Дыпламатыя падарункаў. Што і як дапамагала МЗС наладжваць адносіны са светам

Палітычны аналітык і былы дыпламат Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульс Леніна-19» расказвае, як дыпламатычныя службы дапамагаюць кіраўнікам дзяржаў не сесці ў лужыну падчас традыцыйных цырыманіялаў.

Большая частка падарункаў Лукашэнку дэманструецца ў Палацы Незалежнасці. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Большая частка падарункаў Лукашэнку дэманструецца ў Палацы Незалежнасці. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Нагодай для артыкула Паўла Мацукевіча стаў абмен падарункамі падчас нядаўняга візіту Лукашэнкі ў Кітай для сустрэчы з Сі Цзіньпінам. Гэтаму элементу праграмы, які часта бывае скрыты ад усялякіх вачэй, было нададзена падкрэслена шмат асабістай увагі абодвума таварышамі. 

Багі прагнуць дароў

У міжнародных адносінах амаль як у звычайным жыцці: без падарункаў ніяк. Гэта тычыцца сустрэч у вярхах, візітаў, дзяржаўных святаў, дзён нараджэння і юбілеяў першых асоб, хоць выключэнні таксама бываюць.

Вось прэзідэнт Кыргызстана, якому 6 снежня споўнілася 55 гадоў, забараніў сваім падначаленым рабіць яму падарункі. Ён у гэтым сэнсе не ўнікальны, загадкай можа быць ступень яго какецтва. Праўда, падначаленыя кіраўніка Кыргызстана кажуць, што Садыр Жапараў чалавек выключнай сціпласці. Можа, і так.

Іосіф Сталін таксама быў па-свойму надзвычай сціплым. У тым сэнсе, што, як апісвае яго дачка Святлана Алілуева ў сваіх «20 лістах да сябра», вёў аскетычны лад жыцця, пазбаўлены якой-небудзь раскошы. 

Сталін, напрыклад, не дазволіў ладзіць урачыстасці з нагоды свайго 50-годдзя, затое на 60-годдзе ў СССР ужо праходзіла цэлая кампанія ўшанавання юбіляра, якая ўключала не толькі падарункі і тэлеграмы. Па ўсім Саюзе, уключаючы БССР, ішлі сходы партактываў, творчыя вечары, канферэнцыі. З такой нагоды 22 найлепшыя беларускія стаханаўцы нават былі прэміраваныя паездкай на радзіму правадыра ў горы. 


Глядзіце таксама

На 70-годдзе найлепшы сябар усіх савецкіх палярнікаў, навукоўцаў і дзяцей падпісаў пастанову аб усталяванні гіганцкага помніка сабе на беразе Волга-Данскога канала. Тады Іосіф Вісарыёнавіч атрымаў звыш 23 тысяч падарункаў з усяго свету. У Балгарыі, напрыклад, Варну перайменавалі ў Сталін, пікам Сталіна стала называцца самая высокая гара Муса. Балгарскі кіраўнік прывёз у Маскву віншавальны адрас, якія падпісалі ўсе (!) жыхары краіны. Іх подпісы занялі сотні тамоў.  

У нашы дні ўсё крыху больш сціпла, хоць выключэнні, зноў жа, бываюць. У Казахстане, напрыклад, сталіца Астана паспела пару гадоў пабыць Нур-султанам у гонар Назарбаева. 

У Расіі да 70-годдзя Пуціна не было ініцыятыў аб перайменаванні гарадоў, расійскія хімікі не прапаноўвалі дапоўніць табліцу Мендзялеева новым элементам з імем «Пуцін», як прапаноўвалі савецкія з нагоды юбілею Сталіна. Магчыма, усё гэта яшчэ наперадзе і ў Расіі, і ў Беларусі. 

Лукашэнка паднёс Пуціну на 70 гадоў трактар той мадэлі, якой і сам карыстаецца. Верагодна, не без гандлёвага намеру нарасціць пастаўкі ў РФ трактарных запчастак і насадак (сеялкі-веялкі-каўшы), а таксама беларускага дызпаліва хоць бы ў тых аб'ёмах, у якіх усяго гэтага запатрабуе падораны трактар (рамонт, запраўка).

Алжырскія жанчыны беларускага паходжання

Большая частка падарункаў Лукашэнку, наколькі можна меркаваць, дэманструецца ў Палацы Незалежнасці і ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці. 

Нейкімі з дароў Лукашэнка адкрыта карыстаецца. Напрыклад, «Майбахам», падораным яму расейскім бізнесменам. Паводле закону, службовыя асобы ў Беларусі маюць права прымаць падарункі коштам да 20 базавых велічынь і толькі на пратакольных або афіцыйных мерапрыемствах. З гэтай прычыны «Майбах» Аляксандра Рыгоравіча прапісаны ў саўмінаўскіх гаражах.   

Лукашэнка практыкуе дарэнне прадуктовых кошыкаў з мяснымі дэлікатэсамі, сырамі, алкаголем і шакаладам, а таксама бульбы, але ён у гэтым не адзінокі. У той раз, калі начальнік усяе Беларусі падарыў Пуціну на дзень нараджэння трактар, Эмамалі Рахмон паднёс імянінніку піраміды з кавуноў, дынь і іншых ядомых штук. Аналагічныя фруктовыя падарункі ад Рахмона атрымліваў і Лукашэнка. І не толькі ад яго. 


Глядзіце таксама

Сярод нядаўніх падарункаў Сі Цзіньпіна быў кошык з яблыкамі, што цалкам вытлумачальна: Кітай з'яўляецца найбуйнейшым у свеце вытворцам і спажыўцом яблыкаў. Прымаючы пад увагу аграрныя эксперыменты Лукашэнкі ў Драздах і па ўсёй краіне, хунаньскія яблычкі сышлі па правільным адрасе. 

Традыцыя дарэння прадуктовых набораў мела хаджэнне ў СССР. У гады вайны і пазней ікрой, папяросамі і гарэлкай адорвалі практычна ўсіх замежных гасцей Масквы — ад Чэрчыля да Ціта. 

У СССР (да Гарбачова) не існавала абмежаванняў на прыняцце падарункаў афіцыйнымі асобамі. Саветы не скупіліся і на свае, чым нярэдка груба парушалі прынятыя ў іншых дзяржавах вартасныя нормы і абмежаванні. Часам дарылі аўтамабілі і нават самалёты. З дапамогай такіх падарункаў дэманстраваліся эканамічная моц і дасягненні прамысловасці. 

У беларускіх прадуктовых кошыкаў, трактароў або мастацкіх вырабаў увогуле тыя ж мэты — рэклама вытворчых магчымасцей Беларусі.

Хоць бывала, што Лукашэнка рабіў і больш арыгінальныя і нават нечаканыя па цяперашніх рэпрэсіўных часах падарункі. 

У чэрвені 2017 года падчас візіту ў Астану ён перадаў Нурсултану Назарбаеву копіі архіўных дакументаў КДБ у дачыненні да асуджаных у БССР у канцы 1930-х гадоў па палітычных матывах і этапаваных у лагер на тэрыторыі КССР жанчын. Гаворка ішла, у прыватнасці, пра жонак беларускіх пісьменнікаў. Дакументы-копіі спраў, лісты сваякоў-прызначаліся для Музея памяці ахвяр палітычных рэпрэсій і таталітарызму на месцы так званага АЛЖЫРа — энкавэдэшнага Акмалінскага лагера жонак здраднікаў Радзімы.

Залацісты сябар для шпіца першага

У міжнародных адносінах часта практыкуецца абмен падарункамі ў пратакольным парадку: калі асобы, якія суправаджаюць адну дэлегацыю, перадаюць суправаджальным асобам іншай дары без удзелу кіраўнікоў, якім яны прызначаны. Абмен падарункамі і тэхналогія перадачы ў любым выпадку абмяркоўваюцца загадзя, каб нікога не паставіць у нязручную сітуацыю. Напрыклад, каб не здарылася так, што ў аднаго боку падрыхтаваны падарунак, а ў другога — не.

Часам абмяркоўваюцца і самі падарункі. Бывае, нават робіцца празрысты намёк аб пажаданасці або непажаданасці тых ці іншых дароў. 

Віктар Суходраў, які перакладаў савецкім генсекам ад Хрушчова да Гарбачова, у сваёй кнізе «Мова мой — сябар мой» згадвае, як пры падрыхтоўцы візіту Брэжнева ў ЗША ў 1973 годзе савецкія дыпламаты намякалі амерыканцам, што лепшым падарункам для Леаніда Ільіча будзе аўтамабіль. Белы дом, які не практыкуе такія дарагія дары, выручылі бізнесмены. У выніку Ніксан падарыў Брэжневу «Лінкальн».   

Падчас апошняга візіту ў Кітай выйшла так, што Аляксандр Лукашэнка як быццам выпрасіў у Сі Цзіньпіна карціну для свайго офіса. Рэагуючы на падораную старшынёй КНР шаўковую карціну з кітайскімі горнымі краявідамі, Лукашэнка заўважыў, што «толькі хацеў сказаць, каб Кітай падарыў нам карціну для Палаца Незалежнасці, якая ў цэнтры будзе стаяць». Таварыш Сі тут жа пацікавіўся жаданым памерам і пейзажам, прыняўшы гэта за пажаданне новага палатна.

Кожны міжнародны візіт суправаджаецца падрыхтоўкай велізарнай колькасці дакументаў і ў тым ліку біяграфій і палітычных партрэтаў кіраўнікоў дэлегацый. Якраз гэтыя звесткі могуць дапамагчы з падарункам.

Напрыклад, у лютым 2020 года ў Мінск прылятаў кіраўнік МЗС Швейцарыі Іньяцыа Касіс. З сабранай да візіту інфармацыі выходзіла, што Касіс захапляецца музыкай і калекцыянуе вінілавыя пласцінкі. На складзе ў МЗС вінілавых пласцінак ад нараджэння склада не было, але супрацоўнік, які адказваў за падрыхтоўку візіту (Аляксей Жбанаў), праявіў ініцыятыву і падмітусіўся. 


Глядзіце таксама

Трэба было бачыць твар швейцарскага міністра, калі ў момант абмену падарункамі Уладзімір Макей паднёс яму пласцінку «Песняроў». Касіса відавочна крануў падарунак, а яшчэ больш — праяўленая ўвага да яго выбару. Гэта адбілася на адносінах, хай у іх ужо нядоўга грала прыемная музыка — да жніўня, у якім усё спынілася, заставалася зусім трошкі.    

Ёсць іншая гісторыя, у якой жадаючым зрабіць падарунак Аляксандру Лукашэнку было ў гэтым адмоўлена. Вясной 2020-га нейкая кіналагічная асацыяцыя Ліхтэнштэйна захацела падарыць Лукашэнку шчанюкоў пароды «ліхтэнштэйнскі залацісты рэтрывер», перадаўшы сваю прапанову па дыпканалах. МЗС стаў разбірацца, што за асацыяцыя, каму яшчэ з лідараў краін перадаваліся шчанюкі і гэтак далей. 

Ініцыятыва выглядала каламутнай: па адрасе асацыяцыі ў Ліхтэнштэйне, паказаным у лісце гаспадароў рэтрывераў, аніякіх прыкмет знаходжання там такой структуры выяўлена не было. Княскі дом у Ліхтэнштэйне і іншыя ўплывовыя асобы шчанюкоў ад асацыяцыі не атрымлівалі. Рызыкі магчымых рэпутацыйных выдаткаў ад прыняцця дару, як бы дзіўна гэта ні гучала цяпер у дачыненні да Лукашэнкі, пераважвалі сам дар, а таму яго ў выніку ветліва адхілілі. 

Аляксандру Рыгоравічу, верагодна, няўцям (яму, хутчэй за ўсё, нават не дакладвалі), што ў яго беласнежнага шпіца мог з'явіцца ў сябрах залацісты рэтрывер, калі б не пільны МЗС на варце сумнеўнай рэпутацыі.

Ахоўная грамата, якая не абараняе ад ганьбы

Падарункі ў любым выпадку праходзяць кантроль службы бяспекі, бо могуць мець і злы намер. Ад замахаў на жыццё да шпіянажу. Кур'ёзны прыклад з далёкага мінулага: летам 1945-га савецкія піянеры паднеслі амерыканскаму амбасадару ў СССР у падарунак драўлянае пано з выявай герба ЗША, якое расчулены дыпламат размясціў у сваім кабінеце. Падарунак перажыў змену чатырох паслоў, перш чым у ім выявілі падслухоўваючую прыладу.

Цяпер пра падарункі, якія сапраўды жаданыя і каштоўныя для любой дзяржавы, але здараюцца вельмі рэдка. Гэта падарункі, якія маюць дачыненне да страчаных каштоўнасцей.

Падчас візіту ў Беларусь у 1997 годзе прэзідэнт Украіны Леанід Кучма прывёз у дар 6 старадаўніх абразоў. Фактычна, гэта было вяртанне даваенных каштоўнасцей Беларусі: падораныя абразы мелі інвентарныя нумары беларускіх музеяў, былі вывезены ў гады вайны, а пасля яе памылкова трапілі ў Кіева-Пячэрскі запаведнік.


Глядзіце таксама

У гэтым жа кантэксце можна згадаць перадачу Эстоніяй Святлане Ціханоўскай у 2022-м архіўнай копіі дакумента аб прызнанні Радай БНР незалежнасці Эстоніі.

Гісторыя — штука падступная, калі яе дрэнна ведаць. Можа згуляць з дарыльшчыкам злы жарт. Як з Барысам Ельцыным у Беларусі ў снежні 1991 года. Напярэдадні падпісання Белавежскіх пагадненняў у Віскулях прэзідэнт Расіі выступаў у Вярхоўным Савеце ў Мінску. 

Як апісвае ў сваіх мемуарах Пётр Краўчанка, Ельцына сустракалі цёпла, «а праводзілі з Авальнай залы крыкамі "Ганьба!" пасля таго, як Барыс Мікалаевіч стаў расказваць пра свой падарунак для Беларусі, а менавіта архіўную царскую ахоўную грамату Оршы XVII стагоддзя». Дэпутатамі гэты дар быў успрыняты як здзек з мільённых стратаў беларускага народа ў польска-рускай вайне таго часу. 

Аднак гэтае непаразуменне — хутчэй выключэнне з правіла, у якім добры падарунак счытваецца на ўсіх мовах як знак увагі да адносінаў і іх шмат у чым характарызуе. У выпадку нядаўняга абмену падарункамі з Кітаем гэта менавіта так.