Замуж, нягледзячы ні на што: у РТБД даследвалі прычыны сямейных няшчасцяў

Яўген Карняг працягвае распавядаць жахлівыя гісторыі. У спектаклі «Шлюб з ветрам», што ў сааўтарстве з Кацярынай Аверкавай ён паставіў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, рэжысёр прэпаруе народную песню і дастае з тэкстаў, якія зацягвалі нашы бабулі за вясельным сталом, шмат трагічных — і да мурашак рэалістычных — сюжэтаў.

_dsf8570.jpg


Амбіцыйны пастаноўшчык застаецца верным сабе: ён працягвае счышчаць з падзабытых культурных кодаў пыл звычкі і музеістасці. У сталічным Тэатры лялек рэжысёр працаваў з неадрэдагаванымі казкамі братоў Грым для спектакля «Інтэрв’ю з вядзьмаркамі». Для таго ж РТБД колькі часу таму паставіў «Бетон» — гісторыю адзіноцтва Арфея і Эўрыдыкі. Для прафесійнай талакі гэты спектакль адразу стаў культавым, а некаторыя гледачы нават правяралі «Бетонам» новых знаёмых, маўляў, калі прыме пастаноўку, то варта далей працягваць знаёмства. Пастаноўшчыка запрашалі ў тэатр лялек «Батлейка», што месціцца ў Маладзечна, дзе ён шукаў пупавіну страты старажытнагрэчаскіх «Сясцёр Граі». Гэтым разам Карняг звярнуўся да беларускіх вытокаў.

_dsf8034.jpg


Народныя песні часта асацыююцца са своеасаблівым рытуалам: мы можам назіраць за родзічамі, што спяваюць за святочным сталом, нават перабіраць услед за імі словы, імкнучыся патрапіць у знаёмы на якімсьці генетычным узроўні рытм. Аднак ці многія сапраўды ўслухоўваліся ў сюжэт, што разварочваецца ў тых радках? Спадар Карняг наноў збірае рэбус старадаўніх галашэнняў, візуалізуючы тое, што заўсёды знаходзілася на паверхні, але на слых апынулася зацёртым.
Кацярына Аверкава, вядомая нам у першую чаргу ў якасці рэжысёра, у гэтым праекце выступае кампазітарам і музычным кіраўніком. Яна стварае для народных мелодый сучасную аранжыроўку, тым самым набліжаючы гістарычныя напластаванні часу да сённяшняга пакалення. Шматгалоссе, акапэльныя ўстаўкі, незвычайнае спалучэнне музычных сугуччаў з рыпеннем ці то дрэваў, ці то брамкі ля закінутага дома, шумам ветру надае сцэнічнай гісторыі адначасова трапяткой містычнасці і жудаснай рэалістычнасці.

_dsf8614.jpg


У спектаклі моцна спаяныя ўсе часткі. Ён распадзецца без гукавога перапляцення галасоў, без свісту на рыльцы бутэлькі, шчымлівага крыку нявесты-птушкі ці ваяўнічага тупату гасцей. Яго нельга ўявіць без неверагоднай гульні святла, калі ад голасу нявесты ў апраметнай цемры хваля за хвалей зараджаецца светлавая сцежка, ці калі ў людскім колазвароце напаўняюць пустэчу Сусвету празрыстыя бутэлькі з ліхаманкавымі агеньчыкамі мутнай зёлкавай вады. Трапяткое мінулае нацыянальнай будучыні не змагло б з’явіцца без графічнай сцэнаграфіі фантастычнага мастака Таццяны Нерсісян.

_dsf8176.jpg


Спадарыня Таццяна выцягнула паўз сцэну стол, а над ім змясціла куб для трансляцыі ў прамым эфіры відэа з партатыўнай камеры. Перыядычна куб рухаецца, кадрыруючы прастору. Спачатку ён усяго толькі асвятляе напоі ды шклянкі. А пасля распачынае свой няспынны рух: то звужае жыццё сяброўкі нявесты (Людміла Сідаркевіч) да адвечнага чакання мужа-п’яніцы, то становіцца паміж свякрухай (неверагоднай Таццянай Мархель) і нявестай (шматграннай Ганнай Семяняка), убіраючы ў сябе ўсю нянавісць першай і ўвесь адчай другой. А то падае на стол, акцэнтуючы ўвагу публікі на падстоллі, дзе ногі куды больш гаваркія за твары-маскі людзей.

_dsf8416.jpg


Спектакль неверагодна складаны тэхнічна, бо кожны няверны крок, паварот рух ці рух можа парушыць не толькі вывераны малюнак, але і атмасферу дзеяння. З па сутнасці мінімалістычнага набору прадметаў мастак і рэжысёр ствараюць сапраўды эстэцкае відовішча, якое хочацца няспешна смакаваць. Напрыклад, зэдлікі раптам пачынаюць падсвечвацца, ствараючы квадратныя німбы над закаханымі жанчынамі. Ці ў відэатрансляцыі дліннюткі стол, заліты святлом, пачынае выглядаць ракой, у якую, не прадчуваючы бяды, уступае дзяўчына.

_dsf7829.jpg


Вось толькі ў рэжысёра няма мэты радаваць публіку прыгожымі карцінкамі. Ён расціскае купальскае казачнае таемства тым самым рухомым кубам: дзяўчыне не выбрацца з націску мужчын, якім тут і зараз хочацца. Гэтая гісторыя скончваецца згвалтаваннем: малочную роўнадзь ракі разразаюць лодкі, цягнучы да знясіленай маладзіцы крывавыя ручаі.

_dsf8587__1_.jpg


Карняг не выдумляе жарсці: ён прапануе пачуць жыццёвы вопыт папярэдніх пакаленняў, які мы настойліва не прыкмячаем, а таму так прадказальна трапляем у тую ж пастку. Дзяўчыны ізноў гатовыя плакаць ад неймавернага жадання неадкладна выйсці замуж. Маці за сваёй любоўю да сына часам перастаюць бачыць у ім асобнага чалавека і па сутнасці сваімі рукамі разбураюць будучыню даўно ўжо дарослага дзіцяці. Некаторыя мужчыны на столькі прагнуць свабоды ад прыняцця рашэнняў, што шукаюць не каханую, а спадніцу, да якой можна перамятнуцца ад матчынага боку. А жанчыны, што адмаўляюцца гэта ўбачыць яшчэ да вяселля, самааддана ўсё жыццё цягаюць тых інфантыльных мужоў на сваёй спіне. І сапраўды, у народных песнях сямейныя архетыпы раскрыты не менш пакручаста за кнігі модных псіхолагаў. 
Фота прадастаўлены прэс-службай РТБД