Канапацкая: Палякоў і не мог справіцца з праблемамі АГП

Гамяльчук Васіль Палякоў пратрымаўся на пасадзе старшыні «Аб’яднанай грамадзянскай партыі» ўсяго 2,5 месяца. Гучная замена ў партыйным кіраўніцтве (да Палякова больш як два дзясяткі гадоў партыяй кіраваў Анатоль Лябедзька) апынулася неэфектыўнай, піша «Еўрарадыё».

На фота: Ганна Канапацкая (злева), Мікалай Казлоў, Васіль Палякоў (унізе)

На фота: Ганна Канапацкая (злева), Мікалай Казлоў, Васіль Палякоў (унізе)


Палякоў прызнаўся Палітсавету АГП, што не да канца ўяўляў праблемы партыі, і таму не змог прапанаваць неабходныя рашэнні.

Карацей, не справіўся.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сябра АГП Ганна Канапацкая лічыць сітуацыю, у якую трапіла партыя, цалкам прадказальнай.

“Думаю, што Палякоў і не мог справіцца з праблемамі, — мяркуе Ганна Канапацкая. — Яму проста не дапамагалі іх вырашаць. Упэўненая, што мінулае кіраўніцтва не зрабіла ніякіх крокаў, каб дапамагчы Васілю Палякову.  Адна з галоўных праблем у партыі сёння — адсутнасць адзінства: міжасобасныя адносіны ўплываюць на працу. І ў мяне пытанне да ранейшага кіраўніцтва: як можна за 18 гадоў давесці партыю да такога стану?”

Якія менавіта праблемы цяпер у АГП, палітык не кажа, “каб не выносіць на публіку”. Яна падкрэслівае, што прапаноўвала і прапаноўвае аднавіць супрацоўніцтва з ёй. Канапацкая дадае, што не з’яўляецца сябрам Палітсавета партыі, а якасць работы АГП у апошні час лічыць незадавальняючай.

Новага лідара АГП абяруць на наступным з’ездзе партыі. Яго дата яшчэ не вядомая —хутчэй за ўсё, ён адбудзецца ў наступным годзе. Увогуле, згодна са статутам, з’езды “Аб’яднанай грамадзянскай партыі” праводзяцца раз на два гады. Але ўлічваючы, што на 2019 год могуць прыпасці наступныя выбары ў Палату прадстаўнікоў, партыя можа прыняць рашэнне пра пазачарговы з’езд.

Пакуль жа абавязкі кіраўніка партыі будзе выконваць Мікалай Казлоў, які быў намеснікам Васіля Палякова.

“Ведаю, што ў Палякова не атрымалася перабрацца ў Мінск, хаця ён дакладна гэта планаваў. І ён убачыў, што кіраваць партыяй з Гомеля немагчыма. На маю думку, рашэнне Палякова — гэта мужны крок. Асабліва ўлічваючы, што ён разумеў, наколькі гэта будзе рэзанансна. Палякоў паставіў інтарэсы партыі вышэй за асабістыя. Я лічу, што гэта вельмі важна”, — пракаментаваў Еўрарадыё Мікалай Казлоў.

Цяпер ужо былы старшыня АГП Васіль Палякоў застанецца ў партыі і працягне працаваць у Гомелі.euroradio.fm