Стабільнасць «паплыла». Паглядзіце на стан дарог у Баранавіцкім раёне (фота, відэа)
Прыйшла вясна, і стабільнасць у Беларусі «паплыла». На якасць дарог скардзяцца жыхары многіх рэгіёнаў, у прыватнасці, выданне «Іntex-press» распавяло пра гаротны іх стан у Баранавіцкім раёне.

Выданне атрымала фота сваіх чытачоў, на якіх бачна, што пасля прыходу цяпла дарогі сталі зусім гразкімі.
Сярод вёсак, дзе «ні праехаць, ні прайсці», называюцца Лаўрынавічы. Там прычынай кепскіх дарог у тым ліку сталі распачатыя рамонтныя работы.

Паводле слоў мясцовага жыхара Яўгена, у вёсцы Лаўрынавічы Баранавіцкага раёна ён
пражывае 4 гады, і спачатку праблем з праезнай часткай вуліц Кветкавая і Мірная
не было. Зараз жа дарожнае палатно ўяўляе сабой бруд і лужыны, якія з'яўляюцца
«сапраўдным выпрабаваннем» як для транспарту, так і для жыхароў вёскі.
— Першапачаткова праблем не было, дарога была адсыпана пясчана-жвіровай сумессю, перасоўвацца па ёй не складала ніякіх цяжкасцей. Усё
змянілася пасля таго, як на вуліцы пачаліся рамонтныя работы па ўкладцы
камунікацый, — распавядае мужчына.
У выніку дарога, як адзначае Яўген, ператварылася ў «кашу з бруду», а для таго, каб у ёй не патануць, даводзіцца ісці праз поле.

— Бруду па калена. Ногі літаральна патанаюць у гэтым балоце! — абураецца мужчына. — Каб адвесці дзяцей у дзіцячы сад, трэба ісці з імі па
полі. Ну хіба гэта нармальна?
Паводле яго слоў, мясцовыя жыхары не раз звярталіся да
старшыні сельсавета, аднак ніякага выніку гэта не дало: вуліцы па-ранейшаму
«плывуць».
— Пасля звароту ў дарожную службу да нас прыслалі грэйдар,
які праехаў і разраўняў ямы. Але толку ад гэтага? З першым дажджом зноў
балота. Нічога і не змянілася! Дарозе патрэбна нармальная падсыпка, каб тая ж
машына хуткай дапамогі магла прыехаць, не захрасаючы ў гразі, — кажа мужчына.