53 рубцы на сэрцы Беларусі

30 траўня 1999 года ў падземным пераходзе каля станцыі метро «Няміга» адбылася масавая цісканіна, ахвярамі якой стала 53 чалавека, пераважна маладыя людзі, дзяўчыны.



niemiha.jpg

30 траўня 1999 года многія мінчукі прыйшлі на бераг ракі Свіслач на свята піва, арганізаванае броварным заводам «Аліварыя», і прымеркаваны да яго канцэрт гурта «Манга-Манга». Раптам пачалася навальніца, што суправаджалася буйным градам. Каля дзвюх з паловай тысяч маладых людзей паспрабавалі схавацца ад непагадзі ў падземным пераходзе. У выніку цісканіны загінула 53 чалавека, сярод якіх 40 дзяўчын і два супрацоўніка міліцыі, якія спрабавалі выратаваць людзей. Большасць загінулых — маладыя людзі ў веку ад 14 да 20 гадоў. Толькі тром загінулым было больш трыццаці гадоў — 36, 47 і 61 год. Больш 150 чалавек атрымалі розныя раненні.

Па версіі ўладаў, прычынай таго, што адбылося, стаў трагічны збег абставін. У прэсе пісалася пра тое, што цісканіне спрыялі мокрыя прыступкі і няўстойлівы абутак дзяўчын, якія былі на абцасах. Па факце гібелі людзей было ўзбуджана крымінальная справа: у нядбальстве (артыкул 168 Крымінальнага кодэкса ў рэдакцыі 1960 г.) вінаваціліся начальнік міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Віктар Русак і начальнік аддзела масавых імпрэз Міхал Кандраты. Аднак у 2002 годзе старшыня суда Цэнтральнага раёна Мінска Пётр Кіркоўскі перакваліфікоўваў абвінавачанне на артыкул, які не прадугледжвае адказнасць за гібель людзей, і спыніў справу ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці. Сваякам загінулых была выплачана кампенсацыя.
 

Сваякі загінулых неаднаразова падавалі ў суды пазовы на гарадскія ўлады, міліцыю, піўзавод «Аліварыя», радыёстанцыю «Мір» і прадусарскі цэнтр ТАА «Клас-клуб ДК», якія ў той дзень адказвалі за арганізацыю і забеспячэнне парадку на свяце піва. Аднак пазовы былі адхілены суднамі розных інстанцый.

На месцы трагедыі, каля ўваходу на станцыю метро «Няміга», 30 траўня 2002 года быў усталяваны мемарыял у выглядзе 53 кветак з бронзы (40 руж і 13 цюльпанаў па колькасці загінулых дзяўчын і мужчын), раскіданых па метафарычных ступенях з надпісам «53 рубцы на сэрцы Беларусі. 30 траўня 1999 года».