Сваякі асуджаных гомельскіх мытнікаў паскардзіліся Пуціну на Лукашэнку

На працягу ўсяго працэсу па справе гомельскіх мытнікаў сваякі абвінавачаных не аднойчы накіроўвалі калектыўныя звароты ў адрас Аляксандра Лукашэнкі.

17987500_303.jpg

Пасля вынясення абвінаваўчага прысуду яны ў чарговы раз накіравалі лісты кіраўніку дзяржавы і нават яго старэйшаму сыну Віктару Лукашэнку. Прасілі ўмяшацца і аб асабістым прыёме, бо ўпэўненыя, што іх блізкія асуджаныя незаконна. Звароты накіроўваліся і ў Адміністрацыю прэзідэнта, і ў Савет міністраў.
З 18 абвінавачаных па гэтай справе 15 былі былымі супрацоўнікамі двух аддзелаў Гомельскай мытні: аператыўна-пошукавага і па барацьбе з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі правапарушэннямі. 22 траўня суд Цэнтральнага раёна Гомеля прызнаў былых мытнікаў вінаватымі ў атрыманні хабараў і прысудзіў да пазбаўлення волі на тэрміны ад 3 да 13,5 гадоў.
Абвінавачаных, якія прызналі віну і далі паказанні супраць былых калег, пакаралі абмежаваннем волі. Большая частка абвінаваўчых эпізодаў кваліфікавана як атрыманне хабараў «у неўстаноўлены час, у неўстаноўленым месцы ад неўстаноўленай асобы».
Інкрымінуемыя падзеі праходзілі ў 2010-2016 гадах на ўчастку расійска-беларускай мяжы блізу населенага пункта Селішчы.
У лістах Аляксандру і Віктару Лукашэнкам сваякі адзначалі, што прысуд «забіў веру ў справядлівасць і сумленнае правасуддзе ў нашай краіне, веру ў тое, што ўсе грамадзяне роўныя перад законам».
У зваротах адзначалася, што ў крымінальнай справе не прадстаўлена ніводнага рэчавага доказу атрымання хабараў, няма ні аднаго ўзяцця на месцы злачынства. Затое ёсць сведчанні, а па сутнасці сваёй — агаворы, фігурантаў, якія хацелі змякчыць сваю адказнасць.
На шматлікія звароты гамяльчане ў лепшым выпадку атрымлівалі адпіскі з Генеральнай пракуратуры, куды ўсе адрасаты адфутбольвалі іх звароты. Перш у адказах пракуратуры былі спасылкі на тое, што судовы разгляд ідзе, а таму, маўляў, умяшанне незаконна.
Пасля прысуду суда першай інстанцыі адказы прыходзяць такога зместу: «У сувязі з разглядам крымінальнай справы ў парадку апеляцыйнай вытворчасці судовай калегіяй па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда гэты прысуд да цяперашняга часу не ўступіў у законную сілу. На дадзенай стадыі судовага разбору праверка законнасці і абгрунтаванасці прысуду адносіцца да выключнай кампетэнцыі суда апеляцыйнай інстанцыі».
Усё дакладна, прысуд у законную сілу не ўступіў, а таму, маўляў, трэба пачакаць. Аднак сваякі-падпісанты добра разумеюць, якое рашэнне прыме другая судовая інстанцыя і спрабуюць апярэдзіць падзеі. А таму свой чарговы зварот яны накіравалі ў Маскву — Пуціну.

8bb2930befbe28a1406bf564b7b9070b.jpg

«Звярнуцца да Вас, Прэзідэнта іншай дзяржавы, прымусіла наша бяда, — пішуць яны. — Мы разумеем, што ў нашых краінах рознае заканадаўства і ўмешвацца ў судовую дзейнасць іншай дзяржавы ніхто не мае права. Мы і не просім.
Мы просім Вас звярнуць увагу нашага Прэзідэнта А.Р. Лукашэнка на сітуацыю з гомельскімі мытнікамі, якіх асудзілі за тое, што яны не праводзілі мытны кантроль на беларуска-расійскай мяжы і бралі за гэта хабар. Усе довады абвінавачаных, што яны па заканадаўстве не маглі праводзіць там ніякія віды кантролю, суд не прыняў да ўвагі. Асудзілі язграматна, бяздоказна, бязлітасна».
Сваякі асуджаных мытнікаў звяртаюць увагу, што з 1995 года ўказамі кіраўнікоў РФ і РБ мытны кантроль на мяжы быў адменены. З 2007 года мытная тэрыторыя РФ І РБ стала адзінай. На мяжы няма мытнага, фітасанітарнага, ветэрынарнага і іншых відаў кантролю.
З увядзення санкцый на ўвоз некаторых відаў прадукцыі з ЕС у канцы 2014 года супрацоўнікі Гомельскай мытні праводзілі маніторынг прадукцыі, якая ўвозілася і вывозілася.
Пасланне ў Крэмль завяршаецца словамі: «Мы неаднаразова звярталіся па дапамогу ў адміністрацыю прэзідэнта, пракуратуру, грамадскія арганізацыі. Пакуль нічога не вырашылася. Мы падазраем, што нашы лісты проста не дасягаюць мэты. Таму мы спадзяемся, што, магчыма, дзякуючы вашай дапамозе (як па тэорыі "пяці поціскаў рукі") мы зможам звярнуць увагу на грубыя парушэнні ў нашай бяздоказнай справе».
Паводле belaruspartisan.by