Азбука паліталогіі: Метадычка па фарміраванні рэальнасці, у якой хочацца жыць

Я не лью кракадзілавыя слёзы па СССР, зрэшты, гэта не перашкаджае мне прызнаваць асобныя яго дасягненні.

Ілюстрацыйнае фота, Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота, Дзмітрый Дзмітрыеў


Такія, безумоўна, мелі месца. «Аповед тэхнолага Петухова» Юрыя Візбара нарадзіўся не на пустым месцы. Растлумачу тым, хто не з'яўляецца прыхільнікам барда: «Зато мы делаем ракеты, перекрываем Енисей, а также в области балета мы впереди планеты всей!»
Варта звярнуць увагу на злучнік «зато», які выконвае ролю кампенсаванага супастаўлення. У тэксце Візбара ён пералікам асобных поспехаў у навуцы і культуры пакрывае «непрывабны выгляд» краіны пераможнага сацыялізму.
Пра гэты выдатны злучнік я прыгадаў, калі чытаў пералік ключавых дасягненняў Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе, падрыхтаваны ў Акадэміі кіравання для інфармацыйна-прапагандысцкіх групаў.
Аўтары дапаможніка — масцітыя навукоўцы. Вынік іх інтэлектуальных намаганняў — сучасны варыянт пераліку тэхнолага Петухова. Растлумачу сваю думку на фрагменце з раздзелу «Сацыяльная сфера — прыярытэт дзяржаўнай палітыкі»: «У шэрагу буйных найноўшых дасягненняў — штучнае вырошчванне органаў і тканак, распрацоўка наналекаў з зададзенымі ўласцівасцямі, стварэнне штучнага інтэлекту, які паводле шэрагу параметраў пераўзыходзіць чалавечы. Па ўсіх названых сусветных дасягненнях наша навука знаходзіцца на перадавых пазіцыях, а ў некаторых распрацоўках — нават лідзіруе».
Падобных прыкладаў толькі ў згаданым вышэй раздзеле я налічыў 47. Іх сукупнасць закліканая сфарміраваць у чытачоў рэальнасць, у якой хочацца жыць. Пагадзіцеся, мала хто ў здаровым розуме вырашыць пакінуць краіну, якая авалодала мастацтвам вырошчвання органаў і тканак.
Знаходзіцца на перадавых пазіцыях сусветнай навукі — так бы мовіць «дарагога вартае». Аднак за дрэвамі фактаў, хай і сабраных прафесійнай рукой у метадычку, важна ўмець разглядзець лес. Да шчасця цікаўных грамадзян, Нацыянальны статыстычны камітэт рэгулярна выпускае «Статыстычныя штогоднікі». Ніхто і нішто не перашкаджае нам імі скарыстацца.
На жаль, цяжарным жанчынам, а таксама чытачам, якія пакутуюць на дэпрэсіўны сіндром, далейшае чытанне варта спыніць, бо з табліцы «Паступленне патэнтавых заявак і выдача патэнтаў» вынікае, што з 2013 да 2020 года колькасць выдадзеных патэнтаў на вынаходствы ў Рэспубліцы Беларусь зменшылася ў 2,5 разы (з 1 117 да 447). За гэты ж перыяд колькасць даследчыкаў скарацілася з 18 353 да 16 697, з іх тых, хто мае навуковую ступень доктара навук, стала прапарцыйна яшчэ менш — з 703 да 558.

Зрабіце нам прыгожа!

