Жыццё ў лагеры. Жыццё пасля лагеру

У Сусветны дзень памяці ахвяраў канцлагераў адбыўся прэс-паказ венгерскага фільма «Сын Саўла» (рэж. Ласла Нэмаш) і вечарына Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Узаемапаразуменне», якое займаецца ўзаемадзеяннем нямецкіх валанцёраў і былых вязняў канцлагераў.

Кадр з фільму "Сын Саўла".Фота: imdb.com

Кадр з фільму "Сын Саўла".Фота: imdb.com


Карціна «Сын Саўла» ўжо атрымала шмат узнагарод, сярод якіх самыя прэстыжныя — гран-пры Канскага кінафестывалю 2015, а таксама прэмія "Оскар–2016" за найлепшы замежны фільм. Абмежаваны пракат фільму распачынаецца 14 красавіка ў кінатэатрах «Перамога» ды «Silver Screen Galileo».
Венгерскі фільм закранае адну з найбольш жорсткіх ды невыносных тэм у арганізацыі канцэнтрацыйных лагераў — дзейнасці зондэр-каманд. Габрэй рыхтуе габрэя да газавай камеры; габрэй рыецца ў рэчах знішчанага габрэя; габрэй правярае, ці сапраўды габрэй атруціўся газам; габрэй рыхтуе целы да крэмацыі; габрэй выкідвае попел габрэяў у раку; габрэй-кат сам знішчаны праз некалькі месяцаў... Жывыя трупы працуюць дзеля «ачышчэння» Еўропы…
Удзельнік зондэр-каманды Саўл хоча пахаваць сына, якога — яму так падаецца — ён знайшоў сярод ахвяраў. Ягоныя супольнікі па зондэр-камандзе рыхтуюць уцёкі з лагеру, але адзінае, аб чым марыць Саўл, — знайсці рабіна, каб пахаваць юнака паводле іудзейскага абраду. Абсурдны ўчынак, які прагне здзейсніць Саўл, магчыма, зможа апраўдаць ягонае існаванне ў гэтым месцы.
З мастацкага гледзішча фільм вырашаны ў рэжыме назірання за тварам галоўнага героя. Рэчаіснасць у фільме — гэта поўны смяротнага адчаю твар Саўла (камера неад’емна сочыць за ім на працягу ўсяго фільма) ды знятае расфакусаванай камерай лагернае існаванне. Вусцішны адчай, жыць у якім магчыма, толькі калі забыцца на тое, што ты жывы. У нейкім сэнсе фільм набліжаецца да босхаўскай антыэстэтыкі Аляксея Германа — згадайма ягоны пасмяротны твор «Цяжка быць Богам», але ж пры гэтым застаецца ў рэчышчы глядацкага кіно.


Кадр з фільму "Сын Саўла". Фота: imdb.com

Кадр з фільму "Сын Саўла". Фота: imdb.com



Бессэнсоўныя пошукі рабіна ды адчайнае жаданне пахаваць юнака — у гэтым метафара, сімвал надзеі на збавенне ды выбачэнне, на перараджэнне чалавека. Ласла Нэмаш у духу сваіх масцітых венгерскіх настаўнікаў (Бэла Тар, Іштван Шаба, Міклаш Янча) ставіць недвухсэнсоўны вырак чалавецтву. І тым не менш на гэты раз за жорсткім мастацкім выказваннем ісці не хочацца.
Бо перараджэнне чалавека магчымае. І ў гэтым я пераканаўся на ўласныя вочы, калі пабачыў поўнага аптымізму старога на сцэне Моладзевага тэатра эстрады на вечарыне МГА «Узаемапаразуменне». Андрэй Іванавіч Майсеенка, які пабываў у Бухенвальдзе падлеткам, дзеліцца ўласнай жыццёвай практыкай ды філасофіяй, з аптымізмам рыхтуецца да ўласнага 90-годдзя, ды з радасцю апавядае аб арганізацыйных аспектах нядаўніх паездак у Германію.


Кадр з фільму «Так, Андрэй Іванавіч». Фота: суполка "Сінія горы"

Кадр з фільму «Так, Андрэй Іванавіч». Фота: суполка "Сінія горы"



Творчая суполка «Сінія горы» (вядомая сваім буктрэйлерам да кнігі С. Дубаўца «Блакітны карабель у сінім моры плыве»  https://www.youtube.com/watch?v=MSLCbS8mze0) прадставіла на імпрэзе трэйлер дакументальнага фільма «Так, Андрэй Іванавіч». Фільм паказвае тое, якім насычаным ды паўнавартасным можа быць жыццё чалавека ў такім паважным узросце.

«Так, Андрэй Іванавіч». Фота: суполка "Сінія горы"

«Так, Андрэй Іванавіч». Фота: суполка "Сінія горы"



Андрэй Іванавіч апантаны здаровым ладам жыцця, сябруе з нямецкімі валанцёрамі ды вывучае іх мову на курсах… Здавалася б, хіба магчыма знайсці старога ў такім ўзросце, які зусім не чакае ўласнай смерці, не мае адчаю ды тугі аб змарнаваным лёсе, не крыўдуе ні на які народ, а наўпрост радуецца жыццю?  Былы вязень Бухенвальда сцвярджае, што ягоны жыццёвы прынцып вельмі просты: не трымаць крыўды на іншых людзей.