Ахоўнікі і рэфарматары — хто каго

Як правесці рэформы, каб яны не выглядалі як рэформы? На такое пытанне павінны даць адказ шматлікія высокія службоўцы як ва ўрадзе, так і ў прэзідэнцкім асяроддзі.



picturepicture_5733.jpg

Будзе — не будзе?

Ад інаўгурацыйнай прамовы кіраўніка Беларусі вельмі шмат хто чакаў аб’явы аб старце эканамічных рэформаў. А прагучала: ніякіх рэформаў не будзе. Унікальная сацыяльна-эканамічная мадэль ужо пабудаваная, застаецца яе толькі ўдасканальваць.

Гледзячы на тэмпераментнасць і экспрэсіўнасць «троннай прамовы», складана нават выказаць здагадку, як яна нараджалася. Думаю, падчас адчайнай бойкі паміж двума досыць выразна аформленымі групоўкамі ў асяроддзі прэзідэнта.

Але атрымалі мы тое, што атрымалі. Кіраўнік сваё стаўленне да рэформаў акрэсліў ёмістымі фразамі: «Занадта шмат сёння кажуць і пішуць аб структурных рэформах. І ніхто, заўважце, не сказаў: а што гэта за рэформы? Але калі хтосьці за рэформы, то вы ж будзьце людзьмі, скажыце, што трэба зламаць палітычны лад, дзяржаўны лад Беларусі, трэба падзяліць, разрэзаць дзяржаўную ўласнасць і раздаць. Трэба казаць адкрыта: на гэтыя рэформы нас пхаюць і за гэтыя рэформы сёй-той сёння ў свеце гатовы шмат заплаціць».

Але калі Лукашэнка кажа, што структурных рэформаў не будзе, гэта яшчэ не значыць, што іх сапраўды не будзе.

Бойка пад дываном

Калі ў снежні 2014 года на фоне фінансавага крызісу кіраўнік Беларусі змяніў урад, а потым ператасаваў сваю адміністрацыю, адбылося нешта нечаканае. У абедзве гэтыя структуры ўвайшлі маладыя (па беларускіх мерках) эканамісты-рыначнікі, з добрай адукацыяй і сучаснымі поглядамі на эканоміку. Ва ўрадзе Мясніковіча за рынкавыя падыходы адчайна змагаўся адзін міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, які гэтым заслужыў шчырую павагу з боку незалежных эканамістаў і журналістаў.

Пасля змены ўрада Снапкоў стаў намеснікам кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі, кампанію яму склаў іншы «рэфарматар» — Кірыл Руды, дарадца Лукашэнкі па эканамічных пытаннях і начальнік галоўнага эканамічнага ўпраўлення АП. А ва ўрадзе атабарыліся некалькі іншых рыначнікаў — першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі, намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі.

Менавіта ў першым паўгоддзі 2015-га сфармаваліся дзве ўмоўныя групы ўплыву ва ўладзе — «рэфарматары» і «ахоўнікі». Першыя перакананыя, што беларуская мадэль сацыяльнай дзяржавы з квазісацыялістычнай эканомікай — нягеглая і бесперспектыўная без сталага фінансавання з боку Расіі і вольнага доступу на рынкі ЕАЭС. Таму адзінае выратаванне для Беларусі — цвёрдая манетарная палітыка і структурныя рэформы ў эканоміцы. Другія лічаць, што ўсё добра, а таму руйнаваць яе не варта.

Да групы «рэфарматараў» я б умоўна далучыў Мікалая Снапкова, Кірылу Рудага, Васіля Мацюшэўскага, Аляксандра Забароўскага, усё кіраўніцтва Нацбанка і асабіста Паўла Калаўра. А таксама іх шматлікіх паслядоўнікаў у розных дзяржструктурах. Гэта перад імі цяпер стаяць няпростыя задачы. Па-першае, запусціць рэформы, пра якія багата казалася ў апошнія месяцы на шматлікіх эканамічных форумах. А па-другое — прыдумаць фармулёўку для пазначэння пераўтварэнняў у эканоміцы і грамадстве, пазбягаючы словаў «рэформа», «перабудова», «перазагрузка» і ім падобных. Можна ўзгадаць, што і Міхаіл Гарбачоў свае рэформы спачатку назваў не «перабудова», а «паскарэнне».

«Рэфарматарам» супрацьстаяць «ахоўнікі», значна больш шматлікія. Сюды ўмоўна аднясем прамыслова-аграрнае лобі ва ўрадзе (віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц, віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, якіх падтрымлівае Мясніковіч з пасады спікера Нацыянальнага сходу), кіраўнікоў галіновых дзяржканцэрнаў («Белдзяржхарчпрам», «Беллегпрам» і іншых), а таксама ўсіх кіраўнікоў сілавых ведамстваў. Менавіта з падачы «ахоўнікаў» кіраўнік Беларусі запэўнівае публіку ў нязменнасці эканамічнай мадэлі.

Пакуль «ахоўнікаў» падтрымлівае і мясцовая ўлада. Не выпадкова, мусіць, Снапкоў на «Кастрычніцкім эканамічным форуме» (KEF-2015) заявіў: «Сёння вертыкаль улады, якая некалі фармавалася як адзін з асноўных элементаў структуры грамадства, ужо не дае таго эфекту, які можна было чакаць. Чыннік гэтага — раз’яднанасць мэтаў паміж урадам, міністэрствам, аблвыканкамам, раёнам».

