Азбука паліталогіі: Прыгоды 35-га артыкула Канстытуцыі ў Беларусі

Чалавек, які не валодае глыбокімі ведамі, падганяе сваю «карціну свету» пад любую свежую інфармацыю.

pazadarozhnik_3__1_.gif


Асаблівым попытам карыстаецца разнастайная алармісцкая інфармацыя, здольная стаць аналагам майскага жука, які ўдарыў Нязнайку па патыліцы. Нагадаю, у карантышак з Кветкавага горада гэта падзея ледзь не спарадзіла ўсеагульную паніку:
«— Браткі, ратуйся! Кавалак ляціць!— Які кавалак? — пытаюцца Нязнайку.— Кавалак, браткі! Ад сонца адарваўся кавалак. Хутка пляснецца — і ўсім будзе канец. Ведаеце, якое Сонца? Яно большае за ўсю нашу Зямлю!»

Цікавая дынаміка

Але годзе настальгаваць па басаногім дзяцінстве. Прапаную са свету карантышак вярнуцца ў беларускую рэальнасць з дапамогай 35-га артыкула Канстытуцыі: «Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуюцца дзяржавай. Парадак правядзення ўказаных мерапрыемстваў вызначаецца законам».
Гарантуюцца ДЗЯР-ЖА-ВАЙ. Гэта для тых, хто з першага разу не зразумеў. Сярод чытачоў НЧ такіх, спадзяюся, адзінкі. Таму няма сэнсу тлумачыць, што ў кожнага грамадзяніна, не схільнага біць вітрыны, не павінна паўстаць праблем з рэалізацыяй жадання сабрацца і памітынгаваць. Было б жаданне.На жаль, у сям’і не без вырадка, пра што сведчыць адна разбітая вітрына мінулым летам у Мінску. Але выключэнні на тое і існуюць, каб пацвярджаць агульныя правілы.
Мітынгі прынята падзяляць на законныя і незаконныя, санкцыянаваныя і несанкцыянаваныя. Гэта ў тэорыі. Што тычыцца практыкі, то наяўнасць артыкула 35-га ставіць крыж на арганізацыі незаконных і несанкцыянаваных мітынгаў у Беларусі. Хочаце памітынгаваць ці знемагаеце ад жадання пастаяць у пікеце? Няма праблем. Такога кшталту жаданні ў Рэспубліцы Беларусь гарантуюцца ДЗЯР-ЖА-ВАЙ! Мітынгуй! Пікетуй!
Але вось парадокс. Насуперак дзяржаўным гарантыям, колькасць незаконных і несанкцыянаваных мітынгаў у краіне расце. Гэта сцвярджэнне лёгка пацвердзіць з дапамогай пошукавіка газеты «СБ. Беларусь сегодня» (глядзі табліцу).

tablica_4.png


Цікавая дынаміка, пагадзіцеся. За перыяд з 2001 па 2019 гады сярэднегадавая колькасць артыкулаў, якія змяшчаюць шуканыя фразеалагізмы, не дацягвала і да трох. «Норма» была перакрытая больш чым у два разы ў першай палове 2020 года, у другой палове — нібы з ланцуга сарвалася... За апошнюю палову 2020-га несанкцыянаваных мітынгаў здарылася ў два разы больш, чым за папярэднія два дзесяцігоддзі! І гэта ў год, які прайшоў пад знакам малой радзімы!
Чым растлумачыць масавае нежаданне беларусаў скарыстацца гарантыямі дзяржавы? Зразумелага адказу на гэтае пытанне, калі абмежавацца ўнутранымі прычынамі, нікому яшчэ сфармуляваць не атрымалася. Аднак з пошукам знешніх прычын праблем не ўзнікае. ЛЯЛЬ-КА-ВО-ДЫ! ЛЯЛЬ-КА-ВО-ДЫ! Уся справа ў заходніх ЛЯЛЬ-КА-ВО-ДАХ, якія асвоілі метадычку амерыканскага ідэолага «каляровых рэвалюцый» Джына Шарпа «198 метадаў негвалтоўных дзеянняў».

