Алесін: Расія будзе ўсяляк супрацьдзейнічаць сіле, якая пацягне Беларусь у Еўропу

На пасяджэнні Рады бяспекі 22 студзеня Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў новую вайсковую дактрыну. Дакумент у выглядзе праекту закону яшчэ мусіць разглядацца і прымацца Нацыянальным сходам Беларусі.



0a4d9199_dad2_4a46_a49b_a6ed912e4326_w640_r1_s.jpg

Што ўжо цяпер можна сказаць пра навізну і актуальнасць зменаў у вайсковую дактрыну краіны? Незалежны ваенны эксперт Аляксандр Алесін мяркуе, што скарэктаваць вайсковую дактрыну Аляксандра Лукашэнку вымусіла рэзкая змена сітуацыі з бяспекай вакол Беларусі.

— Шмат новага ў такіх дакументах чакаць не варта, тут важныя акцэнты, і некаторыя з іх сапраўды загучалі па-новаму. Бо сапраўды змянілася абстаноўка вакол нашай краіны. З аднаго боку, Расія абвастрыла гэтую абстаноўку, калі рэзка адрэагавала на змену курсу Украіны, яе пераарыентацыю на саюз з NАТО, з другога боку, і NАТО ў нашым рэгіён пачаў большую актыўнасць. Расія адрэагавала на гэта абвастрэннем адносін з Польшчай, з краінамі Прыбалтыкі, як вынік — ужо кіраўніцтва Польшчы заклікае да павялічэння сілаў NАТО на тэрыторыі краіны і ўзмацнення ўласных узброеных сілаў. То бок відавочна эскалацыя ваенна-палітычнай напружанасці. Вышэйшыя афіцыйныя асобы з краін NАТО і Расіі яшчэ не называюць гэта новай халоднай вайной, але, на маю думку, яна ўжо ідзе. На гэта Беларусь мусіць рэагаваць, адсюль і з'яўленне новай Ваеннай дактрыны.

— Паводле гэтай новай дактрыны вайна больш верагодна?

— Аляксандр Лукашэнка наўпрост кажа, што пры пэўных абставінах Беларусь мусіць будзе ўжыць вайсковую сілу. Нешта сапраўды новае? Акрамя больш рашучага тону, істотных зменаў не бачу. Мы і па старой дактрыне, паводле дамоваў з саюзнай нам Расіяй і ў межах АДКБ, мусілі ў выпадку канфлікту Расіі з Захадам выступіць на баку Расіі, прычым не мае значэння, хто першым пачне канфлікт — гэта застаецца і зараз. Але што да нюансаў пагрозы нацыянальнай бяспекі, дык нейкія змены заўважаны. Канешне, Лукашэнка зноў бачыць асноўную пагрозу суверэнітэту ў знешняй правакацыі каляровых рэвалюцый, гэта для яго найбольш балючая тэма. Але і больш выразна агучаная пагроза гібрыднай вайны кшталту той, праз якую была захоплена частка Ўкраіны. Бачна, што сітуацыя ва Украіне ў галаве Лукашэнкі не на апошнім месцы. Ён таксама занепакоены з'яўленнем у нас экстрэмістаў, якія атрымалі ваенны досвед падчас падзеяў ва Украіне, прычым незалежна ад колераў іх ідэалогіі.

— У выпадку глабальнага канфлікту Расіі з Захадам, як вы мяркуеце, Беларусь акажацца на баку Расіі. Гэта будзе ўсё ж яе выбар, ці выбар Расіі, якая яго навязвае іншым? І ці ёсць магчымасць для Беларусі яго пазбегнуць, не чакаючы, калі будзе запозна?

— Безумоўна, гэта найперш будзе выбар Расіі, але цяперашняя Беларусь гэтаму не можа нічога супрацьпаставіць. На яе ўжо аказваецца вялікі ціск за тое, што спрабуе падтрымліваць узважаныя адносіны з Захадам, якія найбольш адпавядаюць нашым нацыянальным інтарэсам. Паглядзіце, як толькі Беларусь крыху нармалізуе гэтыя адносіны, адразу ў Расіі падымаецца прапагандысцкая хваля, што Беларусь — гэта «траянскі конь», што з ёй будзе як з Украінай, нібыта ўцячэ на Захад. Такіх сілаў у Расіі хапае, праз іх ціснуць не толькі на ўладу Лукашэнкі, але і на свядомасць простых людзей. З другога боку, з адыходам Беларусі на Захад у Расіі сапраўды агаляецца яе заходняя мяжа. Гэтак гістарычна склалася: Расія вялікая, але яе сэрца ўсяго ў некалькіх сотнях кіламетраў на ўсход ад Еўропы, і таму яна будзе рабіць усё, каб не агаліць гэты фланг на сваім захадзе. Падзеі ва Украіне, тое што адбылося пасля Майдану, ёсць рэакцыяй на паварот Украіны ад стратэгічнага хаўрусу з Расіяй да сяброўства з NАТО. Калі ў Беларусі з'явіцца сіла, якая будзе перацягваць яе да Еўропы, Расія гэтак сама будзе ўсяляк гэтаму супрацьдзейнічаць. Тут мусяць гэта ўлічваць.

— Новая вайсковая дактрына больш увагі надзяляе ваенна-прамысловаму комплексу. Ці не дойдзе гэтак да мілітарызацыі эканомікі, да таго, што большасць пачне працаваць на «абаронку», замест трактароў будзем збіраць танкі, як у былым СССР?

— Мяркую, такія засцярогі лішнія. На маю думку, дзяржава зможа актывізаваць ваенна-прамысловае развіццё толькі праз дапамогу прыватным прадпрыемствам у гэтай галіне, якія ёсць і паспяхова працуюць. Дапамагчы такім прадпрыемствам, як «Тэатраэрд», «Мінатор-сэрвіс» ці іншым, якіх хапае, нягледзячы на дамінаванне дзяржаўных вытворцаў, працаваць больш эфектыўнай. Гаворка пра юрыдычную дапамогу, нейкія захады ў абароне іх інтарэсаў на міжнародных рынках узбраення. Але што да мілітарызацыі дзяржаўнага сектару эканомікі, тут у Беларусі шмат абмежаванняў: трэба падтрымліваць пенсіянэраў, сацыялку, трэба ўтрымліваць міліцыю, службы бяспекі, войска. Такога грузу шмат і таму вялікіх сродкаў на мілітарызацыю эканомікі проста не знойдзеш.

www.svaboda.org