Азбука паліталогіі. З гісторыі сучаснай дзяржавы, якая не хоча быць сучаснай

Дзяржава, згодна з Марксам, не выказвае інтарэсаў грамадства, а сама іх прадукуе. Але барадаты класік, калі мне памяць не здраджвае, жыў у XIX стагоддзі. Таму механічна пераносіць яго ўяўленні пра дзяржаву і бюракратыю ў XXI стагоддзе было б некарэктна.

prygazhosc__1.gif


Аднак не варта кідацца і ў процілеглую крайнасць ды ўсе сучасныя дзяржавы (СД) лічыць... сучаснымі дзяржавамі. Пры гэтым адрозніць адны дзяржавы ад іншых не асабліва складана. Гадамі праціраць штаны ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях для гэтага не трэба. СД, у адрозненне ад сваіх несучасных калег (несучасных дзяржаў — НД), — адкрытыя дзяржавы. Яны не перашкаджаюць зразумець усім ахвотным, як яны ўладкаваныя. Ідзі і глядзі, якое кола за якое чапляецца пры выпрацоўцы рашэнняў.
Развіццё інстытута дзяржавы паслядоўна рухаецца ад прынцыпу «дзяржава — гэта я» да прынцыпу «адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту з’яўляецца народ». Другі прынцып бюракратыю не адмяняе, але ён пазбаўляе яе магчымасці (не блытаць з жаданнем!) ператвараць дзяржаву ў інструмент для дасягнення ўласных мэт.
У дзяржаў, выбудаваных згодна з другім (сучасным) прынцыпам, няма і не можа быць уласных інтарэсаў і мэт, што і дазваляе адрозніць СД ад НД.
Прасцей за ўсё гэта зрабіць, калі прааналізаваць ступень празрыстасці працэдуры падліку галасоў на выбарах. Запісвацца ў назіральнікі для гэтага не абавязкова, бо лепшага спосабу кантролю, чым магчымасці любому кандыдату бесперашкодна ўключаць свайго прадстаўніка ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, ніхто яшчэ не прыдумаў. Калі кожны кандыдат на практыцы такой магчымасцю валодае, то няма патрэбы ва ўсіх іншых гарантыях сумленнага падліку галасоў.
Сумленны падлік галасоў — гэта абавязковая, але далёка не адзіная ўмова адпаведнасці выбараў сучасным патрабаванням. Аднак яе невыкананне не азначае нізкай якасці выбараў, гэта сведчыць пра адсутнасць выбараў як такіх. Пры гэтым робяцца бессэнсоўнымі не толькі спрэчкі на тэму «адпавядаюць — не адпавядаюць», але і ўсе іншыя заявы з боку дзяржавы. Як казаў Казьма Пруткоў, «калі зманіў аднойчы — хто табе паверыць?»

Не ў лічбах справа

Праўда — як любіць паўтараць расійскі паліткансультант на пенсіі Станіслаў Бялкоўскі — гэта найбольш задавальняючая версія. Ці варта пасля гэтага здзіўляцца, што невыкананне электаральнага мінімуму ніяк не адлюстроўваецца на колькасці адэптаў выбараў без выбару? Ні наяўнасць вышэйшай адукацыі, ні шматгадовы досвед працы ва ўладных структурах, у тым ліку знешнепалітычных, не адмяняюць здзіўленне метамарфозамі, якія адбываюцца з «нашымі паўднёвымі суседзямі», дый не толькі з імі.
Паслухаеш такіх спецыялістаў — і пачынаеш разумець усю безадказнасць і дробязнасць «нашых паўднёвых суседзяў». Колькі ім ні тлумачылі, што «не павінен і не можа хтосьці звонку» вызначаць пераможцаў электаральных кампаній у канкрэтнай краіне, што гэтым правам надзелены толькі народ, яны ўсё сваё: «Бу-бу-бу, бу-бу-бу». Зразумела, дыскусіі з суседзямі не абмяжоўваюцца тым, «ці тая гэта лічба, ці не тая гэтая лічба». Дый не ў лічбах справа, калі «факт застаецца фактам».
НД зацыкленыя на абароне суверэнітэту і незалежнасці. Ім усюды мрояцца сілы, якія імкнуцца «разгайдаць лодку». Папулярнае і ўспрыманне сябе ў якасці косткі, захраслай у горле зайздроснікаў. Не дзіва, што любыя дзеянні знешніх партнёраў і ўнутраных апанентаў яны ўспрымаюць у якасці дэструктыўных. Як герой савецкага фільма «Дайце кнігу скаргаў» (1964), на пытанне пра тое, чаму яна ідзе супраць плыні, у НД заўсёды гатовы адказ: «Няправільная фармулёўка: гэта не я супраць плыні — гэта плынь супраць мяне!»

А якая розніца?

