Марыне Золатавай адмовілі ў хадайніцтве аб спыненні крымінальнай справы

У пятніцу галоўнаму рэдактару партала tut.by Марыне Золатавай адмовілі ў хадайніцтве аб спыненні крымінальнай справы, паведамляе «Еўрарадыё».

10835035_1041446209204792_2719923408024481448_o_z8gt3.jpg

Яна застаецца адзінай абвінавачанай па "справе БЕЛТА". Раней былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці 14 іншых супрацоўнікаў розных СМІ. Яны заплацілі штраф за адміністрацыйнае правапарушэнне (735 рублёў), кампенсавалі выстаўленыя следствам сумы стратаў (ад 3 да 17 тысяч рублёў) і цяпер праходзяць у якасці сведкаў. Як інфармуе tut.by, рашэнне па хадайніцтве Золатавай агучыў кіраўнік следчай групы Аляксандр Сяменік. Яна мае месяц на азнаямленне з матэрыяламі справы, пасля чаго зноў зможа звярнуцца з хадайніцтвам у пракуратуру.

Марыну Золатаву абвінавачваюць у бяздзейнасці службовай асобы (ч. 2 арт. 425 КК). Ёй пагражае, як мінімум, штраф, а як максімум — да 5 гадоў пазбаўлення волі. Усіх іншых вінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да камп'ютарнай інфармацыі.

"Справа БЕЛТА" пачалася ў жніўні, калі ў офісах tut.by, БелаПАН, іншых СМІ, па месцы жыхарства іх журналістаў, рэдактараў адбыліся ператрусы. Затрымалі больш за дзясятак чалавек, якіх абвінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да платнай падпіскі на навіны дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА.

euroradio.fm