Азбука паліталогіі: Агрэсію не варта блытаць з вызваленнем

Імперскасць у Расіі заўсёды ішла рука аб руку з месіянствам. Гэтым, у прыватнасці, тлумачыцца парадаксальная заява прэс-сакратара крамлёўскага раба на галерах: «Расія ніколі першай ні на каго не нападала».

photo_2022_07_26_21_02_08_logo.jpg


«Расіі нічога не трэба. У яе ўсё ёсць. Ёй трэба мір, спакой, гандляваць». Вось такое адкрыццё прагучала падчас інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву «Франс Прэс» 21 ліпеня 2022 года.
Але калі гэта так, то чаму ж тады краіна, у якой усё ёсць, задумала «спецаперацыю» з удзелам 85 працэнтаў сваіх узброеных сілаў? Што перашкаджала ёй жыць спакойна і гандляваць на сотні мільярдаў долараў сваімі прыроднымі рэсурсамі, і наўзамен, як пісаў калісьці Аляксандр Пушкін, атрымліваць «все, чем для прихоти обильной торгует Лондон щепетильный»?
Адказ на гэтае пытанне таксама прагучаў 21 ліпеня: «Вы, натаўцы, амерыканцы, хацелі гэтай вайны. І калі б Пуцін не пачаў гэтую аперацыю, вы б яе пачалі, але ўжо арганізаваўшыся. Ён проста вас крыху апярэдзіў. Такая пазіцыя Расіі і Беларусі».
Цікавая пазіцыя, але нічога арыгінальнага ў ёй няма. Дастаткова прыгадаць заяву ТАСС аб уступленні ў Чэхаславакію савецкіх войскаў у ноч з 20 на 21 жніўня 1968 года: «ТАСС упаўнаважаны заявіць, што партыйныя і дзяржаўныя дзеячы Чэхаславацкай Сацыялістычнай Рэспублікі звярнуліся да Савецкага Саюза і іншых саюзных дзяржаў з просьбай аб аказанні брацкаму чэхаславацкаму народу неадкладнай дапамогі, уключаючы дапамогу ўзброеным сілам. Гэты зварот выкліканы пагрозай, якая ўзнікла для існуючага ў Чэхаславакіі сацыялістычнага ладу і ўсталяванай Канстытуцыяй дзяржаўнасці з боку контррэвалюцыйных сіл, якія ўступіліў змову з варожымі сацыялізму знешнімі сіламі» (вылучана. — С. Н.).
За першым абзацам ідзе не менш актуальны для нашых дзён другі: «Далейшае абвастрэнне становішча ў Чэхаславакіі закранае жыццёвыя інтарэсы Савецкага Саюза і іншых сацыялістычных краін, інтарэсы бяспекі дзяржаў сацыялістычнай садружнасці. Пагроза сацыялістычнаму ладу Чэхаславакіі ўяўляе сабой разам з тым пагрозу асновам еўрапейскага свету».