Лепш позна, чым ніколі

Шарп да беларускага гарачага жніўня не дажыў (памёр у 2018 годзе ва ўзросце 90 гадоў). Шарп памёр, але справа яго жыве — і «каляровыя рэвалюцыі» працягваюць квітнець. У поўнай адпаведнасці з прыказкай «пасееш вецер, пажнеш буру», негвалтоўныя дзеянні ўсё часцей трансфармуюцца ў гвалтоўныя. Гісторыя са 150 пазадарожнікамі і буйнакалібернымі кулямётамі, агучаная прафесарам-патрыётам Станіславам Князевым, — гэта далёка не першая ластаўка і далёка не апошняя. Чаго-чаго, а сапраўдных патрыётаў у нас хапае. Памыляецца той, хто мяркуе, што на ўсіх патрыётаў пазадарожнікаў у Беларусі не хопіць.
Што не задавальняе лялькаводаў? Нашы поспехі. Спіс поспехаў заслужана ўзначальвае поспех у барацьбе з эпідэміяй COVID-19. Ён такі маштабны, што Белстат з лета 2020 года перастаў публікаваць даныя па смяротнасці. Тройчы мае рацыю Белстат. Навошта ствараць чарговую нагоду для раздражненняў у Гейропе. Прыгадаем Марка Твэна: «Няма нічога больш раздражняльнага, чым добры прыклад».
«Мы самая інтэрнацыянальная краіна, і наш беларускі народ па сваёй ментальнасці самы добры і інтэрнацыянальны». Аўтару «Азбукі паліталогіі» да такога ўзроўню абагульненняў не падняцца. Гэтакі ўзровень чытаннем кніг не забяспечыць. Ён ідзе ад жыцця. Ён або ёсць, або яго няма.
Самы добры і самы інтэрнацыянальны народ добрымі прыкладамі раздражняць суседзяў не стане. Ён падбярэ негатыўныя прыклады, а пры адсутнасці такіх — будзе імітаваць іх наяўнасць. Чаго толькі не зробіш дзеля суседзяў! Суседзяў не выбіраюць! Яны — ад Бога!
Тут міжволі прыгадваецца анекдот пра прэтэндэнта на пасаду намесніка дырэктара ў буйной фірме:
«— Ахарактарызуйце сябе.— Я тугадум, ні ў чым не разбіраюся, у мяне ўсё з рук валіцца…— Дык навошта вы мне патрэбны?— А ўяўляеце, як вы будзеце глядзецца на маім фоне!»
Кнігу «Захад Еўропы» нямецкі публіцыст Освальд Шпэнглер апублікаваў у 1918 годзе, але за стагоддзе яна не страціла сваёй актуальнасці. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова паглядзець навіны на любым дзяржаўным тэлеканале. А тут яшчэ Euronews. Добра, што адключылі. Запозненае рашэнне. Аднак лепш позна, чым ніколі.

Згодна з законамі бюракратыі

Намаганні заходніх лялькаводаў пазбаўленыя гістарычнай перспектывы. Але разуменне гэтага не адмяняе пільнасці ў рэжыме «тут і цяпер». Абагульнены Захад усё псаваў, псуе і будзе працягваць псаваць. Такая яго прырода.
Дам слова генеральнаму сакратару АДКБ Станіславу Засю: «Супраць асобных нашых дзяржаў разгорнутая маштабная інфармацыйная кампанія па падрыве стабільнасці і стварэнні пажыўнага асяроддзя для ўзнікнення канфліктных сітуацый паміж уладнымі структурамі і дэструктыўнымі апазіцыйнымі групоўкамі, якія імкнуцца ва ўладу. Шырока прымяняюцца для змены палітычнага курсу ўдасканаленыя методыкі “каляровых рэвалюцый” і “гібрыдных войнаў”».
Абрэвіятура АДКБ, калі хто забыўся, расшыфроўваецца як «Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы». Абавязковай умовай прыёму ў арганізацыю з’яўляецца наяўнасць у краіне дэструктыўнай апазіцыі. Адрозніць дэструктыўную апазіцыю ад канструктыўнай нескладана: першая — у адрозненне ад другой — імкнецца ва ўладу. Другім улада і дарма не патрэбная. Другая корміцца не з крытыкі ўлады, а з апявання яе дасягненняў.
Падставы для хваласпеваў заўсёды пад рукой. «Прыгажосць у вачах таго, хто глядзіць». З Оскарам Уайльдам не паспрачаешся. Але тое самае можна сказаць і пра пачварнасць. Для ілюстрацыі апошняга сцвярджэння прывяду выказванне расійскага публіцыста Івана Давыдава: «Крыміналізацыя (прыраўноўванне да крымінальнага злачынства) канстытуцыйнага права збірацца мірна без зброі з’яўляецца найважнейшай прыкметай дыктатуры, якія адрознівае яе ад мяккага (канкурэнтнага) аўтарытарнага рэжыму».
Апошнія інавацыі ў пытаннях узмацнення жорсткасці адказнасці за грэблівае стаўленне да правоў, гарантаваных 35-м артыкулам Канстытуцыі, прынята тлумачыць рэакцыяй «дзяржавы для народа» на масавыя пратэсты лета-восені 2020 года. З такім тлумачэннем цяжка не пагадзіцца. Аднак ні адно тлумачэнне не можа быць поўным.
«Сілавы блок у краінах з размеркавальнай эканомікай, — тлумачыць фінансіст Андрэй Моўчан, — першапачаткова развіваецца для ажыццяўлення абароны ўлады. < ... > Па законах бюракратыі, ён досыць хутка пачынае гуляць сваю гульню — займаючы ўсё большую “долю рынку” рэсурсаў, прадаючы “наверх” сваю важнасць шляхам нагнятання абстаноўкі і забяспечваючы сабе “кармавую базу” шляхам пабудовы прасторы без закона — гэта значыць, развіваючы рэпрэсіўную сістэму. Спыніць гэты працэс вельмі цяжка, ды ўладзе гэта і не трэба; яе задача вырашаецца, а астатняе — выдаткі».
***Пачварнасць, паклёп і іншы негатыў — у вачах таго, хто глядзіць. Вось ужо хутка год, як Моўчан жыве з сям’ёй у сталіцы краіны, прадстаўніца якой працягвае нам усё псаваць, прычым псаваць прафесійна.