Азбука паліталогіі: Сучасныя лялькаводы супраць Маркса і Леніна
Пра тое, што порах трэба трымаць сухім, дзяржава для народа нагадвае беларусам пастаянна. Але сухім порахам справа не абмяжоўваецца. У набор, што здольны эфектыўна адрэагаваць «на любыя праявы агрэсіўнасці або тэрарыстычнай пагрозы на нашай тэрыторыі», уваходзіць «неабходны камплект сіл і сродкаў», а таксама «вытрымка і цярпенне».
Усё пералічанае не ўзятае са столі, а запазычанае з інтэрв'ю першага намесніка Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Беларусі Паўла Муравейкі. Спрачацца з прафесіяналам — сабе даражэй, ды і які сэнс у такой спрэчцы!
Мастакоў, якія спецыялізуюцца на «каляровых рэвалюцыях», у свеце хапае. Але ж і мы не самотныя, бо маем Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). І яна — толькі адзін з гарантаў таго, што «сквапныя мастакі» не наважацца арганізаваць у нас чарговы «пленэр».
Артыкул 5 Статута гэтай арганізацыі абавязвае яе ўдзельнікаў не ўмешвацца «ў справы, якія падпадаюць пад нацыянальную юрысдыкцыю дзяржаў-сябраў», што на практыцы азначае аддзяленне знешніх пагроз ад пагроз унутраных, ліквідацыя якіх не ўваходзіць у сферу кампетэнцый АДКБ.
«А як жа ўвод войскаў АДКБ у студзені 2022 года ў Казахстан?» — спытае скрупулёзны чытач. Прыкладна гэтак жа, як і ўвод войскаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславакію ў жніўні 1968 года.
Аўтамат Калашнікава і не толькі
Спецыялізацыя АДКБ на супрацьдзеянні знешнім пагрозам патрабуе разумення прыроды «каляровых рэвалюцый». Беларускай навуцы, якая фінансуецца з бюджэту, тут ёсць што сказаць. Дам слова экс-дырэктару Інстытута сацыялогіі НАН РБ Ігару Катлярову: «У рэвалюцыях грузінскай ружаў і кыргызскай цюльпанаў, ва ўкраінскіх аранжавай і годнасці, чарадзе арабскіх рэвалюцый адчувалася дасведчаная і моцная рука лялькавода, праглядаўся адзіны сцэнар, выкарыстоўваліся адны і тыя ж добра адпрацаваныя тэхналогіі. Усё было зроблена па адных і тых жа лякалах».
Згодна з Вікіпедыяй, «лялькавод, або акцёр-лялечнік — тэатральная прафесія, у якой артыст кіруе лялькай і агучвае яе». Але ў пераносным значэнні «лялькавод — маніпулятар (сінонім шэрага кардынала)».
За няпоўны люты ў самай саліднай газеце краіны было апублікавана пяць артыкулаў, якія змяшчаюць слова «лялькавод», і ва ўсіх яно выкарыстоўвалася ў пераносным сэнсе: «Саркастычныя рэплікі адносна замежных лялькаводаў»,«разменнай манетай у руках неахайных лялькаводаў», «лялькаводы, якія стаяць за яе спінай» і да таго падобныя.
Прыведзеная статыстыка — толькі адна з ілюстрацый афіцыйнага погляду на крыніцы «каляровых рэвалюцый» як на знешнія. Класікі марксізму-ленінізму з іх тэорыяй аб'ектыўных фактараў рэвалюцый нервова паляць у школьнай прыбіральні падчас вялікай перамены.
Дый чаму тут дзівіцца? І першакласніку зразумела, што пры ўзроўні адзінства (згуртаванасці) грамадства, які і так зашкальвае, унутраных крыніц «каляровых рэвалюцый» у Беларусі няма.
Нездарма ж з 1 верасня 2022 года ў беларускіх школах была ўведзеная новая штатная адзінка — «кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання», чые задачы не абмяжоўваюцца навучаннем зборцы-разборцы аўтамата Калашнікава.