Адкрыццё прэс-сакратара


«Расія можа быць альбо імперыяй, альбо дэмакратыяй, але не тым і іншым адначасова... Без Украіны Расія перастае быць імперыяй, з Украінай жа, падкупленай, а затым і падпарадкаванай, Расія аўтаматычна ператвараецца ў імперыю», — напісаў у 1994 годзе амерыканскі палітолаг і дзяржаўны дзеяч Збігнеў Бжэзінскі.
Палітолаг, які паставіў пытанне рубам: або імперыя, або дэмакратыя, трапляў у «яблычак». На тэрыторыі ў 11 гадзінных паясоў арганізаваць адзіную сацыяльную прастору — задачка яшчэ тая. Нічога, акрамя дэмакратыі або цэнтралізаванай улады, для яе вырашэння чалавецтва не прыдумала. А цэнтралізацыя ва ўмовах культурнай разнастайнасці — гэта і ёсць імперыя.
Гістарычна імперыі выбудоўвалі свае эканомікі на эксплуатацыі прыродных рэсурсаў. Гэтым і варта тлумачыць іх паталагічнае імкненне ўтрымліваць тэрыторыі любой цаной. У індустрыяльную, а тым больш у аграрную эпоху, калі зямля выступала ў якасці галоўнага эканамічнага рэсурсу, такая стратэгія была апраўданая. Аднак у эпоху постіндустрыяльную ў лідары сярод эканамічных рэсурсаў вырваліся веды. Ні з дапамогай дальнабойных гаўбіц, ні з дапамогай сістэм залпавага агню пажывіцца ведамі ў суседзяў не атрымліваецца, і таму анексаваныя тэрыторыі ў нашы дні нічога, акрамя стратаў, агрэсарам не прыносяць.
Аднак ад імперскага сіндрому, які фарміраваўся стагоддзямі, так проста не пазбавіцца. Таму і бачыць Уладзімір Пуцін у Пятры I не цара-мадэрнізатара, якому спатрэбілася вакно ў Еўропу, а цара — збіральніка зямель, які сілай здолеў «вярнуць і ўмацаваць» страчаныя тэрыторыі імперыі.
Імперскасць у Расіі заўсёды ішла рука аб руку з месіянствам. Гэтым, у прыватнасці, тлумачыцца парадаксальная заява прэс-сакратара крамлёўскага раба на галерах: «Расія ніколі першай ні на каго не нападала».
Сакрэт парадоксу просты: агрэсію не варта блытаць з вызваленнем. Адпаведных прыкладаў — нібы ў сучкі блох. Дастаткова прыгадаць «вызваленне фінскіх рабочых» ад буржуяў-эксплуататараў у 1939 годзе; вызваленне заходніх украінцаў і беларусаў у 1940-м. Натуральна, і «спецаперацыя» падаецца як вызваленне Украіны і ўкраінцаў ад неанацыстаў.

«У крыві туркменаў няма балета»


Як справядліва заўважыў расійскі журналіст і палітолаг Андрэй Калеснікаў, «у расійскай штодзённай свядомасці справядлівасць назаўжды звязана з перамогай над нацызмам». А калі так, то «спецаперацыя» ёсць працяг Вялікай Айчыннай вайны, далёка не апошнюю ролю ў якой адыгрывае супрацьстаянне з Захадам у пытаннях правільнай трактоўкі гісторыі.
Для перамогі ў гістарычным супрацьстаянні Крэмль задзейнічаў не толькі свецкія інтэлектуальныя рэсурсы, але і рэсурсы Маскоўскага патрыярхату РПЦ. Справядлівасць такога сцвярджэння пацвярджаюць словы мітрапаліта Іларыёна, сказаныя ім падчас атрымання ордэна Аляксандра Неўскага з рук Уладзіміра Пуціна: «У апошнія гады мы ўсё больш адчуваем сябе нібы нейкім абаронным ведамствам, таму што нам даводзіцца абараняць святыя рубяжы нашай царквы».
Ці варта пасля гэтага здзіўляцца, што роля гістарычнай палітыкі ў якасці інструмента кіравання краінай з кожным годам узрастае. Узрастаюць і яе прамыя і ўскосныя выдаткі. Таму не варта здзіўляцца, што шырока разрэкламаваная дэнацыфікацыя абарочваецца на практыцы дэўкраінізацыяй.
Пра гэта адкрыта кажуць не апошнія ў расійскім палітычным істэблішменце людзі, у прыватнасці, дэпутат Дзярждумы, дырэктар Інстытута краін СНД (Інстытут дыяспары і інтэграцыі) Канстанцін Затулін: «Сапармурат Туркменбашы, калі тлумачыў забарону балета ў Туркменіі, у свой час сказаў: “У крыві туркмен няма балета”. Мы маем права вырашыць, што ў крыві ўкраінцаў няма мора, а рыбу можна лавіць у сажалках і рэках».
Заснавальнікамі Інстытута краін СНД выступілі МДУ, МДІМА МЗС РФ, Інстытут славяназнаўства, Інстытут Еўропы і Інстытут этнаграфіі і этналогіі РАН, а таксама шэраг федэральных міністэрстваў і ведамстваў — сур’ёзная кампанія, якая надзяліла сама сябе правам вырашаць лёс Украіны і ўкраінцаў.
Нескладана здагадацца, што яна здольная вырашыць адносна Беларусі і беларусаў у выпадку перамогі Расіі ў «спецаперацыі».