Мяняць трэба падыходы і кіраўніка. Чаму дарогі ў Беларусі стануць горшымі

Замест вырашэння праблемы ўлады займаюцца паказухай. І ім не прывыкаць.

Фота onliner.by

Фота onliner.by

— У вас сакавік-красавік, і да 9 траўня ўсе дарогі павінны быць адноўленыя, — заявіў Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы напярэдадні новых кіраўнікоў мясцовай вертыкалі. — Гэта і задача ўрада. Перадайце асабіста прэм'ер-міністру, хай пачынае займацца разам з віцэ-прэм'ерам.

Так-так, піша «Салідарнасць», мы ўжо бачым, як Раман Галоўчанка ў аранжавай камізэльцы латае ямы на трасе дзе-небудзь далей ад Мінска. І тэлекамеры дэманструюць, наколькі ўнікальна цяперашнія ўлады Беларусі клапоцяцца пра народ.

Вось толькі многія адзначаюць, што дарогі становяцца ўсё горш і горш. Уласна, і сам Лукашэнка гэта прызнаў яшчэ летась. У красавіку на нарадзе па развіцці Гродзенскай вобласці кіраўнік заявіў: «У цэлым па краіне сітуацыя няпростая. Нядаўна віцэ-прэм'еру профільнаму пастаўлена задача на працягу гэтага года ўсе дарогі адрамантаваць, чаго б нам гэта ні каштавала».

2023-ці скончыўся, а праблемы з дарогамі засталіся і нават узмацніліся. А толькі ў 2022-м чыноўнікі зрабілі справаздачу аб паспяховым завяршэнні дзяржпраграмы па ўдасканаленні дарог.

І вось цяпер новы «сезон серыяла»: загадана прывесці ўсе дарогі ў парадак за два месяцы. Ага.


Глядзіце таксама

Чаму нават Лукашэнка на трыццатым годзе сваёй улады называе сітуацыю з дарогамі «нярадаснай». Раней істотныя сродкі на інфраструктурныя праекты паступалі ад міжнародных арганізацый. Але пасля таго, як кіраўнік утрымаў крэсла ў 2020-м за кошт фальсіфікацыі вынікаў выбараў і маштабных рэпрэсій, Захад згарнуў фінансаванне.

Уласных рэсурсаў на дарожную сетку цяпер не хапае. Але нават тыя, што ёсць, выдаткоўваюцца неэфектыўна — часцяком на паказуху. Накшталт той, што прадэманстравалі ў панядзелак: Лукашэнка, які ставіць заведама невыканальную задачу на фоне чыноўнікаў, якія згодна ківаюць галовамі.

Пройдзе 9 траўня, а дарогі паступова будуць толькі дэградаваць. Потым Лукашэнка ўсталюе новы тэрмін: можа, да 7 лістапада, можа, да так званых прэзідэнцкіх выбараў. І гісторыя з дарогамі зойдзе на чарговае кола спіралі. Таму што, каб палепшыць сітуацыю, мяняць трэба падыходы і кіраўніка.