Дубінкі замест пропісаў і палачак для падліку
Унутраныя ворагі (палітычныя апаненты ўлады), калі хто яшчэ памятае, па меры прасоўвання да сацыялізму пладзіліся ў СССР нібыта трусы. Аднак у 1959 годзе XXI з'езд КПСС абвясціў пра поўную і канчатковую перамогу сацыялізму — і пазбавіў тым самым апазіцыйных трусоў кармавой базы.
Як паказала далейшая практыка, ворагаў у краіны сацыялізму, які перамог, менш не стала. Але яны былі вымушаныя канцэнтравацца за знешнімі межамі. Хоць выключэнні таксама здараліся. Недружалюбныя краіны перыядычна засылалі сваіх агентаў з мэтай вярбоўкі савецкіх грамадзян з ліку тых, хто так і не здолеў пазбавіцца ад перажыткаў мінулага. На гэтую ж задачу працавалі «галасы», якія прарываліся скрозь глушылкі.Савецкія людзі цвёрда ведалі: там, дзе партыя, — там поспех, там перамога! Яны і крочылі ад поспеху да поспеху, ад перамогі да перамогі, перакадзіравалі ўнутрыпалітычныя праблемы, якія перыядычна сустракаліся на шляху, у знешнепалітычныя праблемы.
СССР ужо тры дзесяцігоддзі як спачыў у Бозе, але перад смерцю ён паспеў перадаць прынцып перакадзіроўкі сваім спадчыннікам. І гэты прынцып быў паспяхова засвоены. Таму ў сучаснай Беларусі ўнутраных легітымных апанентаў ва ўлады няма і быць не можа, што не адмяняе неабходнасці ва ўнутраных войсках.
Колькасна гэтую неабходнасць дазваляе ацаніць расходная частка бюджэту. Запланаваныя на 2023 год выдаткі па артыкуле «Судовая ўлада, праваахоўная дзейнасць і забеспячэнне бяспекі» ў паўтара разы перавышаюць выдаткі па артыкуле «Нацыянальная абарона» (4 099 мільярдаў vs. 2 772 мільярды) і ў 2,49 разы — па артыкуле «Адукацыя». Такі вось парадокс.
У адзінстве — наша сіла!
«Гэтая асаблівая чысціня грошай каштуе», — тлумачыў студэнту Раскольнікаву тытулярны саветнік Мармеладаў у рамане Фёдара Дастаеўскага «Злачынства і пакаранне». З нацыянальнай чысцінёй (не ў этнічным, а ў палітычным сэнсе) назіраецца аналагічная гісторыя. Яе падтрыманне патрабуе значных фінансавых уліванняў.
Артыкулам «Судовая ўлада, праваахоўная дзейнасць і забеспячэнне бяспекі» выдаткі на падтрыманне адзінства ў грамадстве не абмяжоўваюцца. На адзінства працуе ўся дзяржаўная машына, уключна з вышэйшым прадстаўнічым органам улады, які аднагалосна прымае любыя законапраекты.
«Наяўнасць нават аднаго адзінага дэпутата, які сказаў бы «не», забяспечыла б погляд на грамадства як на расколатае, — тлумачыць расійскі сацыёлаг Рыгор Юдзін. — Няхай у нейкай катастрафічнай прапорцыі, якая насамрэч, вядома, нічому не адпавядае, але расколатае. Не, тут павінна быць прадстаўлена адзінства».
Яно і прадстаўлена. Але адзінства ад 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў палічылі ў Беларусі недастатковым, што і спарадзіла патрэбу ва Усебеларускім народным сходзе.
Гатовы паспрачацца на любыя грошы, што нават пры павелічэнні колькасці дэпутатаў на парадак праблем не ўзнікне. Негатыўны досвед допуску ў 2016 годзе двух апазіцыйных кандыдатаў (Алёна Анісім і Ганна Канапацкая) у Палату прадстаўнікоў улічаны. Паўтараць яго ахвочых няма. У адзінстве — наша сіла!