Прынцып «падзяляй і ўладар», упершыню сфармуляваны Юліем Цэзарам (100–44 гг. да н.э.), не страціў сваёй актуальнасці і ў нашыя дні. Тым не менш у інфармацыйную эпоху ён мае патрэбу ў падтрымцы з боку вытворцаў сэнсаў, ідэй і знакаў — іншымі словамі, тых, хто канструюе і навязвае грамадзянам уяўленні аб рэальнасці.
У архітэктуры выкарыстоўваецца паняцце «залатое сячэнне». Яго аналаг у інфармацыйнай прасторы блогер Аляксей Кунгураў апісвае наступным чынам: «Маса патрабуе простай лубачнай карцінкі рэальнасці, чым больш яна адназначная і прымітыўная, чым больш ярка афарбаваная эмацыйна — тым з большым апетытам яе праглынае натоўп».
Гэтая ж думка, але ўжо выказаная з галоўнай трыбуны краіны: «Трэба разумець, што людзі, якія сочаць за навінамі, не заўсёды ў стане аддзяліць праўду ад хлусні. Калі не з'яўляешся рэальным удзельнікам падзей і атрымліваеш велізарную колькасць інфармацыі ў выглядзе хлусні і фэйкаў, сапраўды цяжка аддзяліць праўду ад хлусні. На Захадзе палітыку ў прынцыпе даўно ператварылі ў пастановачнае кіно, шоу. Людзей прывучылі да такога фармату падачы інфармацыі, таму праўда часам не цікавая. Цікавейшыя фэйкі, шоу. Таму што прыгожа пастаўленыя» (31.05.2022).
«Зрабіце нам прыгожа! У Вялікім тэатры нам пастаянна робяць прыгожа». Гэта просьба Івана Іванавіча (другаснага персанаж «Лазні» Уладзіміра Маякоўскага) сваёй актуальнасці не страціла і ў нашы дні, бо запыт на прыгажосць у свеце з боку Івана Іванавіч невынішчальны.
Важная рэмарка: карціны рэальнасці, што вырабляюцца струменным метадам сучаснымі мас-медыя, не павінны стымуляваць самастойнае мысленне. Вось пералік нашых дасягненняў. Вось той, дзякуючы каму гэтыя дасягненні сталі рэальнасцю. Чаго яшчэ не хапае для поўнага шчасця? Не хапае тых, каму нашы дасягненні не даюць спакойна спаць.

Складанасць ёсць зло

Мысленне па сваёй прыродзе дуалістычнае, і таму на кожны тэзіс патрабуецца антытэзіс, і таму для ўсведамлення маштабнасці ўласных дасягненняў патрабуецца негатыўны фон. Дэфіцыту ж у спецыялістах, здольных прэзентаваць нашы поспехі на выгадным фоне, беларуская мадэль ніколі не адчувала.
Абмяжуюся адным прыкладам: «Так склалася гістарычна: нашы поспехі, натуральна, не ў радасць нашым канкурэнтам, перш за ўсё геапалітычным. Навука — таксама сфера канкурэнцыі. Нашы дасягненні заўсёды раздражнялі і правакавалі так званы калектыўны Захад на неадэкватныя ў адносінах да Беларусі паводзіны і дзеянні. Аднак насуперак санкцыям, з якімі мы жывем і развіваемся ў гэты час, мы шмат чаго дасягнулі» (22.01.2022).
Галоўная вартасць карціны рэальнасці, якая ствараецца з дапамогай падобных выказванняў, — у прастаце. Складанасць ва ўяўленні архітэктараў Саюзнай дзяржавы спараджае хаос, а хаос ёсць зло, паколькі абясцэньвае звыклыя тэхналогіі панавання.
На засваенне новых тэхналогій няма ні часу, ні інтэлектуальнага рэсурсу. Адсюль — натуральнае імкненне вярнуцца ў мінулае, што на практыцы мы і назіраем.
Ці азначае ўсё сказанае вышэй, што прапагандысты-спрашчэнцы валодаюць неабмежаванымі магчымасцямі? Я б не спяшаўся з такімі высновамі. Успомнім, якімі інфармацыйнымі рэсурсамі валодала брэжнеўскае Палітбюро. Аднак разрыў паміж штодзённымі практыкамі і прапагандай не мог нарастаць бясконца, што і спарадзіла ў савецкага чалавека эфект ванітаў.
Адна справа — з раніцы да вечара вяшчаць пра поспехі ва ўмовах росту даходаў насельніцтва, і зусім іншае — ва ўмовах іх зніжэння.