Баршчы, катлеты і крыху дыпламатыі. Жанчыны беларускага МЗС

Беларусь на ўсіх магчымых пляцоўках справаздачыцца аб поспехах у дасягненні гендарнай роўнасці, але на самой справе ўсё не так ужо «вясёлкава». Можа быць, калі б у палітыцы было больш жанчын, мы мелі б на сёння іншую сітуацыю?

Міністэрства замежных спраў. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Міністэрства замежных спраў. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Былы дыпламат Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульса Леніна-19» расказвае пра жанчын-паслоў у гісторыі незалежнай Беларусі.  

Гледзячы на асобныя калектыўныя фота, якія публікуе МЗС у фінале штогадовага злёту паслоў — вучобы кіраўнікоў беларускіх замежных устаноў, можна падумаць, што такіх не было і няма, а яны былі і ёсць. 

Аднак усе прыклады паспяховых жаночых дыпламатычных кар'ер, а яны далёка не адзінкавыя, усё роўна падобныя да таго выключэнняе, якое толькі падкрэслівае правіла. У нашым выпадку гэтае правіла пра тое, што прафесія дыпламата ў Беларусі пакуль застаецца мужчынскай адсоткаў на семдзясят з капейкамі.

Пол МЗС

Афіцыйных даных пра актуальную гендарную сітуацыю ў нацыянальнай дыпслужбе ў публічнай сферы няма. У ліпені 2020-га Уладзімір Макей у інтэрв'ю «БелТА» расказваў, што ў МЗС, цытую, «прыкладна каля паловы — прадстаўніцы прыгожага полу».

Было б выдатна, калі б так. 

Праўда, характарыстыкі кшталту «прыгожы пол» выносяць на перадавую вобраз калег-жанчын як ўпрыгожання дыпслужбы, а ўжо затым як профі-дыпламатаў. Гэта (яшчэ) не камень у агарод нябожчыка міністра, нягледзячы, што яго цытата. Уладзімір Макей, як на мяне, не дзяліў прафесіяналаў паводле полу і, як мінімум, ніяк не стрымліваў кар'ернае прасоўванне дам — і паводле яго ўласнага прызнання, зробленага ў згаданым інтэрв'ю «БелТА», і па факце. 

На гэты конт можна прывесці, у прыватнасці, такі факт: гісторыя Беларусі пакуль ведае толькі дзвюх жанчын, якія займалі пасаду намесніка міністра замежных спраў, і адна з іх — Алена Купчына — была прызначаная ў 2012-м, якраз калі міністрам быў Макей. Вылучэнне яе кандыдатуры ў 2017-м на пасаду Генеральнага сакратара АБСЕ адбывалася таксама пры Макеі.


Глядзіце таксама

Службовыя тэлефонныя даведнікі МЗС і замежных устаноў, выдадзеныя ў красавіку 2020-га, малююць іншую гендарную карціну беларускай дыпслужбы, чым Уладзімір Макей. Па гэтых даведніках я налічыў 735 супрацоўнікаў «прыгожага і не прыгожага полу», уключна з усімі занятымі (вакантныя не лічацца) дыпламатычнымі, адміністрацыйнымі і тэхнічнымі пасадамі, а менавіта: 218 у МЗС і 517 у пасольствах. Магчымая хібнасць у маіх разліках — плюс-мінус 1-2 чалавекі. З агульнай колькасці 735 — толькі 197 жанчын, або 27%. Мужчын, адпаведна, 538, або 73%. 

Мяркую, што прыкладна такая ж гендарная сітуацыя захоўваецца і цяпер. Пры гэтым, калі браць толькі МЗС (без уліку пасольстваў), то доля жанчын узрастае з 27% да 36%. Гэта бліжэй да «амаль паловы», але не амаль палова. 

Сумняваюся, што з боку міністра мела месца наўмыснае скажэнне даных. Магчыма, Уладзімір Макей ацэньваў на вока (жарт) або ў яго статыстыцы толькі дыпламаты — без адміністрацыйна-тэхнічнага персаналу. Хоць у такім выпадку доля жанчын у штаце дыпслужбы, хутчэй за ўсё, атрымалася б, наадварот, яшчэ меншай.

