Беларуская апазіцыя. Ці ёсць шанец выйсці з гета?
Упершыню за доўгія гады апазіцыя аказалася па адзін бок барыкад з народам.
Як вядома, усе сённяшнія аўтарытарныя рэжымы — гэта рэжымы імітацыйныя. Бо цэлы шэраг дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў ўяўляюць сабой імітацыі. Фармальна ў Беларусі сёння ёсць парламент, мясцовае самакіраванне, выбары, дэпутаты, прафсаюзы і інш. А на самай справе, усё гэта — сурагат ці, як модна цяпер казаць, фейк.
У значнай меры да гэтай імітацыі шэрагу можна аднесці і апазіцыю. Яна быццам бы і існуе, апазіцыйныя партыі афіцыйна зарэгістраваныя, яны ўдзельнічаюць у выбарчых кампаніях. Але ў рэчаіснасці апазіцыя не з'яўляецца паўнавартасным суб'ектам палітыкі. Яна выкінутая з палітычнай сістэмы, загнаная ў гета і вельмі мала ўплывае на прыняцце рашэнняў у дзяржаве. Бо ў краіне няма публічнай палітыкі. Адсутнічаюць легальныя механізмы ўдзелу апанентаў улады ў палітычным жыцці. Таму ёй застаюцца толькі нелегальныя (з пункту гледжання ўладаў) спосабы барацьбы: вулічныя акцыі пратэсту.
У незалежных СМІ вельмі папулярным заняткам з'яўляюцца развагі пра памылкі апазіцыі. Яны, безумоўна, ёсць. Але як правільныя рашэнні апанентаў рэжыму, так і іх памылкі, мала на што ўплываюць.
Апынуўшыся ў такой сітуацыі, апазіцыя вымушаная ў асноўным займацца самавыжываннем. Яна выступае з заявамі і рэзалюцыямі, дыскутуе паміж сабой, праводзіць канферэнцыі, кангрэсы, аб'ядноўваецца, разлучаецца, выбірае адзінага кандыдата. Але ўсё гэта мала ўплывае на рэальную дзяржаўную палітыку.
Звычайна ў сьвеце, калі рэйтынг улады падае, то сімпатыі грамадства перацякаюць да апазіцыі. Але феномен беларускага палітычнага жыцця заключаецца ў тым, што ўзровень падтрымкі апазіцыі фактычна не мяняецца ўжо чвэрць стагоддзя. Пад час прэзідэнцкіх выбараў 1994 года два дэмакратычныя кандыдаты Зянон Пазняк і Станіслаў Шушкевіч набралі ў суме 23% галасоў. І па апошніх даступных нам сацыялагічных апытаннях НІСЭПД (чэрвень 2016 г.) давяралі апазіцыйным партыям 21,3%, гатовыя былі галасаваць на выбарах за апазіцыйнага кандыдата прыкладна на 5% больш.
Прычым, ваганне рэйтынгу Лукашэнкі мала ўплывае на давер да апанентаў рэжыму. Так атрымалася, што на працягу чвэрці стагоддзя апазіцыю ў Беларусі не любілі яшчэ больш, чым дзеючага прэзідэнта. Розныя інтэрнэт-форумы рэагуюць на дзеянні і заявы апазіцыйных лідэраў хутчэй негатыўна, чым пазітыўна.
Грунтоўных даследаванняў гэтага феномену пакуль няма. Дзіўна, але апазіцыйныя лідэры за шмат мінулых гадоў нават не спрабавалі замовіць сацыёлагам спецыяльнае і глыбокае апытанне на гэтую тэму.
Зразумела, гэтыя фактары ўплываюць. Але, сёння больш за 60% насельніцтва Беларусі карыстаецца інтэрнэтам, дзе можна знайсці любую інфармацыю. Гэта значыць інфармацыйнай манаполіі рэжыму сёння дэ факта няма. Нельга сказаць, што большасць насельніцтва не знаёма з асноўнымі ідэямі апазіцыйных арганізацый. Агульнае ўяўленне пра іх, здаецца, людзі маюць. Тым не менш, гэта мала ўплывае на павышэнне даверу да апазіцыі.
У чым прычына гэтага феномена?
