
Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com
На сустрэчы з гэтай нагоды прысутнічала каля 20 чалавек: эканамісты, юрысты, палітычныя дзеячы і грамадскія актывісты.
Аднак гэта аказалася не так проста. Дзяржава, як вынікае са словаў Канапацкай, не спяшалася дзяліцца манаполіяй на вызначэнне прававых падстаў кіравання зямлёй.
«Мы сутыкнуліся з каласальным супрацьдзеяннем на месцах. Выканкамы не хочуць аддаваць такі ласы кавалак даходаў, як і камітэт па зямлі і дзяржмаёмасці».

Прычыны, чаму зямельная праблема актуальная для беларусаў, разгарнуў у сваім выступе кіраўнік руху «За свабоду!» Юрась Губарэвіч:
«У сілу спецыфікі сваёй дзейнасці Рух «За свабоду!» вельмі часта сутыкаецца з пратэстнымі групамі, і ім не падабаецца, як з імі абыходзяцца ўлады. Улады зносяць катэджныя пасёлкі, замест іх прапануюць будаваць гандлёвыя цэнтры альбо пракладаць дарогу. Але калі пракладку дарог яшчэ неяк можна зразумець, то бывае і такое, што зносяць катэджы і потым проста гэтую зямлю аддаюць іншаму ўласніку. Гэта ўжо нельга назваць абсурдам, гэта злачынства, якое мусіць быць расследавана і пакарана.
Жыхарка пасёлку Бараўляны, грамадская актывістка Ірына Штыркіна расказала, як яе інтарэсы наўпрост сутыкнуліся з дзяржаўнымі:
"Гады паўтары таму ў Бараўлянах адбыўся генплан: хацелі будаваць многоголосную дарогу праз посёлки з перспектывай ушчыльнення дамоў і вырубкі 4,5 гектараў леса, прыкрываючыся неабходнасцю будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў. Людзі згуртаваліся і пачалі спрабаваць вырашыць гэтую праблему. Мы, жыхары дамоў, сутыкнуліся з тым, што нашае жыццё хочуць пагоршыць. Праблема не вырашаная – мы імкнемся дайсці да прэзідэнта і дагрукацца да іншых органаў. Пагутарыўшы з жыхарамі другіх месцаў, дзе адбывалася падобнае, мы зразумелі, што праблемы розныя, але яны робяцца адной праблемай".

Ірына Штыркіна
У пацверджанне сказанаму арганізатары паказалі невялікі фільм аб ушчыльненні пасёлку Копішча і іншых месцаў у Мінскім раёне.

Юрыстка, былая рыэлтарка, Вольга Беляўцова, распавяла, што змены, прапанаваныя аўтарамі законапраекта, можна абагульніць па трох напрамках:
— зрабіць адабранне зямельных участкаў магчымым толькі праз суд. Адмяніць адміністрацыйны парадак адабрання;
— зменшыць колькасці паставаў адабрання ўчасткаў для дзяржаўных патрэб;
— адмяніць забарону на дзяленне зямельных участкаў;
— звесці ўсе вечныя зямельныя правы ў два галоўных — бо ўсе астатнія ствараюць вялікі прастор для маніпуляцыі.

На сённяшні ж дзень, кажа яна, прынцып такі, што чалавек можа распараджацца толькі тым, што сам пабудаваў на ўчастку. А самім участкам – толькі праз сем гадоў валодання.
Вольга дадала, што нават арэнда на сёння пераўтварылася ў самы непрыцягальны від права, ад якога арэндатары імкнуцца сысці: стаўку арэнднай платы дзяржава можа ў любы момант змяніць, у арэндатара ніхто не пытаецца.
Па выніках аналізу выпадкаў адабрання ўчасткаў стала зразумела, што самым папулярным з'яўляецца адабранне ў сувязі з незаняццем зямельнага ўчастку і з невыкананнем інвестыцыйных абавязкаў.
Такім чынам, асноўныя навінкі законапраекта зводзяцца да абмежавання ролі дзяржавы і да таго, каб зрабіць яе працу ў галіне зямельных адносін больш празрыстай і грамадзяна-цэнтрычнай.
Аднак з такой пастаноўкай пытання былі згодныя не ўсе — на прэзентацыі прысутнічалі былыя дзяржаўныя прадстаўнікі. Напрыклад, былы кіраўнік саўгасу Пётр Мігурскі аспрэчыў палажэнні праекту, западозрыўшы ў ім спробу агульнай прыватызацыі зямлі, і не пагадзіўся са сцверджаннямі Ганны Канапацкай аб тым, што грошы, атрыманыя падчас прыватызацыі, не застаюцца ў мясцовым бюджэце.
Адзін з выступоўцаў эканаміст Леанід Злотнікаў зазначыў, што пытанне зямлі — палітычнае.

У каментары для «Новага часу» ён патлумачыў свае меркаванне.
— Гэта базавыя адносіны па ўласнасці. Яны вырашаюцца ў палітычнай сферы. Калі прыйшлі капіталісты — хто аказаўся ва ўладзе? Не каралі, не імператары, а тыя, каго буржуазія абрала ў парламент. Масы беларусаў не імкнуцца да прыватнай уласнасці, мусіць быць нешта ўраўнальнае, людзі больш думаюць аб сацыяльнай абароне. Бо прыватная ўласнасць — гэта думай сам, як вывернуцца. А тут — дзяржава патурбуецца, дах над галавой, абуць, апрануць — усё дзяржава. Гэтак вельмі прыемна: можна скінуць усе турботы і жыць так, каб дзяржава вырашыла твае праблемы. Таму людзі не надта імкнуцца да прыватнай уласнасці на зямлю. Больш чым палова беларусаў не падтрымлівае гэта. А калі яшчэ ўвесці свабодны продаж зямлі, то і паловы не набярэцца.
Калі бізнес будзе мець галоўную ролю — ён прыбярэ вертыкаль. Лукашэнка добра ведае: ім дай палец, яны адсякуць руку. Ён у сваіх выступах гэта казаў публічна. Таму зямля — гэта пытанне палітычнае. Навошта вертыкаль патрэбная, калі яна не будзе кантраляваць і патрабаваць?