На дадзены момант у Беларусі толькі дзве жанчыны-амбасадаркі на прыкладна 60 дыпмісій, не лічачы генконсульстваў: пастаянная прадстаўніца пры СНД Марына Даўгаполава і пастаянная прадстаўніца пры аддзяленні ААН у Жэневе Ларыса Бельская. Усе пасады кіраўнікоў дыпмісій, якія сталі вакантнымі за апошнія гады праз праблемы з Захадам, былі занятыя дагэтуль мужчынамі. Самы час закрануць прычыны гэтай з'явы. 

МЗС Беларусі вырасла з МЗС БССР, у якім жанчын пасламі наогул не прызначалі і дыпламатыя была мужчынскай прафесіяй. Савецкія практыкі і падыходы па частцы арганізацыі кадравай палітыкі збольшага захоўваюцца і культывуюцца. Гэта не можа растлумачыць усё, але тлумачыць многае.

Фармальна ў савецкія гады і няма куды было прызначаць пасламі. З-за адсутнасці паўнавартасных двухбаковых сувязей з замежнымі краінамі БССР не мела сваіх пасольстваў, акрамя прадстаўніцтва ў Маскве і пастаянных прадстаўніцтваў пры міжнародных арганізацыях — у Нью-Ёрку, Жэневе, Вене і Парыжы. Прафесар Снапкоўскі ў сваіх працах называў МЗС БССР «беларускім атрадам савецкай дыпламатыі». Бо і наш атрад, і ўсю дыпламатыю вяла Масква.


Глядзіце таксама

У СССР, як, зрэшты, і ва ўсім тагачасным свеце, у тым ліку цывілізаваным, да 1970-х, калі не пазней, не практыкавалі прызначэнне жанчын на высокія дыпламатычныя пасады, хоць выключэнні былі. Першай амбасадаркай у свеце была якраз прадстаўніца Савецкага Саюза. Яе імя Аляксандра Калантай. Яна, дарэчы, прэтэндуе на ролю і першай жанчыны, якая стала міністрам, а яе пасольская кар'ера пачалася ў Нарвегіі ў 1920-я. Другая амбасадарка СССР, калі не памыляюся, з'явіцца толькі ў 1960-х. І гэта будзе Зоя Міронава, пастаянная прадстаўніца пры ААН у Жэневе.

Яе светласць пасол

Першыя жанчыны ў кіраўніцтве дыпмісіямі і МЗС з'явяцца ў незалежнай Беларусі. Прычым у шэрагу краін жанчыны стануць яшчэ і першымі беларускімі пасламі пасля адкрыцця там пасольстваў.

Гэта тычыцца, напрыклад, Францыі. Першым паслом Беларусі ў гэтай краіне, а затым яшчэ і ў Іспаніі і Партугаліі па сумяшчальніцтве была цяпер нябожчыца Ніна Мазай. Гэтае прызначэнне адбылося ў 1993-м, а сумяшчальніцтва — у 1994-м.

Яе (не дыпламатычная) кар'ера развівалася па камсамольскай лініі ў часы БССР і дасягнула ў тых умовах галавакружных вышынь: у 1985-м Ніна Мазай стала намесніцай старшыні Савета міністраў — віцэ-прэм'ерам. Вышэй падымалася, па-мойму, толькі Алена Грэкава, якая на працягу 10 гадоў (з 1938-га) фармальна ўзначальвала БССР у якасці старшыні Вярхоўнага Савета.


Глядзіце таксама

У дыпламатыю Ніна Мазай прыйшла ў 1991-м, адправіўшыся ў Парыж пастаяннай прадстаўніцай пры ЮНЕСКА. У 1997-м на два гады яна стала першай жанчынай – намесніцай міністра замежных спраў Беларусі. Пазней атрымала прызначэнне пасла ў Канадзе, прапрацаваўшы там амаль 7 гадоў.

Першым паслом Беларусі ў Італіі была Наталля Дрозд, гэта 1998 год. Яна ж прадстаўляла нашу краіну яшчэ і ў Мальце па сумяшчальніцтве. У МЗС, у прыватнасці, узначальвала Дэпартамент гуманітарнага супрацоўніцтва і правоў чалавека. У яе кар'еры ёсць досвед працы ў міжнародных арганізацыях: прадстаўляла Беларусь у Камісіі ААН па становішчы жанчын, у тым ліку на правах намесніцы старшыні (у 1995-м). Наталля Дрозд была намесніцай кіраўніка місіі АБСЕ ў Македоніі (2005-2013) і кіраўніцай Цэнтра АБСЕ ў Ашхабадзе (2016-2021). 

