Берніковіч: 100 000 подпісаў Караткевіч не сабрала. І ніхто не збярэ

Грамадскі актывіст з Глыбокага напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку»: «Вы пытаецеся, ці сабраў «праект Караткевіч» 100 тысяч подпісаў? Не будзьце наіўнымі! Было сабрана менш паловы ад неабходнай колькасці...»

karatk_1.jpg

Радыё Свабода звязалася са спадаром Берніковічам, каб удакладніць сэнс ягонай заявы.


— Вы сцвярджаеце, што 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата на прэзідэнта, каманда Таццяны Караткевіч не сабрала?

 

Яраслаў Берніковіч

Яраслаў Берніковіч

— Сцвярджаю. Прычым не сабрала нават пры дапамозе сябраў партыяў БНФ і БСДП. Толькі хачу падкрэсліць: я кажу пра сапраўдныя подпісы, а не пра іх агульную колькасць у падпісных аркушах, якія зарэгістраваў ЦВК. Я магу дакладна гэта сцвярджаць, бо каардынаваў збор подпісаў у Менску. І таму кажу: у Менску было сабрана сапраўдных 14 тысяч 603 подпісы. У асноўным гэта подпісы, што збіраліся падчас пікетаў, збіраліся цяжка, у любое надвор’е...

— А як жа тэхналогія «ад дзвярэй да дзвярэй», калі збіральнікі подпісаў ходзяць па кватэрах?

— А па кватэрах у Менску подпісы амаль не збіраліся. І выкарыстоўвалася зусім іншыя методыка: збіральнікаў мэтанакіравана пасылалі па тых адрасах, дзе жывуць журналісты або палітычныя дзеячы... Магу яшчэ дадаць, што і хадзіць асабліва не было каму: вялікая частка пасьведчанняў чальцоў ініцыятыўнай групы так і праляжала ў офісе ўсю выбарчую кампанію. Або туды пазапісвалі людзей выпадковых і абыякавых, і яны ня бралі ўдзелу ў працы, або ў ініцыятыўную групу запісвалі фіктыўна — тут нічога сказаць не магу.

 

Яраслаў Берніковіч на перадвыбарчым пікеце (фота з асабістага архіву)

Яраслаў Берніковіч на перадвыбарчым пікеце (фота з асабістага архіву)

— Тым не менш неабходная колькасьць подпісаў была здадзена ў выбарчыя камісіі. Як жа так атрымалася, калі вы цвердзіце, што подпісы не сабралі?

— На гэтае пытанне ведае адказ хіба што Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнік штабу. Я ведаю, што да якасці подпісаў былі прэтэнзіі. Камісіі заўважалі, дзе подпісы былі несапраўднымі. Але Таццяну Караткевіч зарэгістравалі кандыдатам.

— Яраслаў, тое, што вы кажаце, — гэта вельмі смелыя заявы. Чаму вы робіце іх толькі цяпер, калі пасля выбараў прайшло так шмат часу?

— Па-першае, падчас выбарчай кампаніі я працаваў у штабе Караткевіч у якасці найманага работніка. Гэта накладала пэўныя абавязкі і пэўную адказнасць. Але я ўсё аналізаваў, а потым шмат над гэтым разважаў... Цяпер я бачу, што ў наступную выбарчую кампанію наша дэмакратычная апазіцыя ідзе раз’яднанай. Гэта другая акалічнасць, чаму я больш ня стаў маўчаць. Сёння ніводная апазіцыйная палітычная структура ня можа дзейнічаць у адзіночку, без падтрымкі аднадумцаў зь іншых партыяў і рухаў. Ніхто не сабраў бы цяпер 100 тысяч подпісаў за кандыдата на прэзідэнта, працуючы аўтаномна. І ніхто не зможа аўтаномна працаваць на карысць сваіх кандыдатаў на будучых выбарах. Трэба аб’ядноўвацца і складаць адзіны спіс. Тады будзе карысць, і толькі тады можна будзе пазбегнуць фальсіфікацый — бо гэта ўжо будзе праца, а не імітацыя!

 

Незапатрабаваныя пасведчаньні (фота з асабістага архіву)

Незапатрабаваныя пасведчаньні (фота з асабістага архіву)

Яраслаў Берніковіч падчас мінулай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі працаваў у штабе Таццяны Караткевіч, жыў у Менску. Больш як паўгода таму ён вярнуўся са сталіцы і зноў жыве ў вёсцы Верхняе Глыбоцкага раёну.

karatk5.jpg