Лукашэнка раптам звольніў амбасадараў у Германіі, Кыргызстане, краінах Скандынавіі

Аляксандр Лукашэнка ўказам № 88 ад 11 сакавіка вызваліў ад пасад шэраг амбасадараў Беларусі ў краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Дакумент апублікаваны 12 сакавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, заўважыў «Позірк».

mid_belarusi_01.jpg

Гаворка ідзе пра Дзяніса Сідарэнку, які ўзначальваў беларускую дыпламатычную місію ў Германіі з 25 кастрычніка 2016 года; Андрэя Страчко, які прадстаўляў інтарэсы афіцыйнага Мінска ў Кыргызстане з 22 сакавіка 2017-га.

Акрамя таго, вызваленыя ад пасад Аляксей Самасуеў (амбасадар у Фінляндыі і Даніі па сумяшчальніцтве з 18 верасня 2018 года) і Дзмітрый Мірончык (у Швецыі — з 22 траўня 2018 года, Нарвегіі па сумяшчальніцтве — з 31 жніўня таго ж года).

Рашэнні ва ўказе не аргументаваныя, утрымліваецца толькі спасылка на п. 20 арт. 84 Канстытуцыі, якая абвяшчае, што “прэзідэнт Рэспублікі Беларусь <…> вядзе перамовы і падпісвае міжнародныя дамовы, прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады амбасадараў і пастаянных прадстаўнікоў пры міжнародных арганізацыях”.

На пачатку студзеня 2024 года «Радыё Свабода» са спасылкай на Міністэрства замежных справаў Швецыі паведаміла, што Мінск і Стакгольм узаемна адклікалі амбасадараў для кансультацый.

Паводле інфармацыі медыя, нагодай для адклікання беларускага дыпламата сталі заявы кіраўніка шведскага МЗС Томаса Більстрома 6 лістапада 2023 года пра тое, што яго краіна прызнае дэмакратычнага лідара Святлану Ціханоўскую«чалавекам, які перамог на выбарах [2020 года] і які па праве мусіў стаць інаўгураваным прэзідэнтам Беларусі».

У той жа дзень ён абвясціў пра прызначэнне Крысціны Юханэсан (амбасадар у Беларусі ў 2017–2022 гадах) спецпасланнікам Швецыі па сувязях з беларускімі дэмсіламі.


Глядзіце таксама

На нарадзе па аптымізацыі сеткі беларускіх замежных устаноў 6 красавіка 2021 года Лукашэнка паставіў пытанне пра магчымасць “пераразмеркаваць людзей” у сістэме органаў дыпламатычнай службы «для вырашэння ключавых задач там», дзе Беларусь чакаюць і гатовыя з ёй «працаваць, не выстаўляючы ніякіх ультыматумаў».

«У шэрагу краін наш шматгадовы досвед сведчыць пра тое, што перспектывы беларускай дыпламатычнай прысутнасці там не праглядаюцца, — заявіў ён. — Дык навошта нам захоўваць свае амбасады, марнаваць бюджэтныя сродкі на іх утрыманне? Да чаго там поўны штат дыпламатаў, якія адказваюць за напрамкі, што пастаўленыя на паўзу, мякка кажучы?».

На нарадзе па прыярытэтах знешняй палітыкі 20 ліпеня 2021 года Лукашэнка заявіў пра неабходнасць «усю сістэму сур’ёзна страсянуць». Паводле яго слоў, у МЗС «павінны дакладна разумець, што сучасны свет не абмяжоўваецца толькі краінамі Еўрапейскага саюза», «ён значна шырэй».

Лукашэнка даручыў прэм’ер-міністру і кіраўніку сваёй адміністрацыі «найсур’ёзнейшым чынам падысці да пытання кадравага камплектавання беларускіх дыппрадстаўніцтваў у Еўропе».

«Слухайце, ну навошта нам там трымаць кучу дыпламатаў, калі мы ўвогуле з імі не гандлюем, а палітычныя стасункі, дыпламатыя, яна не проста адсутнічае, яна на шкоду дзяржаве. Калі там патрэбны адзін амбасадар і памочнік, ну пакіньце іх, зніміце ім двухпакаёвую кватэру і хай працуюць. Пойдзе [супраца —] дадамо», — сказаў ён.