Жанчыны сталі першымі пасламі Беларусі ў такіх постсавецкіх краінах, як Казахстан (Ларыса Пакуш, 1997 год), Арменія (Марына Даўгаполава, 2002) і Таджыкістан (Вольга Гаўрук, 2011). Прычым Ларыса Пакуш узначальвала беларускую дыпмісію ў Казахстане на працягу 9 гадоў.

Марына Даўгаполава, акрамя пасады амбасадаркі ў Арменіі ў мінулым і пастаяннай прадстаўніцы пры СНД цяпер, узначальвала пасольства Беларусі ў Латвіі (2013-2018). У МЗС яна, у прыватнасці, кіравала найскладанейшым упраўленнем Расіі і Саюзнай дзяржавы. 

А яшчэ ў МЗС працуе яе малодшая сястра Вольга Даўгаполава, якая была першым і пакуль апошнім генконсулам Беларусі ў Мілане: генконсульства было адкрыта ў 2014-м пад удзел Беларусі ў ЭКСПА-2015 у Мілане, але не перажыло задуманую ўладамі аптымізацыю дыпслужбы і ўжо ў 2018-м было закрыта.

Алена Купчына, акрамя пасады намесніцы міністра замежных спраў (2012-2016), мае ў сваім паслужным спісе пасады амбасадаркі ў такіх краінах, як Венгрыя і Аўстрыя, пастаяннай прадстаўніцы пры АБСЕ ў Вене (адначасова з функцыяй амбасадаркі ў Вене). У яе кар'ернай скарбонцы — таксама прадстаўніцтва інтарэсаў у Славеніі і Харватыі па сумяшчальніцтве. У 2020-м, яшчэ да выбараў, Купчына перайшла на працу ў сакратарыят АБСЕ.

Прыклады іншых паспяховых жаночых кар'ер у беларускай дыпламатыі прадстаўляюць Алена Грыцэнка — мая першая кіраўніца ў МЗС (Упраўленне знешнепалітычнага аналізу), а таксама Наталля Жылевіч

Пік кар'еры Алены Грыцэнка — пасада амбасадаркі Беларусі ў Нідэрландах і па сумяшчальніцтве пастаяннай прадстаўніцы ў арганізацыі па забароне хімічнай зброі (2008-2014). 

Наталля Жылевіч узначальвала пасольства Беларусі ў Турцыі (2002-2008) і ў Паўднёвай Карэі (2011-2016), была амбасадаркай па асаблівых даручэннях МЗС — нацыянальнай каардынатаркай па супрацоўніцтве з Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывай.


Глядзіце таксама

Завяршае маю кароткую гісторыю жаночых кар'ер у МЗС Зоя Калантай (не блытаць з Аляксандрай Калантай). Яна прыйшла ў МЗС у 1991-м, працавала на розных пасадах у цэнтральным апараце і за мяжой, была намесніцай пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН у Нью-Ёрку. У 2016-м, калі быў створаны клуб ветэранаў дыпслужбы, Калантай абралі кіраўніцай. 

У 2019-м у Беларусі адзначылі 100-годдзе беларускай дыпслужбы, узяўшы за кропку адліку паведамленне ў газеце «Звязда» ад 22 студзеня 1919 года аб пачатку дзейнасці камісарыята па замежных справах Савецкай Беларусі. Дык вось гэтую гістарычную публікацыю выявіла ў архіве Зоя Калантай. А летась выйшла яе кніга «Нарысы гісторыі дыпламатычнай службы ў Беларусі. Лёсы і падзеі. 1919-1930-я гг.» з малавядомымі фактамі і дакументамі, якія праліваюць святло на гісторыю беларускай дыпслужбы і людзей, занятых у ёй. Вельмі рэкамендую.

P. S. У 2021-м годзе Генасамблея ААН знайшла ў календары месца — 24 чэрвеня, — каб штогод адзначаць Міжнародны дзень жанчын у дыпламатыі. Хто ведае, можа, з часам давядзецца падабраць дзянёк і для дыпламатаў-мужчын, каб апярэдзіць пагрозу іх знікнення. Але калі сур'ёзна, то дыпламатыя, нягледзячы на свой жаночы род і мужчынскі радавод, — гэта звычайная сфера дзейнасці, і пропускам у яе павінна быць кваліфікацыя, а не пол.