Па-першае, сацыяльна-эканамічны праект, прапанаваны Лукашэнкам (дзяржаўны патэрналізм) больш прывабны для большасці беларусаў, чым тая альтэрнатыва, якую прапануе апазіцыя (рынкавыя рэформы). Асноўны ўплыў на беларускае грамадства аказала ўспрыманне рынкавых трансфармацый у Расіі і Украіне (а не ў Польшчы і Літве). А само расійскае і ўкраінскае насельніцтва ацэньвае рынкавыя рэформы ў сваіх краінах у асноўным негатыўна. І нават калі сёння шмат хто незадаволены Лукашэнка, то гэта яшчэ не значыць, што яны адмаўляюць тую сацыяльную мадэль, якая існуе ў Беларусі.
Па-другое, асноўны папрок на адрас апазіцыі ад людзей, якія стаміліся ад Лукашэнкі, зводзіцца да трывіяльнай пытанні: ну калі вы ўжо яго скінеце? Беларусы — вялікія дармоўшчыкі. Яны хочуць, каб нехта за іх вырашыў іх праблемы. І калі апазіцыя не змагла гэтага зрабіць, то ў яе адрас сыплюцца абвінавачванні: слабыя, нямоглыя, імпатэнты, яны нічога не могуць, адны паразы і інш. Але любая апазіцыя без рэальнай (а не толькі ў інтэрнэце) падтрымкі грамадства — нішто.
Па-трэцяе, несістэмны статус апазіцыі прыводзіць да таго, што людзі не бачаць сэнсу да яе звяртацца пры вырашэнні самых простых, бытавых праблем. У цяперашняй сітуацыі апаненты рэжыму не ў стане лабіяваць інтарэсы пэўных сацыяльных слаёў насельніцтва. Таму рацыянальныя беларусы прагматычна разважаюць: апазіцыянеры — прыемныя людзі, але які сэнс іх падтрымліваць, лепш наладзіць кантакт з наменклатурай, у крайнім выпадку напісаць скаргу прэзідэнту, гэта хоць нейкі шанец вырашэння праблемы.
Па-чацвёртае, праект нацыянальнага адраджэння ў варыянце БНФ аказаўся чужым для большасці беларусаў. Этнакультурны нацыяналізм не быў успрыняты насельніцтвам па розных прычынах. Напрыклад, таму, што патрабаваў пэўных высілак ад людзей (вывучэнне мовы). Праект нацыяналізму, прапанаваны Лукашэнкам (нацыя спажыўцоў без глыбокіх каранёў) апынуўся для іх бліжэй.
Па-пятае, апазіцыя не змагла прапанаваць альтэрнатыўную мадэль адносінаў з Расіяй, якая б была больш эфектыўнай, чым тая, якую рэалізуе Лукашэнка. Паколькі адносіны з РФ для Беларусі крытычна важныя, то той палітык ці палітычныя сілы, якія дакажуць здольнасьць выбіваць з Масквы ільготы, будуць падтрыманыя беларусамі. Пакуль ніхто з апазіцыянераў не патлумачыў, якім чынам ён будзе лепш за Лукашэнку атрымліваць ад Расіі дармовыя рэсурсы, пры гэтым не ўпадаючы ў большую залежнасць ад суседа ў параўнанні з цяперашнім становішчам Беларусі.
Апазіцыя можа стаць суб'ектам палітыкі ва ўмовах палітычнага крызісу. Аддаленыя яго прыкметы можна было разгледзець вясной гэтага года падчас акцый «недармаедаў». Цалкам натуральна, што яна іх і ўзначаліла. І прыйшлося уладаў з ужываннем грубай фізічнай сілы «выкалупваць разынкі з булак». Як пісаў намеснік старшыні АГП Васіль Палякоў,
Але ствараецца ўражанне, што сітуацыя пачынае змяняцца. Гарачая палітычная вясна стала відавочным сведчаннем крызісу існуючай беларускай мадэлі. Давер насельніцтва да ўлады ўпаў, большасць электарату, які звычайна галасаваў за Лукашэнку, апынуўся ў разгубленасці. І яно гатова прыслухацца да альтэрнатывы. І гэта дае апазіцыі шанец.
Паводле nmnby.eu