Беларусь падала МАГАТЭ чарговы нацыянальны даклад

Беларусь падрыхтавала чарговы (сёмы) нацыянальны даклад аб выкананні Канвенцыі аб ядзернай бяспецы.

Сцяг МАГАТЭ. Фота www.tvc.ru

Сцяг МАГАТЭ. Фота www.tvc.ru


Распрацоўку дакумента ажыццявіў дэпартамент па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС у супрацоўніцтве з зацікаўленымі органамі дзяржаўнага кіравання.
Як паведамляе прэс-служба МНС Беларусі, у адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі даклад пададзены ў МАГАТЭ для яго разгляду. Дакумент на рускай і англійскай мовах размешчаны на інтэрнэт-сайце Дзяржатамнагляда.
Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб ядзернай бяспецы ў 1998 годзе. Згодна з працэдурамі, краіны-ўдзельніцы (дагаворныя бакі) рыхтуюць нацыянальныя даклады аб выкананні канвенцыі адзін раз на тры гады.
Чарговы нацыянальны даклад, адзначылі ў прэс-службе МНС, "ілюструе выкананне абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь у 2013—2016 гадах, з улікам рэалізацыі дзяржаўнага рашэння аб будаўніцтве ў Беларусі першай АЭС і дзеянняў ўсіх уцягнутых дзяржаўных органаў і арганізацый па яго выкананні". "Асаблівая ўвага нададзеная зменам, якія адбыліся ў заканадаўстве і сферы рэгулявання забеспячэння ядзернай і радыяцыйнай бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі. Адлюстраваныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы кадраў, забеспячэнні прыярытэту бяспекі, ажыццяўленні радыяцыйнай абароны, арганізацыі сістэмы аварыйнай гатоўнасці і рэагавання, рэалізацыі прынцыпаў, якія ўтрымліваюцца ў Венскай заяве аб ядзернай бяспецы ад 9 лютага 2015 года", — гаворыцца ў паведамленні.
У адпаведнасці з усталяванай МАГАТЭ працэдурай, краіны, якія ратыфікавалі канвенцыю, на працягу чатырох месяцаў будуць вывучаць нацыянальныя даклады іншых дагаворных бакоў і фармуляваць пытанні і каментары да іх. Абарона нацыянальных дакладаў адбудзецца ў сакавіку—красавіку 2017 года на пляцоўцы МАГАТЭ падчас чарговай нарады дагаворных бакоў.
Канвенцыя аб ядзернай бяспецы прынятая 17 чэрвеня 1994 года. Яна скіраваная на "дасягненне і падтрыманне высокага ўзроўню ядзернай бяспекі ва ўсім свеце на аснове ўмацавання нацыянальных мер і міжнароднага супрацоўніцтва; стварэнне і падтрыманне на ядзерных устаноўках эфектыўных сродкаў аховы ад патэнцыйнай радыяцыйнай небяспекі; ахову асоб, грамадства ў цэлым і навакольнага асяроддзя ад шкоднага ўздзеяння іанізуючых выпраменьванняў; прадухіленне аварый з радыелагічнымі наступствамі і змякчэння іх наступстваў у тым выпадку, калі яны здарацца".
Андрэй Серада, БелаПАН