Выстава народнага мастака Літоўскай ССР Стасіса Красаўскаса ў Нацыянальным музеі

23 мая 2013 года пачне працаваць выстава графічных твораў народнага мастака Літоўскай ССР (1977), заслужанага дзеяча мастацтваў Літоўскай ССР (1968), лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР (1976) Стасіса Красаўскаса (1929–1977). У экспазіцыі будзе прадстаўлена каля 50 твораў мастака з калекцыі Літоўскага мастацкага музея.



cd560a94f5e9.jpg

Літоўскі графік Стасіс Красаўскас быў незвычайна таленавітай асобай з ярка выяўленым індывідуальным мастацкім почыркам, па якім і сёння можна лёгка пазнаць яго творы.

С. Красаўскас працаваў у розных тэхніках (ксілаграфія, літаграфія, лінагравюра, афорт), ствараючы самастойныя станковыя гравюры, а таксама шматлікія ілюстрацыі да літаратурных твораў. Лепшым яго работам уласцівы метафарычнасць, лаканізм і экспрэсія белых ліній на чорным фоне (цыкл “Акно” (1968), серыі “Рух” (1971), “Імкненне” (1972) і інш.). Да найбольш вядомых твораў С. Красаўскаса адносіцца прадстаўленая ў экспазіцыі аўтацынкаграфія “Юнацтва” (1962), якая была выкарыстана ў якасці эмблемы часопіса “Юность”, што выдаваўся ў СССР.

На выставе таксама можна ўбачыць выдатныя творы з цыкла “Нараджэнне жанчыны” (1971–1972).

Найбольш плённа працаваў С. Красаўскас у галіне кніжнай графікі. Ён стаў адным з тых маладых мастакоў, якія паднялі на высокі ўзровень культуру мастацкага афармлення літоўскай кнігі. Асабліва гэта тычыцца паэтычных твораў. Прадстаўленыя ў экспазіцыі ілюстрацыі да “Санетаў” Уільяма Шэкспіра (1967) надзвычайна выразныя, музычныя, рытмічныя. У іх С. Красаўскас знайшоў крыніцу і падставу для шырокіх разважанняў пра свет, пра чалавека, для вольнага лунання фантазіі.

У 1973–1975 гг. С. Красаўскас стварыў, мабыць, самую знакамітую сваю серыю — цыкл эстампаў “Вечна жывыя”, частка якога прадстаўлена ў экспазіцыі. За гэтыя творы мастак быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР (1976).

Выстава будзе працаваць да 25 ліпеня 2013 года.

artmuseum.by