Ананімам уваход забаронены

Ужо трэці дзень чытачы айчынных медыя могуць выказваць свае «ваў» і «фу» пад навінамі толькі прывязаўшы акаўнт да нумара тэлефона. Чым яшчэ быў адметны мінулы тыдзень — чытайце ў нашым аглядзе. 

ui_59b7e12aaa8c45.95821019.jpeg


Праўда, далёка не ўсе СМІ будуць рабіць ідэнтыфікацыю карыстальнікаў — тэхнічна складана, а карысці мала. Цяпер самыя бурныя батлы паміж каментатарамі вядуцца ў сацсетках. Таму многія, у тым ліку і «Новы Час», папросту закрываюць свае форумы. У чым сэнс уводзіць ідэнтыфікацыю каментараў — зразумець цяжка. Чыноўнікі тлумачаць усё дабрадзейнымі матывамі: маўляў, ананімы могуць абразіць, а чалавек нават і не ведае, на каго напісаць заяву ў міліцыю. Але ж і ў Facebook можна атрымаць абразлівы каментар ці паведамленне ад карыстальніка з фэйкавым імем, напрыклад, Дарт Вэйдар, — на каго скардзіцца тады?

Некаторыя бачаць у гэтым геапалітычныя патрэбы — многія каментары пішуцца прафесійнымі тролямі, якія хочуць сфармаваць у аўдыторыі пэўныя меркаванні. Але ж дасведчаныя мадэратары ўмеюць спрытна адсякаць такіх каментатараў і без забароны ананімнага каментавання. Дый ці трэба камусьці апрацоўваць чытачоў сайтаў, калі тыя ж сацсеткі для гэтага — значна больш прыдатная глеба? Не прыгадаеце, праз якое СМІ Расія ўмешвалася ў апошнія прэзідэнцкія выбары ў ЗША? Правільна, не прыгадаеце, бо паказанні сенату даваў не рэдактар буйнога амерыканскага СМІ, а кіраўнік Facebook Марк Цукерберг. Таму ёсць адчуванне, што гэтая забарона — выключна дзеля забароны. Альбо што беларускія чыноўнікі, як заўсёды, спрабуюць ускочыць у апошні вагон, не разумеючы, што форумам ужо ніколі не параўнацца з сацсеткамі ў сваёй папулярнасці.

Тым часам працягваецца эпапея «БЕЛТА» vs незалежныя журналісты». І чым далей разгортваюцца падзеі, тым больш зразумела, што гэта спланаваная атака супраць галоўнай рэдактаркі TUT.BY Марыны Золатавай. На гэты тыдні яшчэ з васьмі падазраваных журналістаў знялі абвінавачванні — праўда, перад гэтым яны мусілі заплаціць вялізныя штрафы. Такім чынам, з 15 рэдактараў і журналістаў, што праходзілі па «справе БЕЛТА», абвінавачанымі застаюцца ўсяго два чалавекі: сама Золатава і галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына. Самыя цяжкія абвінавачванні высунутыя Золатавай — за «бяздзейнасць службовай асобы» яна можа патрапіць за краты ажно на пяць гадоў. Відавочна, што напярэдадні парламенцкай і прэзідэнцкай кампаніі ўлады спрабуюць загасіць самы чытальны беларускі сайт. Заснавальнік TUT.BY Юры Зісер распавядаў журналістам, што Золатаву спрабуюць пазбавіць пасады ўжо даўно, яна добра намуляла вока чыноўнікам. Аднак каманда партала пакуль што гарой стаіць за сваю рэдактарку і стараецца адбіць атаку — так, у абарону Золаватай ужо выказалася даўнішняя сяброўка Зісера Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч ды іншыя вядомыя дзеячы.

Пакуль незалежныя журналісты рыхтуюцца да судоў, дзяржаўныя атрымліваюць узнагароды. Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога 134 прадстаўнікі самых розных сфер — ад дэпутатаў да артыстаў — атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды. І пяцёра з гэтых шчасліўчыкаў — супрацоўнікі БЕЛТА. Не менш забаўнай выглядае і ўзнагарода ад АБСЕ Алене Купчыной — вядомай беларускай чыноўніцы, якая, служачы на розных пасадах, шмат гадоў спрабуе прывесці імідж Беларусі на міжнародным полі ў прыстойны выгляд. Зараз Купчына займае пасаду беларускага амбасадараў Аўстрыі і сталага прадстаўніка Беларусі пры АБСЕ. Узнагарода называецца «Белая стужка», і была ўручана Купчыной за «выбітны ўклад у прасоўванне гендарнай роўнасці і супрацьдзеянне гвалту ў дачыненні да жанчын». Можа быць, Алена Купчына такі ўгаварыла Лукашэнку пагадзіцца на публічна раскрытыкаваны ім закон пра хатні гвалт? Альбо паспрыяла адмене ганебнага спісу забароненых для жанчын прафесій, сярод якіх ёсць нават такія бяскрыўдныя, як прафесія вадалаза і машыніста метро? Не, закона дагэтуль няма, спіс дагэтуль ёсць, а нагода для ўзнагароды, як вынікае з паведамленняў прэс-службы МЗС, — «акцэнтаванне ў рамках АБСЕ тэмы барацьбы з гвалтам у адносінах да жанчын, у прыватнасці актыўны ўдзел у пастаноўцы на пляцоўцы Арганізацыі 26 чэрвеня 2018 года дакументальнай п’есы «Сем». Што ж, калі беларускія чыноўнікі слаба праяўляюць сябе на палітычнай сцэне, хай хоць на тэатральнай папрацуюць.

Абы не на цыркавой арэне. Але гэтае месца хутка можа быць занятае кіраўніцтвам праваслаўнай царквы. Мітрапаліт Павел зноў апынуўся ў топе навінавых стужак — гэтым разам з заявай пра баптыстаў-сектантаў, якія абабіраюць людзей, як цыгане. Многія ўгледзелі ў яго словах распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці. Біскуп беларускага Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў Леанід Міховіч выступіў з заклікам да талерантнасці і свабоды веравызнання, а таксама пажадаў дастатку ўсім народам, асабліва цыганам-баптыстам. Каментатары ацанілі гумар пратэстанцкага біскупа, а вось імідж праваслаўнага духавенства чарговы раз пацярпеў.

Пікантнасць сітуацыі і ў тым, што 90% беларускіх ромаў — праваслаўныя. А значыць, мітрапаліт, які, дарэчы, мае свецкую ўзнагароду «Заслужаны міратворац», умудрыўся пакрыўдзіць частку сваёй паствы якраз напярэдадні Каляднага посту.

Пакуль што ромы гэтую заяву не каментавалі, але, думаецца, што пасля такіх публічных абразаў перадкалядныя ахвяраванні ў цэрквах могуць істотна зменшыцца.