У лірычнага героя песні Уладзіміра Высоцкага «Яна была ў Парыжы» не склаліся асабістыя стасункі па прычыне няведання замежных моў. У сучасным свеце няведанне мовы — не праблема. Перакладчыкаў хапае, у тым ліку і электронных. Але што рабіць, калі прычынай узаемнага непаразумення служыць не моўны бар’ер, а бар’ер этычны?
Калі верыць амерыканскаму псіхолагу і матэматыку Уладзіміру Лефеўру, існуюць дзве этычныя сістэмы. У першай мяжа паміж дабром і злом размытая і адсутнічае дыялог у якасці інструмента для вырашэння супярэчнасцей. Гэта такі рай на зямлі. У раі, калі хто забыў, няма ні дабра, ні зла, і таму Адама і Еву, якія з’елі яблык з дрэва пазнання, неадкладна з яго выгналі.
Праілюструю гэтую тэарэтычную ідэю на прыкладах імпічменту прэзідэнта Паўднёвай Карэі Пак Кын Хе і рэакцыі дэпутатаў Расійскай Думы на фільм Фонду барацьбы з карупцыяй «Ён вам не Дзімон».
Палітычны скандал у Паўднёвай Карэі здарыўся пасля таго, як да журналістаў трапілі дакументы, якія сведчылі пра актыўны ўдзел сяброўкі прэзідэнткі Чхве Сун Сіль, якая не займала ніякіх пасад, у прыняцці дзяржаўных рашэнняў. Акрамя таго, сяброўка кіраўніцы дзяржавы была западозраная ў тым, што выкарыстала свой уплыў для атрымання сродкаў ад паўднёвакарэйскіх бізнес-кангламератаў на суму ў 77 мільёнаў долараў, якія пераводзіліся на рахункі падкантрольных ёй грамадскіх фондаў.
За некалькі тыдняў рэйтынг прэзідэнткі знізіўся з 35% да 4%. На вуліцы карэйскіх гарадоў выйшлі сотні тысяч пратэстоўцаў. Парламент запусціў механізм імпічменту... У такой этычнай сістэме іншага і не варта было чакаць, бо ў карумпаванага палітыка няма ніякіх шанцаў заставацца ва ўладзе.
Калі карэйскую прэзідэнтку абвінавацілі ў прысваенні 77 мільёнаў долараў, то ў фільме «Ён вам не Дзімон» гаворка ішла пра суму, большую за мільярд долараў (74 мільярды расійскіх рублёў). Рэакцыі на абвінавачанні з боку прэм’ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева не было — што, зрэшты, цалкам чакана для другой этычнай сістэмы.
Але нам цікавая рэакцыя расійскай Дзярждумы. Фільм быў апублікаваны на партале YouTube 2 сакавіка. 19 красавіка прэм’ер-міністр меўся трымаць справаздачу перад парламентарыямі. Да гэтага часу фільм паглядзелі каля 20 мільёнаў чалавек. Але дэпутаты адмовіліся праводзіць праверку па фактах, выкладзеных у фільме. Факты іх не зацікавілі. Усё лагічна. Другая асоба ў дзяржаве можа быць сумленным чалавекам, а можа — і карупцыянерам. А якая розніца? Дзе тут нагода для правядзення парламенцкага расследавання? Нікому ж не прыйдзе ў галаву адхіляць прэм’ер-міністра з прычыны аблысення.

Дзякуй царыцы Кацярыне

Два геніі рускай літаратуры Аляксандр Пушкін і Міхаіл Лермантаў загінулі на дуэлях. Адкрываем Вікіпедыю: «Дуэль — строга рэгламентаваны так званым дуэльным кодэксам узброены паядынак, мэта якога — задаволіць жаданне аднаго з дуэлянтаў (які выклікае на дуэль) адказаць на нанесеную яго гонару абразу з захаваннем загадзя абумоўленых і роўных умоў двубою».
Дуэль — законнае дзіця другой этычнай сістэмы, бо першая паняцця асабістага гонару не прадугледжвае. З канца XVIII стагоддзя дваранства Расійскай імперыі пачынае вызваляцца ад усведамлення сябе царскімі халопамі. Дзякуй Кацярыне Другой, народжанай Сафіі Аўгусце Фрэдэрыцы Ангальт-Цэрбсцкай, дзякуй за тое, што яна разглядала заходніх (еўрапейскіх) партнёраў не толькі ў якасці ваенных супернікаў, але і ў якасці носьбітаў высокай культуры, вартай пераймання.
На жаль, сёння нават беглага позірку на так званую палітычную эліту Саюзнай дзяржавы дастаткова, каб зразумець сумную ісціну: бессэнсоўна спрабаваць адшукаць у іх шэрагах спадчыннікаў прынцэсы з маленькага нямецкага княства.
Але гэта паўбяды. Сапраўдная бяда — у тым, што шараговыя носьбіты першай этычнай сістэмы пазбаўленыя выразных крытэраў для ацэнкі не толькі палітычных, але і побытавых з’яў рэчаіснасці. Таму яны лёгка трапляюцца ў пасткі дзяржаўнай прапаганды.