«Людзі ў пагонах значна лепш умеюць «біць у морду», чым дамаўляцца на персідскай мове»: экс-дыпламат пра працу ў МЗС
Як адбіраюцца кадры ў беларускае Міністэрства замежных спраў? Ці высокія заробкі ў супрацоўнікаў? Як змянілася праца ведамства пасля 2020-га года? Распавядае экс-дыпламат Павел Слюнькін.
У 2024 годзе здаецца фантастычным, што ў беларускіх незалежных журналістаў калісьці была магчымасць атрымліваць каментары ад дзяржведамстваў. Міністэрства замежных спраў сярод іх было самым «ліберальным» і прыязным. Але пасля жніўня 2020-га Беларусь стала сінонімам выключнай жорсткасці, а прыязнасць дыпламатычнай прэс-службы знікла разам з мінулым жыццём. А як у ідэале павінна працаваць дыпведамства? Пра тое, якія змены павінны адбыцца з ім у новай Беларусі, Таццяна Ашуркевіч пагаварыла з аналітыкам ECFR, экс-дыпламатам Паўлам Слюнькіным у інтэрв'ю для «Цэнтра новых ідэй».
Павел Слюнькін — беларускі экс-дыпламат, аналітык Еўрапейскай рады ў міжнародных адносінах (ECFR).
Аб пазітыўных аспектах
З майго пункту гледжання, МЗС заўсёды быў адным з самых тэхнакратычных (непалітызаваных — заўв. аўтара)і добра падрыхтаваных ведамстваў. Гэтаму ёсць простае тлумачэнне: калі параўноўваць з усімі астатнімі дзяржорганамі, у МЗС быў добра падрыхтаваны персанал за кошт высокай канкурэнцыі. На гэта ўплывалі і прэстыж прафесіі, і добры заробак, і цікавая праца.
МЗС не даводзілася змагацца за двоечнікаў, якія ледзь скончылі ВНУ і не маглі знайсці сябе ў прафесіі — туды ад пачатку траплялі адукаваныя людзі. У дыпламатаў ёсць магчымасць працаваць па ўсім свеце, а значыць, лепш разумець, як ён ўладкаваны. Усё гэта дазваляе бачыць праблемы ўласнай дзяржавы. Гэта дае магчымасць параўнаць, як усё функцыянуе ў іншых дзяржавах. Значыць, яны становяцца значна менш схільныя да ідэалагічнай апрацоўкі.
Пра адбор будучых кадраў
Калі казаць пра тое, што варта было б памяняць у сістэме працы Міністэрства замежных спраў, я б пачаў з таго, што ў ім павінна быць цалкам зменена схема прыёму супрацоўнікаў на працу. Я казаў, што МЗС мае магчымасць набіраць найлепшых спецыялістаў, але праз тое, што ў нас няма адкрытых конкурсаў з адкрытымі заяўкамі, многія людзі проста прапускаюць гэтую магчымасць. А МЗС у сваю чаргу выпускае са свайго поля зроку каштоўныя кадры. Пошук лепшых з лепшых якраз і з'яўляецца мэтай дзяржавы, але пакуль што гэта немагчыма, таму што сістэма ў большасці выпадкаў закрытая.
Акрамя гэтага, у нас не рыхтуюць спецыялістаў за мяжой — выключэнне складае толькі МДІМА (Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін). І гэта выклікае перасцярогі: можна меркаваць, што цяперашнія расійскія ВНУ моцна ідэалагізаваныя. Гэта пагражае інтарэсам краіны, асабліва ўлічваючы імперскія жаданні сучаснай Расіі ў дачыненні да самой Беларусі. Неабходна рыхтаваць кадры ў топавых ВНУ па ўсім свеце, асабліва ў краінах, якія ўяўляюць асаблівую рэгіянальную цікавасць (краіны ЕЗ, ЗША, Кітай, Бразілія, Нігерыя, Індыя і г.д.).
Тут я яшчэ хачу адзначыць, што ў нас мала спецыялістаў, якія валодаюць рэдкімі замежнымі мовамі. Зразумела, без ведання англійскай ты ў прынцыпе ў МЗС не патрапіш. Але калі гаворка ідзе пра працу ў суседніх краінах, Латвіі ці Літве, у нас проста няма людзей, якія б ведалі іх мовы і маглі б наўпрост мець зносіны з насельніцтвам і элітамі. Гэта, вядома, моцна абмяжоўвае эфектыўнасць любой працы.
Пра рэгулярную зверку гадзін і бюракратыю
Яшчэ я б асобна вылучыў неабходнасць пераатэстацыі супрацоўнікаў. Многія людзі працуюць у МЗС дзесяцігоддзямі: калі ведамства толькі стваралася, туды бралі нават тых, хто не можа сказаць па-англійску некалькі слоў. Цяпер гэтыя людзі бязвылазна сядзяць у Мінску і практычна нікуды не ездзяць. Калі я яшчэ быў у МЗС, пры мне пераатэстацыя арыентавалася не на кампетэнцыі работнікаў — яна праводзілася па прынцыпе «для галачкі», а калі адбываліся скарачэнні, то ў першую чаргу на аснове сувязяў, непразрыстых дамоўленасцей і фактару ўзросту.
Другая праблема, якую я б адзначыў, — гэта праблема ў прынцыпе ўсяго бюракратычнага апарата. Пад ёй я маю на ўвазе шкодныя працоўныя практыкі, напрыклад, калі ініцыятыва чалавека зусім не заахвочваецца. І ў выніку чыноўнікі становяцца несамастойнымі, яны не спрабуюць браць на сябе адказнасць. Сярод беларускіх дыпламатаў хадзіў жарт, што «найлепшае заахвочванне — гэта адсутнасць пакарання». Рэальнасць такая, што калі ты праяўляеш ініцыятыву, то за вынік цябе пахваляць у вельмі рэдкіх выпадках. Але калі нешта пойдзе не так, то дакладна пакараюць. Сістэма стымулаў выбудавана няправільна і змушае дыпламатаў бяздумна выконваць указанні зверху замест пошуку магчымасцей і творчых рашэнняў. Гэта моцна шкодзіць эфектыўнасці і зніжае матывацыю персаналу.
Я прывяду прыклад. Калі здараецца крызісная сітуацыя, якая закранае інтарэсы нашай краіны, амбасада мусіць хутка прапанаваць пазіцыю, як павінна рэагаваць Беларусь. А ў рэальнасці часта ад амбасады гучыць пытанне: што хочуць пачуць у Мінску, якую пазіцыю ім прапанаваць? Калі сістэма працуе па прынцыпе «ініцыятыва каральная», людзі проста пазбягаюць канфліктаў ідэй, любой адказнасці, а інтэлектуальны патэнцыял супрацоўнікаў растрачваецца на механічнае выкананне ўказанняў кіраўніцтва.
Аб фінансах
Заробак беларускага дыпламата ў прынцыпе дастаткова добры для чалавека, які прадстаўляе наша не вельмі багатае грамадства. У той жа час тут існуе дысбаланс: калі гаворка ідзе пра маладых супрацоўнікаў, то яны працуюць проста за жабрацкую зарплату. А калі ён ці яна яшчэ і іншагародні і не мае зберажэнняў, каб здымаць кватэру ў сталіцы, то яму прапануюць жыць у інтэрнаце разам са студэнтамі. Менавіта таму працаваць у МЗС з нуля вельмі няпроста — мець цяжкасці з аплатай ежы ў першы год працы нікому не спадабаецца.
Яшчэ адзін момант тычыцца штодзённых патрэб. Смешна ўявіць, але здараліся сітуацыі, калі ў ведамстве заканчваліся сродкі на куплю паперы для друку. І пакуль там доўга спрабавалі вырашыць пытанне з фінансамі, дыпламаты самі куплялі гэтую паперу. Яшчэ адно сумнеўнае пытанне тычыцца адсутнасці страхавання беларускіх дыпламатаў за мяжой: гэтыя праблемы яны вымушаны вырашаць самі. То-бок, калі на працы з табой нешта здараецца, працадаўца юрыдычнай адказнасці за цябе не нясе. Каб табе кампенсавалі аплату прыёму ў лекара, трэба пісаць заявы, збіраць чэкі, усё абгрунтоўваць. Усе гэтыя рэчы адцягваюць дыпламатаў ад іх непасрэдных функцый, а падобнае стаўленне да сваіх супрацоўнікаў ілюструе нейкую непавагу ведамства да іх працы.
Пра рост уплыву сілавікоў
Сярод тэндэнцый апошніх гадоў я б адзначыў інфільтрацыю МЗС і замежных устаноў сілавікамі. МЗС заўсёды знаходзіўся ў апаратнай барацьбе з сілавымі ведамствамі, бо дыпламатыя па сваёй прыродзе — гэта арыентацыя на стварэнне, кампраміс, паляпшэнне адносін. Сілавікам жа заўсёды трэба больш уплыву і кантролю, пошуку «ворагаў» і раскрыцця «змоў». І гэтыя розныя пазіцыі заўсёды стымулявалі супрацьстаянне паміж ведамствамі.
Пасля 2020-га з МЗС звольнілі велізарную колькасць прафесійных дыпламатаў, а на іх месца прыйшлі людзі без дыпламатычнага досведу, без ведання моў, але з пагонамі на плячах, дрэнна схаванымі пад пінжакамі. Гэтая агульная беспакаранасць за парушэнне законаў, атмасфера страху ўнутры краіны прывяла да таго, што і так высокая доля сілавікоў унутры пасольстваў узрасла яшчэ больш. У такой атмасферы людзі проста не могуць якасна выконваць сваю працу: яны баяцца, што сілавікі здымуць іх з пасады або і зусім прывядуць у турму за «недастатковы патрыятызм». Часта ў пасольствах галоўным чалавекам становіцца менавіта той, хто прыстаўлены туды сачыць за іншымі дыпламатамі. Па гэтай прычыне самім дыпламатам у такой атмасферы значна камфортней механічна зачытваць узгодненыя з цэнтрам фармулёўкі, а не спрабаваць шукаць крэатыўныя шляхі вырашэння пытанняў. Людзі ў пагонах значна лепш умеюць «біць у морду», чым дамаўляцца на італьянскай або персідскай мове па далікатных пытаннях.