Апазіцыя выпрацоўвае агульную пазіцыю па прыватызацыі ў Беларусі

Сустрэча прадстаўнікоў апазіцыйных рухаў і партый прайшла ў межах Паглыбленага дыялогу, у якім прымаюць удзел 11 партыяў і арганізацыяў.

pyx.jpg


«Наша задача ў межах паглыбленага дыялогу знайсці агульныя рашэнні. Тэма прыватызацыі — не самая простая, мае падводныя камяні, бо гледжанне на яе адрозніваецца ад ідэалогіі партыі», — адзначыў адкрываючы круглы стол старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
Ён падкрэсліў, што пазіцыі — часам розныя, але важна набліжацца да агульнай.
Пад час мерапрыемства было прэзентаванае апытанне стаўлення рабочых шэрагу прадпрыемстваў да прыватызацыі. У прыватнасці, 48,6% падтрымалі прыватызацыю свайго прадпрыемства. І толькі 27,6% былі супраць, яшчэ 23,8% не змаглі адказаць на пытанне.
«Улада і маёмасць сёння ў адных руках», — адзначыў на круглым стале эканаміст Леанід Злотнікаў.
Ён лічыць, што прыватызацыю трэба праводзіць у новых умовах, якіх трэба дабівацца.
«Прыватызацыя — складаны працэс і вельмі адчувальнае пытанне для ўладаў. Сёння назіраецца адваротны працэс, звязаны з вяртаннем у дзяржаўную ўласнасць прадпрыемстваў, прыватызаваных у 90-я гады», — адзначыў мінскі гарадскі каардынатар Віктар Янчурэвіч.
Падчас дыскусіі, дадаў ён, мы прыйшлі да высновы, што пры дзеючай уладзе ніякія прапановы і канцэпцыі ў гэтай сферы не могуць быць рэалізаваныя, таму што дзяржаўная уласнасць над сродкамі вытворчасці і кіраванне ёй праз прызначаных вертыкаллю дырэктараў, адкрывае шырокія магчымасці па кантролю над грамадствам.


Чытайце таксама: Ці адмовіцца дзяржава ад зямлі?


«Прыватныя прадпрыемствы такімі сёння можна называць умоўна, бо і яны вымушаныя атрымліваць інструкцыі з мясцовых адміністрацыяй. Але, нягледзячы на гэта, мы павінны мець уяўленне аб тым, што мы, дэмакратычная супольнасць будзем рабіць, калі прыйдзем да улады. Выпрацоўцы нашага бачання працэсу прыватызацыі і быў прысвечаны экспертны круглый стол», — патлумачыў Янчурэвіч.
Паводле pyx.by