Жыхары Бараўлян звярнуліся да Канапацкай

Жыхары вёскі выступаюць супраць высечкі лесу, на месцы якога хочуць пабудаваць школу і дзіцячы сад.

Фота з суполкі супраць ушчыльнення Бараўлян у фэйсбуку

Фота з суполкі супраць ушчыльнення Бараўлян у фэйсбуку

Жыхары Бараўлян напісалі адкрыты зварот да дэпутаткі Ганны Канапацкай з просьбай «дапамагчы ў ліквідацыі сацыяльнай катастрофы (да якой давяла Бараўляны мясцовая выканаўчая ўлада), звязанай з недахопам 7 садоў і 4 школ».Таксама дэпутатку просяць паспрыяць спыненню планаванага казнакрадства на тэрыторыі Бараўлянскага сельсавета, выяўленага ў планах Мінрайвыканкама пабудаваць сад і школу ў два разы даражэй аналагічных.
Ппры правядзенні пазачарговай сесіі Мінскага раённага савета дэпутатаў 24 жніўня, якая, па словах бараўлянскіх актывістаў, прайшла са шматлікімі парушэннямі заканадаўства, быў зацверджаны горадабудаўнічы праект «Генеральны план п. Лясны і в. Бараўляны Мінскага раёна (карэкціроўка)». Генеральным планам прадуглежваецца высечка 4,8 га. лесу для будаўніцтва школы і дзіцячага саду далёка за межамі новых кварталаў, дзе гэтыя школа і сад выключна неабходныя. Генеральны план узору 2012 г. замацоўваў гэтае месца, як «Парк культуры і адпачынку», тым самым карэкціроўка памяншае колькасць сацыяльна значных аб'ектаў у Бараўлянах, што, на думку мясцовых жыхароў, недапушчальна.
Яны просяць дэпутатку агалосіць іх скаргу на Мінскі раённы савет дэпутатаў, а таксама пракантраляваць ліквідацыю дапушчаных парушэнняў у сувязі з прыняццем горадабудаўнічага праекта «Генеральны план п. Лясны і в. Бараўляны Мінскага раёна (карэкціроўка)».
Супраць будаўніцтва школы і садка жыхары Бараўлян сабралі 6500 подпісаў.