Канспіралагічныя факты: усе супадзенні выпадковая

Той-сёй зноў знік. Вось зрабіў сабе вялікі дыпламатычны прарыў на далёкіх рубяжах — і адразу знік, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

_belarus_pryroda_vjoska_dobraj_ranicy_fota_dzmitryj_dzmitryeu_novy_czas__6__1_logo.jpg

Ну знік — і знік. З кім не бывае. З ім так наогул бывае рэгулярна. Таму што праца не воўк. Яна ў лес не ўцячэ. Няма пра што было б і казаць.

Але ў гэты раз той-сёй не проста так знік. У гэты раз ён знік пры даволі падазроных акалічнасцях. І я не буду табе рабіць ніякіх канспіралагічных высноў. Ты ведаеш, з якой непрыязнасцю я стаўлюся да канспіралагічных высноў. Я табе проста перакажу канспіралагічныя факты.

Спачатку сёй-той раптам сарваўся з саміту ў Дубаі і паляцеў у Кітай. Хоць нічога ж не прадвяшчала. Не было ў сяго-таго ніякіх планаў раптоўна паляцець у Кітай. Але, што характэрна, у кітайскага Сі знайшоўся для гэтага раптоўнага візіцёра вольны час. Хоць для кітайскага Сі сёй-той нібы пыл ля яго ног.

А пасля сустрэчы з Сі самалёт сяго-таго пераляцеў назад у Дубай — і з таго часу пра іх абодвух мы ўжо нічога не чулі.

Хоць беларускі тэлевізар і паспрабаваў паказаць, што сёй-той зноў у Мінску. Але ў беларускага тэлевізара не вельмі гэта і атрымалася.

Затое ў Дубай раптам паляцеў Пуцін.

І, вось цікава, беларускі тэлевізар палёту Пуціна ў Дубай нават не заўважыў. Хоць Пуцін зладзіў свой палёт так, каб усе яго бачылі.

А беларускі тэлевізар не ўбачыў. Хоць галоўны глядач беларускага тэлевізара ў гэты самы час сам быў у Дубаі.

А калі Пуцін ужо адлятаў з Дубая, да яго проста ў той жа дзень у Маскву прыляцеў прэзідэнт Ірана. А сёй-той усё роўна так з тых часоў і не з'явіўся.

Вось такія ў мяне для цябе канспіралагічныя факты.

А канспіралагічных тэорый у мяне няма. Адно магу сказаць. Вось калі яны ўсе хацелі не прыцягваць увагі да сваіх перасоўванняў, то неяк вельмі па-дурному гэта рабілі. Ну нават маю ўвагу прыцягнулі. Што ўжо казаць пра людзей, якія спецыяльна навучаны звяртаць увагу.

А гэта ж толькі сёй-той стараўся не прыцягваць да сябе ўвагі пасля таго, як згуляў у Кітаі ў хакей. А сёй-той — вядомы канспіролаг і спецыяліст па змовах з іх наступным выкрыццём. Так што цалкам можа быць, што ніякія гэта не канспіралагічныя факты, а проста выпадковыя супадзенні.

А ведаеш, што дакладна не было выпадковым супадзеннем? Сокалы, якія скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.