Алесь Лагвінец: Трэба не казаць, а рабіць
Беларусь хоча заключыць з ЕC новае пагадненне для развіцця стасункаў. Пра гэта ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
Фота svaboda.org
«Мы павінны дамагчыся таго, каб пачаць выбудоўваць дачыненні з Еўрасаюзам у будучыні на аснове новага дакумента паміж Беларуссю і ЕС. Сёння мы развіваем нашу супрацу на аснове тых пагадненняў, якія былі заключаны паміж СССР і Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю», — патлумачыў Макей.
Алесь Лагвінец пракаментаваў "Радыё Рацыя" словы Макея:
— Вельмі цешыць, што ў галовы беларускіх чыноўнікаў нарэшце прыйшла думка, што з ЕС неабходна новае пагадненне, бо пра гэта даўным-даўно ведалі ўсе. І віна ў тым, што да гэтага часу няма пагаднення паміж незалежнай Беларуссю і Еўрасаюзам, ляжыць выключна на беларускай уладзе. Менавіта з-за непавагі да правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў пагадненне, якое падпісалі ў 1995 годзе, не было ратыфікавана. Зараз зноў жа беларускія ўлады, наколькі мне вядома, тармозяць і працэс увядзення спрошчанага візавага рэжыму. Не падпісана і пагадненне, якое ўлады меліся падпісаць, — Дэкларацыю аб “Усходнім партнёрстве”. Адным словам, казаць правільныя рэчы нашы чыноўнікі нібыта навучыліся. Але пытанне ў тым, ці здольныя яны гэтыя рэчы выконваць?
— Чаму беларускі бок цягне гуму з падпісаннем гэтых пагадненняў?
— Таму што ў Еўрасаюзе — прававыя дзяржавы. Калі яны нешта падпісваюць, то выконваюць узятыя на сябе абязальніцтвы. І беларускія ўлады цудоўна разумеюць, што, калі яны пачнуць выконваць еўрапейскія нормы, то гэта можа пахіснуць іх рэжым і кантроль над беларускім грамадствам. А еўрапейская інтэграцыя якраз прадугледжвае шырокую гаразынтальную супрацу. І ёсць шанец, што большая колькасць беларусаў зразумее, што гэтая ўлада — не еўрапейская. Яна цягне Беларусь назад.
— Такая любоў да “еўрапейскіх каштоўнасцяў” з’явілася з-за неабходнасці атрымання еўрапейскага крэдыту?
— Беларусь зараз мае патрэбу ў Еўрасаюзе, бо гульня толькі па расійскіх правілах — даволі небяспечная. Таму беларускія чыноўнікі і кажуць нібыта цалкам правільныя рэчы. Але, паўтаруся, паміж “казаць” і “рабіць” — велізарная дыстанцыя, якую беларускія ўлады, хутчэй за ўсё, не здольныя прайсці.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя