Самі пагадзіцеся, калі б было 12 навэл, напісаных у адным ці блізкім ключы, яно б не чыталася. Гэта было б па прынцыпе ксераксу. Усё ж такі беларускія аўтары розныя, яны пішуць у рознай стылістыцы, у іх розныя мастацкія арыенціры. І дзякуй богу, што ў нас атрымаўся цалкам адрозны погляд на рэчы: праз сацыяльную прызму, праз рамантычную і якую заўгодна. Прынцып, па якім я фармаваў гэты зборнік, — разнапланавасць», — кажа спадар Ахроменка.
Ён упэўнены, што гэты зборнік павінен займець сваё месца ў беларускай літаратуры.
«У заходняй еўрапейскай літаратуры гэта ўсё было пройдзена яшчэ ў часы сярэднявечча. Я ўжо не кажу пра «Дэкамерон», пра італьянскую навэлу часоў Адраджэння. У нас, на жаль, гэтага няма. Мы ў гэтым сегменце адсталі ў развіцці гадоў на 400. Таму гэты правал усё ж такі трэба было запоўніць. Я не думаў, што так багата знойдзецца людзей, якія дадуць разнапланавыя навэлы», — тлумачыць Ахроменка.
Сярод аўтараў, чые апавяданні змешчаныя ў кнізе, адно прозвішча вылучаецца — Марта Локіс. Дагэтуль не было вядома, хто гэта насамрэч, аднак спадар Уладзіслаў вырашыў, што прыйшоў час адкрыць таямніцу.
«Гэта Максім Клімковіч. Вось так майстра можа напісаць эратычную навэлу ад імя дзяўчыны», — сказаў Ахроменка.
Думка пра тое, каб стварыць падобную кнігу, з’явілася ва Уладзіслава Ахроменкі гады чатыры таму. Яго вока зачапілася за неймаверна эратычныя барэльефы аднаго са старажытных храмаў у Індыі.
«Я зразумеў, што ў той жа сярэднявечнай Індыі эротыка не была такой табуяванай, як у нас. Сучасная беларуская літаратура, сучаснае беларускае грамадства, можа, больш ханжаскае, чым Індыя часоў, калі там панавалі раджы, — кажа спадар Ахроменка. — У нас літаратура больш духоўная, скіраваная на думкі, на вобразы, на прыгажосць. Фактычна, яна пазбаўленая фізічнага цела».Магчыма, што ў кнігі з’явіцца працяг. Праўда, ужо не пра эротыку.
«Першапачаткова серыя задумвалася пад лічбавай назвай «12». Я вось ужо месяцы два думаю зрабіць працяг — «12 забойстваў». Адразу мушу папярэдзіць ці расчараваць: маецца на ўвазе, што гэта не толькі забойства кагосьці. Забіць можна што заўгодна: страх, каханне, надзею», — дадае пісьменнік.
Чые апавяданні можна прачытаць у «12 актах»
Ева Вежнавец «Маша ў залатых басаножках»Уладзімір Някляеў «Піянерскі салют»Пістончык «Мікракосм»Алена Брава «Мёд Чорнага Месяца»Юры Станкевіч «Выпускны»Людміла Рублеўская «Я ніколі не стану лётчыкам»Аляксандр І. Бацкель «Распуста»Макс Шчур «Нас двое»Алесь Аркуш «Гісторыя пра ўсмешку»Югася Каляда «Малады спецыяліст»Сяргей Вераціла «Балада пра чатырнаццаць гадоў»Марта Локіс «Дваістая душа Алісы»Пакуль што кніга існуе толькі ў электронным фармаце, яе можна набыць у інтэрнэт-кнігарні kniharnia.by.
Прадмова
Беларуская літаратура — гэткая дэкаратыўная карлікавая пальма ў дзежцы, неабавязковая дэталь побытавага інтэр’еру. Пол тае пальмы невызначаны, сістэмнага дрэнажу няма, а глеба здзервянелая да стану асфальту. Дзежка стаіць у праходным калідоры, калідор — у казённым доме. Людства сноўдаецца з кабінета ў кабінет, нудзіцца ў чэргах, на пальму ніхто асабліва не зважае, бо на курс ці то батанікі, ці то белліту ўсе са школьных часоў забыліся. У чарзе, праўда, можна і прыгадаць пра «расцветали яблони и груши, поплыли туманы над рекой…», і перапаліць па-хуткаму, і па-хабёльску кінуць недапалак у дзежку, а то і накрэмзаць на глянцавым лісце брутальны і абагульняльны мацюк.
Здараецца, аднак, што напаўмёртвая пальма набіраецца цудадзейнымі сокамі, і між пыльнымі лістамі сарамліва прабіваюцца яскравыя краскі. Але ж пладамі тыя краскі абарочваюцца зрэдку: у класічным беларускім пісьменстве заўсёды было зашмат ідэй, патрыятызму і паэзіі чыстае красы, але катастрафічна бракавала фізічнага цела.
Традыцыйныя героі беларускай літаратуры заўсёды выглядалі нібы сатканымі з кветкавага пылку, але амаль пазбаўленымі мяса, крыві, касцей, а таксама натуральных фізіялагічных жаданняў. Сэксуальнасць, любошчы, нават эротыка — усё гэта сарамліва перахоўвалася пад саламянымі брылямі несцерак, у каламуці трох лыжак заціркі ці ў парослых травою партызанскіх акопах.Вы можаце ўявіць эрагенныя зоны Ядвісі з коласаўскіх «На ростаннях»? А мінет ці кунілінгус мележаўскіх Васіля Дзятліка і Ганны Чарнушкі? Быкаўскае «Дажыць да світанку» выклікае у вас адно мілітарныя асацыяцыі, але не думкі пра жарсць, якая знясільвае ненажэрных каханкаў?
Законы прыроды адназначныя, і для прыгожага пісьменства таксама: песцік вымагае тычынкі, Інь — Янь, і без гэтага немажлівае натуральнае апладненне.
Калі ў літаратуры нарэшце з’яўляецца фізічнае цела — яе прыўкрасная душа цяжарыць, дэкаратыўныя кветкі саступаюць месца завязі, а краскі на галінках неўзабаве абарочваюцца пладамі.
nn.by