«Справа БелТА». Спынены крымінальны пераслед рэдактара сайта «Беларусы і рынак»
Крымінальны пераслед рэдактара інтэрнэт-сайтf газеты "Беларусы і рынак" Аляксея Жукава спынены.
Такое рашэнне прынята пасля задавальнення хадайніцтва Жукава аб спыненні вытворчасці па крымінальнай справе на падставе арт. 86 КК (вызваленне ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем асобы да адміністрацыйнай адказнасці) пасля аплаты штрафу ў памеры 30 базавых велічынь (735 рублёў), паведамляюць naviny.by.
Па аналагічных абставінах 26 лістапада быў спынены крымінальны пераслед міжнароднага аглядальніка БелаПАН Таццяны Каравянковай і рэдактара партала TUT.by Ульяны Бабаед.
22 лістапада яшчэ двух фігурантаў справы, уласнага карэспандэнта «Нямецкай хвалі» Паўлюка Быкоўскага і рэдактара партала Realt.by Уладзіслава Кулецкага, вызвалілі ад крымінальнай адказнасці.
Усяго па «справе БелТА» праходзілі 15 чалавек. Усе яны, апроч галоўнага рэдактара TUT.by Марыны Золатавай, былі абвінавачаныя па ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі БелТА). Золатавай прад'явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 425 КК (бяздзейнасць службовай асобы).
Усім фігурантам прад'яўленыя пазовы аб шкодзе, яе сумы вар'іруюцца ад 3 да 17 тысяч рублёў.