Крымінальны пераслед па «справе БелТА» рэдактара tut.by Ганны Ермачонак спынены

Абвінавачанымі па «справе БелТА» застаюцца галоўныя рэдактары БелаПАН Ірына Леўшына і tut.by Марына Золатава.

Ганна Ермачонак

Ганна Ермачонак

28 лістапада было задаволена хадайніцтва Ганны Ермачонак аб спыненні крымінальнага пераследу на падставе арт. 86 Крымінальнага кодэкса (вызваленне ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем асобы да адміністрацыйнай адказнасці).
Ермачонак заплаціла адміністрацыйны штраф у 30 базавых велічыняў (735 рублёў). Зараз па «справе БелТА» яна праходзіць як сведка. Падпіска аб нявыездзе адменена, забарона на выезд з краіны знята.
Раней па аналагічных падставах быў спынены крымінальны пераслед яшчэ 12 фігурантаў справы. Як і Ермачонак, усе яны пагасілі ўрон (ад 3.000 да 17.000 рублёў) і заплацілі адміністрацыйныя штрафы ў 30 базавых велічынь.
Абвінавачанымі па «справе БелТА» застаюцца галоўныя рэдактары БелаПАН Ірына Леўшына і tut.by Марына Золатава. Леўшына абвінавачваецца па ч. 2 арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі), па якім было прад'яўленае абвінавачванне і астатнім фігурантам справы. Золатаву абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 КК (бяздзейнасць службовай асобы). Санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць ад штрафу да пяці гадоў пазбаўлення волі. Усяго па «справе БелТА» праходзілі 15 чалавек.
З 7 па 9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі ператрусы. Былі затрыманыя супрацоўнікі tut.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова і Ірына Леўшына, а таксама ўласны карэспандэнт «Нямецкай хвалі» Павал Быкоўскі і рэдактар ​​сайта газеты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў. Яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання.
Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
naviny.by