Крыху раней Кірыл Руды моцна раскрытыкаваў «ручную мадэль» кіравання эканомікай. А на KEF-2015 ён заявіў: «У апошнія гады ва ўрадзе і Нацбанку адбылася змена пакаленняў, і з 2013 года органы ўлады, незалежна ад таго, хто іх узначальвае, стала распрацоўваюць праграмы рэформаў». Такая заява дорага каштуе!

Няма рэформаў — няма грошай

Між тым, у «рэфарматараў» ёсць важкі аргумент: і МВФ, і Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) гатовыя выдаць крэдыты Беларусі, але толькі пад рэформы. Пры ўмовах узмацнення жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі (кантроль за друкарскім станком) і змены структуры эканомікі (скарачэнне долі і ролі дзяржавы ў эканоміцы).

А Беларусь ужо страціла магчымасць перабіраць варыянты. Трэба або пагаджацца на ўмовы крэдытораў, выгандлёўваючы сабе невялічкія саступкі, або сыходзіць у доўгую хвалю крызісу. Гледзячы па ўсім, кіраўніцтва краіны абрала першы варыянт. І абвешчаная ў 2016 годзе дэнамінацыя таму пацвярджэнне — без цвёрдай грашова-крэдытнай палітыкі і досыць высокіх ЗВР гэтая задума бессэнсоўная.

Аднак «для народа» рыторыка застаецца ранейшай: сацыяльная дзяржава, дапамога пенсіянерам, аграрыям, жанчынам з дзецьмі і ўсім іншым, да каго дацягнецца дзяржаўны клопат. Непадвышэнне тарыфаў на ЖКГ і на транспарт, працяг стрымлівання коштаў.

У сваёй прамове кіраўнік Беларусі цвёрда прайшоўся па прыхільніках зменаў ва ўласным асяроддзі: «Рэфарматары пхаюць мяне на рэформы: «Глядзіце, які рэйтынг даверу! Амаль увесь народ за прэзідэнта! Давай хуценька правядзем рэформы! Давай рэзаць па жывым!». Я ім адказваю: пачнём рэзаць з тых, хто гэта прапаноўвае. Так не пойдзе!». Аднак звярніце ўвагу: пакуль нікога з «рэфарматараў» Лукашэнка са свайго асяроддзя не выгнаў і нават публічна не вылупцаваў. Больш за тое, у асабістых зносінах з імі я асаблівага засмучэння ў «рэфарматараў» не заўважаю.

Зараз падчас перамоў з дэлегацыяй МВФ у Мінску ўрад спрабуе прадэманстраваць міжнародным фінансістам сваю прыхільнасць рэфармаванню эканомікі. І адначасова — па магчымасці зрэтушаваць «антырэфарматарскія» выказванні свайго лідара.

Калі мы станем жыць горш?

Ніхто з «рэфарматараў» не хавае, што мінімум першыя два гады рэформ людзям жыць бу­дзе цяжка. Прыбыткі абрынуцца, тарыфы на ЖКГ вырастуць, з нерэнтабельных прадпрыемстваў будуць масава звальняць працаўнікоў. Так было ва ўсіх краінах — і таму там часта змяняліся ўрады. Каму хапіла імпэту давесці рэформы да канца, сёння жывуць добра (Польшча, Чэхія, Славакія, Эстонія). Хто «здзьмуўся» і пайшоў на кампрамісы, ніяк не выкараскаецца з чаргі крызісаў (Балгарыя, Румынія, Латвія).

Але вось парадокс: менавіта цяпер улада дэманструе моцную ўпэўненасць у тым, што прынамсі ў 2016-м беларуская эканоміка будзе стабільнай. Чаму кіраўніцтва краіны ўпэўненае ў гэтай фінансавай стабільнасці?

Для гэтага ёсць свае чыннікі. Па-першае, у Мінску пачала працу місія МВФ. Да 19 лістапада эксперты фонду ацэняць падрыхтаванасць беларускіх уладаў да рэфармавання эканомікі. Калі ацэнка будзе добрай, Беларусь можа разлічваць на крэдыт у $3 мільярды.

Папярэдні крэдыт па праграме stand-by на $3,46 мільярда МВФ выдаў Беларусі ў 2009 годзе, і нашая краіна па ім цалкам расплацілася. Пры гэтым МВФ выдае крэдыты па стаўцы 2,5–3% гадавых, што, безумоўна, вельмі выгадна для Беларусі. Для параўнання: у 2014 годзе Расія выдала Беларусі між­дзяржаўны крэдыт па стаўцы 4% гадавых.

Таксама нядаўна стала вядома, што ўрад Расіі вырашыў замарозіць экспартную мыту на нафту. Раней «падатковы манеўр» Расіі прадугледжваў паніжэнне мытнага каэфіцыента з 42% да 36%. Гэта прывяло б да росту коштаў на нафту пры пастаўцы ў Беларусь. Тое, што ранейшыя каэфіцыенты захаваюцца, дазволіць павялічыць прыбыткі беларускага бюджэту.

Нарэшце, для кіраўніцтва Беларусі захоўваецца магчымасць «нечакана» пагадзіцца на размяшчэнне ў краіне расійскай авіябазы — і атрымаць за гэта немалыя фінансавыя бонусы.

Пэўна, не выпадкова Кірыл Руды свой выступ на KEF-2015 назваў крыху правакацыйна: «Чаму рэформы не атрымаюцца (у Беларусі ў 2016 годзе)». Гледзячы на тое, што адбываецца, цяперашняя сацыяльна-эканамічная мадэль будзе замарожаная прыкладна на год. А структурныя рэформы ў эканоміцы будуць запускацца ледзьве не патаемна, з максімальным адцягваннем іх уздзеяння на штодзённае жыццё беларусаў. І, паўтаруся, называцца яны будуць неяк па-іншаму.