Сірыйскія актывісты абвінавачваюць Расію ў гібелі 47 чалавек у ходзе авіяналёту

Актывісты мяркуюць, што за суботні авіяналёт нясуць адказнасць расійскія ваенныя самалёты. Раней заяўлялася пра 29 ахвяраў.



0_18969494_303_00.jpg

Наступствы расійскага авіяналёту ў Сірыі, фота з архіву Deutsche Welle

Пасля нядаўняга авіяналёту на невялікі горад Хашам колькасць ахвяр сярод мірных жыхароў істотна ўзрасла. Па звестках мясцовых праваабаронцаў, у выніку абстрэлу, які адбыўся ў суботу, 23 студзеня, загінула па меншай меры 47 чалавек, сярод іх 9 дзяцей і 2 жанчыны. Раней гаварылася пра 29 ахвяраў. Актывісты зыходзяць з таго, што за налёт нясуць адказнасць расійскія ваенныя самалёты.

Усяго з пятніцы ў правінцыі Дайр Эз-Заур, якая амаль цалкам знаходзіцца пад кантролем тэрарыстаў ІД, з-за розных авіяцыйных нападаў загінуў ужо 91 чалавек. Сірыйскія ўрадавыя войскі ўтрымліваюць пад кантролем адзін анклаў на захадзе ад адміністрацыйнага цэнтра правінцыі, які носіць тую ж назву.

Тыдзень таму баевікі ІД пачалі там актыўны наступ, у выніку якога ўжо былі забітыя каля 500 чалавек.

У канцы снежня 2015 г. Вашынгтон абвінаваціў Маскву ў авіяналёце на грамадзянскія аб'екты ў Сірыі. Пры бамбаванні былі забітыя "сотні мірных жыхароў", у тым ліку і супрацоўнікі выратавальных службаў. Па словах амерыканскіх палітыкаў, расійскія ваенныя самалёты атакавалі медыцынскія ўстановы, школы і рынкі.

Паводле Deutsche Welle