Жанчыны і роўнасць: Як Беларусь апярэдзіла палову суседзяў
Апрылюднены рэйтынг краін па ўзроўні гендарнай роўнасці — і тут Беларусь апярэдзіла палову суседзяў. Але роўнасць у свеце можа надысці праз 132 гады.
У штогадовым дакладзе Сусветнага эканамічнага форуму, які быў прысвечаны так званаму «гендарнаму разрыву», гаворыцца пра тое, што свету яшчэ далёка да дасягнення роўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі — аналітыкі заявілі, што на гэта спатрэбіцца 132 гады. Пры гэтым пандэмія, па словах аўтараў, толькі пагоршыла сітуацыю, аднак у мінулым годзе становішча пачало патроху паляпшацца.
Для глабальнай ацэнкі эксперты аналізавалі прагрэс у дасягненні гендэрнай роўнасці для 146 дзяржаў свету ў розных галінах: эканоміка, ахова здароўя, адукацыя і палітычнае жыццё.
На верхніх радках спісу за 2022 год па-ранейшаму дамінуюць краіны Скандынавіі і Паўночнай Еўропы: на першым месцы — Ісландыя, за ёй ідуць Фінляндыя, Нарвегія, Новая Зеландыя і Швецыя. Пяцёрка лідараў, такім чынам, не змянілася ў параўнанні з мінулым годам. На апошніх месцах рэйтынгу — Афганістан, Пакістан, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Іран і Чад.
А што з гендэрнай роўнасцю ў Беларусі?
Наша краіна ў рэйтынгу знаходзіцца на даволі высокай пазіцыі — займае 36 месца са 146. Аднак у параўнанні з мінулым годам агульны бал Беларусі крыху знізіўся.
Неверагодна, што ў катэгорыі «Удзел у эканоміцы і магчымасці» Беларусь заняла 4 месца — абагнала ўсіх суседзяў і нават Швецыю.
У гэтай катэгорыі ацэньваліся некалькі паказчыкаў:
- удзел жанчын у вытворчай дзейнасці;
- розніца ў аплаце працы мужчын і жанчын за адну і тую ж працу;
- сярэдні памер заробкаў;
- даступнасць кіруючых пасад для жанчын;
- доля жанчын сярод спецыялістаў.
Апошні параметр — наогул гонар Беларусі, дзе ён даходзіць да 70 працэнтаў.
А вось па ўзроўні адукацыі і падрыхтоўкі жанчын Беларусь — толькі на 77 месцы, па паказчыку «здароўе і працягласць жыцця» — на 44 месцы, а па «палітычных правах і магчымасцях» – на 69 месцы.
З суседзяў Беларусі вышэй у агульным спісе знаходзіцца Літва (11 месца) і Латвія (26 месца), а вось Польшча і Украіна паказалі значна ніжэй — яны на 77 і 81 месцы адпаведна.
Расія ў гэтым годзе наогуд не трапіла ў рэйтынг, разам з некаторымі іншымі краінамі, такімі як Куба, Венесуэла, Сірыя і Ірак.
Аднак Беларусь увайшла ў пяцёрку дзяржаў рэгіёну, дзе за год павялічыўся разрыў у даходах паміж мужчынамі і жанчынамі.
Паводле myfin.by